wd wp Пошук:

Новадзевяткавічы

Новадзевя́ткавічы[1] (трансліт.: Novadzieviatkavičy, руск.: Новодевятковичи) — аграгарадок у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Новадзевяткавіцкага сельсавета.

Геаграфія

Знаходзіцца за 29[2] км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Слонім, за 177[2] км ад Гродна, за 30[2] км ад чыгуначнай станцыі Слонім, каля левага берага ракі Грыўда.

Гісторыя

Упершыню Дзевяткавічы згадваюцца 11 мая 1598 года ў актах слонімскага суда, калі падстараста Іван Ілля Мялешка запісаў, што з двара Дзевяткавічы яго міласці маршалка Абрагама Мялешкі збеглі два халопы. Род Мялешкаў герба «Корчак» вядомы у Вялікім Княстве Літоўскім з XV стагоддзя, у Слонімскім павеце меў шэраг маёнткаў, сярод якіх называюцца Іванькаўшчына, Ліпнікі, Падгародная, Бусяж, Дзевяткавічы і іншыя.

У 1598 годзе, згаданым у актах, Абрагам Данілавіч Мялешка быў слонімскім павятовым маршалкам. Пасля яго смерці павятовым маршалкам стаў яго пляменнік Іван Ілля. У Слонімскім павеце Іван Ілля валодаў Дзевяткавічамі і Бусяжам (у 1606, 1609 і 1621 гадах купіў у Эстэр — удавы Іцхака Міхелевіча). Пасля смерці Івана Мялешкі Дзевяткавічамі валодалі яго жонка і дзеці.

У 1677 годзе Тэадор Мялешка прадаў сваю частку маёнтка Дзевяткавічы Аляксандру Казіміру Слізню. З гэтага часу і да 1939 года гаспадарамі Дзевяткавіч былі прадстаўнікі шляхецкага роду Слізняў.

У 1779 годзе Тадэвуш Слізень пабудаваў драўляны касцёл у Старых Дзевяткавічах, а потым цагляны (Святых апосталаў Пятра і Паўла) ў Новых. Петрапаўлаўскі храм будаваўся ў стылі барока як родавы касцёл-пахавальня Слізняў.

Да пачатку XIX стагоддзя род Слізняў дасягнуў найвышэйшага свайго багацця і ўплывовасці. Уладанні іх значна пашырыліся. Толькі ў Слонімскім павеце Слізні валодалі фальваркамі Забулле, Зосін, Чырвоны Стаў, Махнач, Акунінава і іншымі.

Ужо ў пачатку XIX стагоддзя маёнтак Слізняў пішацца ў дакументах, як Новыя Дзевяткавічы, а былыя Дзевяткавічы з гэтага часу становяцца Старымі Дзевяткавічамі і пераходзяць да шляхецкага роду Калупайлаў. Спачатку вёска дасталася памешчыцы Калупайлавай — Астраменіцкай (якая недалёка ад Старых Дзевяткавіч, у Падгароднай, пабудавала драўляны аднапавярховы сядзібны дом), а потым яе сыну Людвіку (1803—1850 гг.). У Новых Дзевяткавічах на старых каталіцкіх могілках дагэтуль стаяць два магільных склепа Калупайлаў: адзін напалову разбураны, іншы, з мемарыяльнай табліцай, знаходзіцца ў лепшым стане.

У сярэдзіне XIX стагоддзя Альфрэд Слізень узводзіць у Новадзевяткавічах магутны замак на «англійскі густ». Будынак не захаваўся, але да нас дайшла акварэль Напалеона Орды 1860-х гадоў, дзе палац намаляваны з тыльнага боку. Велічны трохпавярховы будынак накрыты «старапольскім» мансардавым дахам: з тарца ўзвышаецца прамавугольная ў сячэнні вежа, прыгонны характар ​​якой узмацняецца навіслымі па кутах круглымі пінаклямі і зубчастым парапетам. На вежы меўся флагшток, вымпел якога сведчыў аб прысутнасці ў палацы ўладальніка. Супрацьлеглы тарэц будынка завяршылі дзве двух’ярусныя вуглавыя вежы з зубчастымі парапетамі. Прыгонную сярэдневяковую суровасць будынка некалькі змякчала прыбудаваная з тарцовага боку зашклёная аранжарэя. Перад палацам быў парк рэгулярнай планіроўкі, які велічнай ліпавай алеяй злучаўся з касцёлам. У палацы была найбагацейшая бібліятэка, кнігі ў якой збіралі на працягу пяці стагоддзяў. Палац знік у 1944 годзе: яго ўзарвалі партызаны.

