wd wp Пошук:

Нараў (Падляскае ваяводства)

На́раў[2], Нарва (польск.: Narew, падляск.: Nárva[3]) — вёска ў Польшчы, на рацэ Нарве. Цэнтр сельскай гміны Гайнаўскага павета Падляскага ваяводства. Насельніцтва на 2013 год — 1436 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Гайнаўкі, за 35 км на поўдзень ад Беластока, на аўтамабільнай дарозе W685.

Гісторыя

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

Каля 1421 года бельскія мяшчане заснавалі на ракой Нарвай паселішча пры Кракаўска-Віленскім гасцінцы. 27 чэрвеня 1514 годзе Нарва на хадайніцтва Альберта Гаштольда, старосты бельскага, атрымала Хэлмінскае права. У 1529 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў гораду Магдэбургскае права, пацверджанае 28 сакавіка 1535 года. Неўзабаве тут збудавалі каралеўскі двор (на дарозе з Вільні ў Варшаву). У 1545 годзе Нарва атрымала герб: «у чырвоным полі срэбная серна з залатымі рагамі і капытамі»[4]. У XVI ст. у месце дзейнічалі царква Узвіжання Святога Крыжа і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, мяшчане займаліся галоўным чынам рамёствам і сельскай гаспадаркай, а таксама лоўляй рыбы.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Нарва перайшла да Каралеўства Польскага. Паводле люстрацыі 1576 года, тут было 236 будынкаў, сярод якіх 178 з зямельнымі надзеламі, працавалі 2 млыны і 14 корчмаў (12 піўных і дзве мядовыя); сярод рамеснікаў 12 калёснікаў, 2 кавалі, бондар, 7 рыбакоў, 2 шаўца і 2 рэзнікі. На мяжы XVI—XVII стагоддзяў утварылася Нараўскае стараства. Развіццё горада спынілася з знішчэннямі ў час Паўночнай вайны, у выніку якой з ранейшых 300 пляцаў у Нарве засталося толькі 24.

Пад уладай Прусіі і Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Нарва апынулася ў складзе Прусіі, з 1807 года — паводле Тыльзіцкага міру, у складзе Расійскай імперыі, у Бельскім павеце Беластоцкай вобласці. На 1845 год у мястэчку было 108 будынкаў.

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Нарву занялі войскі Германскай імперыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нарва абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Нараў Бельскага павета Беластоцкага ваяводства. У 1934 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Нарву акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа. У лістападзе 1939 года Нарва ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласць. З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года вёска зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Германіі. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Нарву Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадах вёска ўваходзіла ў склад Беластоцкага ваяводства.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1845 год — 725 чал.[5]; 1857 год — 994 чал., з іх 533 праваслаўныя, 309 каталікоў і 152 іўдзеі[6]
  • XX стагоддзе: 1921 год — 963 чал., з іх паводле веры 307 каталікоў, 237 праваслаўных і 419 іўдзеяў; паводле нацыянальнасці (згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай) 568 палякаў, 51 беларус і 344 яўрэі[7]
  • XXI стагоддзе: 2013 год — 1436 чал.

Славутасці

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагменты)
  • Капліца Святога Вінцэнта (1840—1848)
  • Касцёл Святога Станіслава і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі[8] (1775, перабудова фасаду ў 1852—1882), званіца (1772)
  • Кіркут (XIX—XX стагоддзі; руіны)
  • Могілкі: каталіцкія, праваслаўныя
  • Парафіяльны дом (XIX ст.)
  • Царква Узвіжання Святога Крыжа[9] (1882; мураўёўка)

Страчаная спадчына

  • Капліца Маці Божай (каля 1726, згарэла ў 2000)
  • Новая сінагога (каля 1915, згарэла ў 1973)[10]
  • Старая сінагога (пачатак XIX ст., згарэла ў пачатку XX ст.)

Галерэя

  • Славутасці Нарвы
  • Касцёл Святога Станіслава і Унебаўзяцця
  • Капліца Святога Вінцэнта
  • Царква Узвіжання Святога Крыжа
  • Праваслаўныя могілкі

Зноскі

  1. Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych.(польск.) . Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
  3. Pudlaśki nazvy. Narva(нявызн.). svoja.org. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  4. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 204.
  5. Krzywicki J. Narew // Słownik geograficzny… T. VI. — Warszawa, 1885. S. 910.
  6. Бобровский П.О. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния. Часть 1. Приложения, Санкт-Петербург: Тип. департамента генерального штаба, 1863, Приложение Н 60(руск.) . Электронная энциклопедия и библиотека Руниверс. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  7. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 19.
  8. NAREW — Parafia Wniebowzięcia NMP i św. Stanisława Biskupa i Męczennika(польск.)  (недаступная спасылка). Diecezja drohiczyńska. Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  9. Parafia Prawosławna w Narwi(польск.) . Gmina Narew. Oficjalna strona internetowa. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  10. Synagoga (Narew)(польск.) . Wirtualny sztetl. Праверана 15 кастрычніка 2015.

Літаратура

Спасылкі

Шаблон:Гміна Нараў

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Гайнаўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be