Міхалова (вёска, Мінск)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Міхалова.
Міхало́ва — колішняя вёска на беразе Мышкі, з 1978 года ў складзе Мінска.
Гісторыя
Згадваецца ў 1557 годзе як двор пана Карэвіча, якому належала сяло Сухараўскае. У 1791 годзе вёска Мехалоў (Мехалов), цэнтр маёнтка (5 вёсак) Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкая ўласнасць Валовіча, панскі двор, 48 дымоў, 2 карчмы. У 1800 годзе панскі двор у Мінскім павеце, уласнасць скарбовага пісара М. Ваіловіча, драўляны панскі дом[1]. У другой палове XIX стагоддзя ўласнікам быў Міхал Абрампольскі[2]. У 1897 годзе маёнтак Сеніцкай воласці, двор, 14 жыхароў; у фальварку двор, 11 жыхароў[1].
У 1917 годзе ва ўрочышчы двор, 7 жыхароў; у фальварку двор, 1 жыхар; на хутары двор, 5 жыхароў; потым 2 двары, 10 жыхароў. Пазней аб’яднаныя ў адну вёску. З 1924 года ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне[3]. 20 студзеня 1960 года вёска пералічана са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсавет[4]. Вёска моцна разраслася ў 1950—1960-я гады[2].
У 1978 годзе ўключаная ў межы горада Мінска. Галоўная вясковая вуліца атрымала назву вуліца Міхалова, другарадныя — 1-ы, 2-гі, 3-ці, 4-ы, 5-ы завулкі Міхалова. Пры будаўніцтве ў 1979—1985 гады мікрараёна Паўднёвы-Захад-4 была знесеная большая частка дамоў па вуліцы Міхалова. У 2000 годзе 5-ы завулак Міхалова пераназваны ў вуліцу Русановіча, у 2010—2012 гадах амаль цалкам знесены[2]. У 2010-х гадах пры будаўніцтве мікрараёнаў Міхалова-2 і Міхалова-3 знесеная рэшта вясковых дамоў.
Сучаснасць
Назву Міхалова маюць мікрараён, станцыя метро Міхалова, вуліца Міхалоўская. На 2017 год захаваліся вясковыя дамы ў заходняй частцы вуліцы Міхалова, але гэта дамы колішняй вёскі Сухарава.
У 2016 годзе ў Міхалове пры будаўніцтве новага мікрараёна былі знойдзеныя фрагменты арабскага дырхема X стагоддзя і пражскага гроша XIV стагоддзя, бронзавы крыжык XI-XII стст. і керамічны посуд XI—XII ды XVI-XVII стст[5].
Страчаная спадчына
- Сядзіба Абрампольскіх. Драўляны аднапавярховы будынак сядзібы Абрампольскіх у 1930-х быў прыстасаваны пад вясковую школу, верагодна менавіта ў той час абкладзены цэглай. У 1960-я, калі да невялікага будынка быў дабудаваны яшчэ адзін аб’ём. У пачатку 1980-х былая вясковая школа была прыстасавана пад гарадскую раённую школу мастацтваў з прыбудовай дадатковых памяшканняў. Вакол былой сядзібы захаваліся старыя пасадкі дрэваў — рэшткі сядзібнага парка[2]. Будынак знесены ў 2010-я гады.
Зноскі
- 1 2 Памяць, 1998, с. 605
- 1 2 3 4 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Міхалова (нявызн.) (недаступная спасылка). nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Минск : энциклопедический справочник, 1983, с. 270
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ У Міхалове знайшлі фрагмэнты манэтаў і крыжык з паселішча X стагодзьдзя (нявызн.). svaboda.org (6 траўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2017. Праверана 10 кастрычніка 2017.
Літаратура
- Міхалова // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Михалово // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Міхалова (вёска, Мінск) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VI (Malczyce — Netreba), 1885. — S. 301 (польск.)
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org.
Спасылкі
- Зьміцер Бартосік Эмігранты ў сваёй зямлі (нявызн.). svaboda.org (18 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2017. Праверана 17 кастрычніка 2017.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.