Сям’я Слізняў была каталіцкай, і першы касцёл пабудаваў яшчэ Аляксандр Слізень. Ён пабудаваў невялікі касцёл як пахавальню роду Слізняў. Яго ўнук, Тадэвуш, вырашае гэты драўляны касцёл разабраць, а на яго месцы пабудаваць каменны касцёл. Будаўніцтва ён пачаў у 1786 годзе. Але ў 1790 годзе Тадэвуш Слізень памёр. Касцёл быў практычна дабудаваны, у гэтым касцёле Тадэвуш і спачыў. Дабудоўвала касцёл жонка брата Тадэвуша, Сцяпана, — Соф’я Чацвярцінская, новая ўладальніца Новадзевяткавічаў. Касцёл быў пабудаваны ў барочна-класічным стылі, багата дэкараваны, распісваў яго знакаміты мастак Фелікс Кашубскі, а іконы для касцёла пісаў знакаміты мастак Павел Фрыгідэр. Соф’я Чацвярцінская зрабіла вельмі шмат для Новадзевяткавіч. Акрамя касцёла яна пабудавала дом ксяндза, школу, шпіталь. Памерла Соф’я Чацвярцінская ў 1808 годзе. Яе труну паставілі ў склепе касцёла з надпісам на магільнай пліце: «Жыла не для сябе, а для Бога, і без веры ў Бога не зрабіла ніводнага кроку». У 1863 ксяндзом у касцёле быў Васілеўскі, які сустракаў і праводзіў паўстанцаў Каліноўскага з малітвай. За гэта ён быў арыштаваны і высланы ў Сібір.

У 1866 годзе ў адказ на ўзброеныя хваляванні па загадзе гродзенскага губернатара І. М. Скварцова Новадевяткавіцкі касцёл быў зачынены. У 1869—1871 гадах згодна з праектам гродзенскіх губернскіх архітэктараў Ціхвінскага і Кржыжаноўскага ён быў перабудаваны пад царкву і набыў рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Званніца была заменена васьмігранным барабанам з макаўкай, а галоўны ўваход аформлены старажытнарускім рундукам. Тры алтары былі счэсаны, падалтарную крыпту, дзе былі пахаваны астанкі прадстаўнікоў роду Слізняў, замуравалі. Вядома, што сёння астанкі графаў Слізняў пахаваны ў падалтарнай крыпце Свята- Траецкай царквы (былым касцёле бернардзінцаў) Слоніма.

Рэканструкцыі падвергнуўся і старадзевяткавіцкі касцёл, які пасля перадачы праваслаўным вернікам стаў Свята-Параскеўскай царквой. Праваслаўная царква была тут да 1921 года. Калі там была тэрыторыя Польшчы, царква зноў стала касцёлам. Але ў 1939 годзе храм зачынілі бальшавікі. Пры немцах яго адкрылі, і толькі ў 1944 годзе партызаны спалілі касцёл. Людзі пасля вайны адрамантавалі храм, але маліліся ў ім нядоўга: бальшавікі храм зачынілі і зрабілі з яго склад. Толькі нядаўна будынак касцёла быў вернуты каталікам.

Пасля смерці Альфрэда Слізня Новадзевяткавічы перайшлі ў валоданне да яго дачок Канстанцыі і Соф’і. У 1880-я каля маёнтка пачалося будаўніцтва «манежа», або, як кажуць старажылы, іпадрома.

У 1911 годзе ўладальнікам Новадзевяткавіч стаў Альгерд Слізень, у той час яшчэ зусім малады чалавек. Пасля заканчэння Старавецкай васьмігадовай школы, а потым Варшаўскага камерцыйнага вучылішча Альгерд быў прызваны ў армію і адважна ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны. Грамадзянскую вайну паручнік Слізень сустрэў у акопах 1-га ўкраінскага фронту.

Затым прыйшоў час адноснага спакою і дабрабыту. У 1920-я гады ў Новадзевяткавічах зноў аднавілі касцёл, прыход якога ў 1932 годзе налічваў 108 чалавек. У 1939 годзе на Слонімшчыну вярнулася савецкая ўлада, і старыя гаспадары былі вымушаны бегчы за мяжу. На гэтым перыяд «шляхецкіх вольнасцей» у Дзевяткавічах скончыўся.

У імкненні зрабіць усіх роўнымі новая ўлада зраўняла з зямлёй усё, што было назапашана пакаленнямі вяльможных уладальнікаў. Ад Калупайлаў засталіся два склепы на старых каталіцкіх могілках, а ад Слізняў крыху больш — касцёл, царква, рэшткі палаца і парк, праўда, зарослы і не такі дагледжаны, але такі ж маляўнічы і вабны, як і 300 гадоў таму.

На каталіцкіх могілках у Новадзевяткавічах захавалася капліца, склеп роду Слізняў. Гэтыя могілкі ўнікальны для ўсёй Беларусі, таму што рэдка дзе можна знайсці ў Беларусі пахаванні XVIII стагоддзя.

На ўскраіне Новадзевяткавіч ляжыць старажытны валун з высечанымі на ім ромбам і прамавугольнікамі, што з’яўляецца доказам таго, што на гэтым месцы раней жылі яцвягі, плямёны балтыйскага паходжання. Недалёка ад валуна знаходзяцца старадаўнія пахаванні яцвягаў.

Насельніцтва

  • 2000 год — 624 жыхары, 227 двароў[2].

Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Но́выя Дзевя́ткавічы
  2. 1 2 3 4 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8. — С. 358.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Слонімскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be