Мулішча
Мулі́шча[1] (трансліт.: Mulišča, руск.: Мулище) — вёска ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, за 4 км на паўночны ўсход ад Аздзяцічаў. Уваходзіць у склад Мётчанскага сельсавета.
Гісторыя
Гісторыя пасялення Мулішчы пачынаецца з часоў, калі велізарнымі плошчамі зямлі на Барысаўшчыне валодалі Радзівілы (Барысаўскім староствам, а пасля яго ліквідавання буйным землеўладаннем, у якое яно пераўтварылася). Было гэта пад канец ХVIII — у першай палове XIX стагоддзя. У гэты час ва ўрочышчы Мулішчы перадаецца ў арэнду Іосіфу Аляхновічу 200 дзесяцін зямлі, 130 з якой было ворнай.
Аляхновіч пераязджае жыць на арандуемыя землі, будуе тут двухпавярховы асабняк, лазню, свірны, будынак для захавання садавіны, канюшні, кароўнікі, птушнікі і іншыя збудаванні. Ля дома на двух гектарах закладвае сад. Гаспадарка мела паўсотні коней, каля паўтары сотні буйнога рагатага быдла, сярод якога было 60 дойных кароў, больш сотні авечак. На палях пераважна вырошчваліся зерневыя, зернебабовыя культуры, шматгадовыя злакавыя і бабовыя травы. Асаблівая ўвага надавалася ў гаспадарцы жыту і ячменю, якіх, дарэчы, летам не заўсёды меліся ў дастатковай колькасці. Бульбу і лён у гаспадарцы не вырошчвалі. Чвэрць ворных зямель не апрацоўвалася і прызначалася для выпасу быдла.
Абслугоўвалі гаспадарку 15-17 чалавек. Для іх былі пабудаваны адмысловыя будынкі. Для выканання сезонных работ: апрацоўкі палёў, сяўбы і збору ўраджаю, прыцягваліся наёмныя сяляне з Вяляцічаў. Аднак пастаянныя змены і часовасць працаўнікоў нярэдка даводзіла яе да хаатычнага стану. Усёй гаспадаркай кіраваў прыказчык, для якога таксама быў у садзе пабудаваны дом.
Адносіны арандатара з працаўнікамі-сялянамі склаліся добрыя. Ён да іх ставіўся з павагай, ніколі ад іх не патрабаваў нічога лішняга.
Падчас падзей 1917 года жыхары навакольных вёсак разрабавалі і спалілі маёнтак. Пасля таго некалькі год зямля тут не апрацоўвалася. У 1920 годзе яна была падзелена сярод беззямельных сялян. Асобныя з іх атрымалі кароў і коней са ліквідаваных гаспадарак Занцэвіча і Аляхновіча. Так была ўтворана вёска Мулішчы.
Пасяленцы Мулішчаў не мелі вопыту ў земляробстве — гэта былі былыя батракі Занцэвіча і моцных сялян з Вяляцічаў, якія раней працавалі на лесанарыхтоўках, лесасплавах. Большасць з іх не мела нават коней і ім не было як апрацоўваць зямлю. Даводзілася запазычваць іх у суседзяў. Былі праблемы ў пасяленцаў і з насеннем. Як вынік, іх зямля апрацоўвалася дрэнна, зарастала хмызняком і пустазеллем, а самі яны атрымлівалі невялікія ўраджаі і жылі бедна. Амаль усе пасяленцы, паўтара дзесятка гаспадарак (акрамя Філіпа Рашэтніка і каваля Антона Людвіга), не выходзілі з цяжкага эканамічнага становішча.
У 1930 годзе сялянскія гаспадаркі з Мулішчаў увайшлі ў калгас «Іскра». У 60-х — 70-х гадах XX стагоддзя Мулішчы былі прызнаны неперспектыўнай вёскай. У выніку меней чым за 30 год яе насельніцтва паменшылася амаль у чатыры разы. Зараз Мулішчы — невялікая вёска з насельніцтвам у некалькі дзесяткаў чалавек.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Аздзяціцкага сельсавета[2].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Му́лішча, Мулі́шчы, мн.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 23 верасня 2013. (руск.)
Крыніцы
- Алесь Барэвіч, Гоман Барысаўшчыны, Мулішчы(недаступная спасылка)
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Барысаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.