wd wp Пошук:

Новая Беліца (Гомель)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Новая Беліца.

Беліцкі краявід з паўднёвага захаду. Малюнак з карты Беларуска-Магілёўскай губерні, першая палова ХІХ ст.
Беліцкі краявід з паўднёвага захаду. Малюнак з карты Беларуска-Магілёўскай губерні, першая палова ХІХ ст.

Новая Беліца, або проста Беліца — былы горад, далучаны да Гомеля як прадмесце ў 1854 годзе; былое прадмесце ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, на левым беразе р. Сож. У наш час тэрыторыя Новай Беліцы ўваходзіць у склад Навабеліцкага раёна горада.

Тэрыторыя былога прадмесця ўмоўна абмежавана на поўначы 1-я вул. Луначарскага і зав. Бабушкіна, на ўсходзе вуліцамі Паркавай, Кааператыўнай, Войкава, на поўдні 1-м Севастопальскім завулкам і вул. Кавалерыйскай, на захадзе левым берагам ракі і возерам Шапар (Шатыр).

Гісторыя

Акалічнасці ўзнікнення Новай Беліцы звязаны з імем графа, генерала-фельдмаршала П. А. Румянцава-Задунайскага, якому ў 1775 годзе па ўказу расійскай імператрыцы Кацярыны II «падараваны для пацехі» Гомель, які з’яўляўся ў той час адным з павятовых цэнтраў Рагачоўскай правінцыі. Новы ўладальнік, які лічыў залішняй прысутнасць у Гомелі павятовых чыноўнікаў, чые функцыі пасля прыгнечання паўстання пад правадырствам Е. Пугачова значна пашыраліся, скарыстаўшыся сваім уплывам, асабістымі сувязямі ў сенаце і добразычлівасцю імператрыцы, настаяў на пераўтварэнні Гомеля ў прыватнаўласніцкае мястэчка (1777) пры ўмове ўзвядзення побач з ім новага павятовага цэнтра. Месца для новага цэнтра было знойдзена зы 3 вярсты ад Гомеля, на левым беразе р. Сож. Там, у нізіннай мясцовасці, паміж пяскоў і балот існавала каля 20 стараверскіх двароў, якія зваліся Шчакатоўскай дачай, і два дамы перасяленцаў з вёскі Каранёўка (цяпер у Гомельскім раёне), што зваліся Каранёўскай дачай (дача — казённы ўчастак зямлі пад лесам).

Будаўніцтва Новай Беліцы вялося ў 17771786 гг. У гэты перыяд павятовая адміністрацыя знаходзілася ў мястэчку Беліца за 20 км на паўночны захад ад Гомеля, якое і дало назву новаму павятоваму цэнтру. У 1770-я гады Новая Беліца складалася з адной вуліцы ўздоўж дарогі на Гомель (вул. Шашэйная, цяпер вуліца Ільіча). У 1778 г. зацверджаны генеральны план горада, вырашаны ў рысах класіцызму. Планавалася пабудаваць прамавугольны ў плане населены пункт з 52 ідэнтычных квадратных кварталаў, абнесеных земляным валам, з 3 плошчамі: у цэнтры з адміністрацыйным будынкам, на поўначы з хлебнымі і мяснымі радамі, на поўдні з гаўпвахтай і магазінам. На поўдні планавалася пабудаваць раён з 2 прамавугольнымі кварталамі і плошчай з магазінам і цэйхгаўзам. Генплан галоўным чынам быў выкананы, спарадкавана планіровачная структура, аднак горад набыў больш маляўнічы характар, падпарадкаваны рэльефу мясцовасці: асноўныя плошчы былі вынесены да набярэжнай р. Сож, цэнтрам кампазіцыі стаў гасціны двор, з поўначы і поўдня ад якога былі сфарміраваны 2 плошчы. З усходу да асноўнай тэрыторыі горада прылягаў фарштат, з паўднёвага захаду — кварталы купецкіх складаў.

Новая Беліца на плане Гомеля і ваколіцаў. 1838

У 1781 г. гораду пададзены герб: «у блакітным полі рысь, якая ляжыць». У 1786 г. у Новую Беліцу пераведзена павятовая адміністрацыя. З 1796 г. горад — цэнтр Беліцкага павета Беларускай, з 1802 г. — Магілёўскай губерні. У пачатку ХІХ ст. стала адным з месцаў, куды падлягалі перасяленню жыхары Гомеля ў сувязі са зносам забудовы старога горада[1]. Выкліканы да жыцця штучнымі мерамі, новы горад доўгі час гібеў: складаўся цалкам з драўляных пабудоў і доўгі час не меў нават уласнай царквы. У 1788 г. гарадскія ўлады па прычыне малога даходу не змаглі адпусціць і 500 руб., неабходных на забеспячэнне невялікага вучылішча. У пачатку XIX ст. некалькі дамоў навабеліцкіх старавераў прынялі аднаверства і клапаталі пра стварэнне у горадзе царквы, але з-за малой колькасці аднаверцаў гэты намер не ажыццявіўся. У 1828 г. у Новай Беліцы пабудавана Васільеўская праваслаўная царква (неўзабаве згарэла), у 1842 г. пабудавана Мікольская праваслаўная царква (не захавалася). З 1831 да 1890-х гадоў у мястэчку дзейнічаў цукровы завод. У сярэдзіне XIX ст. навабеліцкім жыхарам была перададзена царква скасаванага ў 1850 г. стараверскага Пахом’ева манастыра ва ўрочышчы Чонскі абрыў, якая была перабудавана ў драўляную Аляксандра-Неўскую царкву (асвячоная ў 1861 г.; не захавалася).

У 1852 г. новы ўладальнік Гомеля князь І. Ф. Паскевіч-Эрыванскі дамогся пераводу павятовага цэнтра з Новай Беліцы назад у Гомель. Новая Беліца была абвешчана пазаштатным горадам, а ў 1854 г. далучана да Гомеля як прадмесце. У канцы XIX — пачатку XX стст. Новая Беліца ўяўляла сабой тыповую гарадскую ўскраіну. На жоўтым сыпкім пяску (у наш час некаторыя навабеліцкія вуліцы маюць своеасаблівую напаўуласную назву — «На пясках») абапал дарогі на Гомель размяшчаліся шэрагамі прамыя і шырокія вуліцы, забудаваныя драўлянымі хатамі.

Цэнтральнай вуліцай Новай Беліцы з’яўлялася вул. Шашэйная (цяпер вуліца Ільіча). У 1880 г. у прадмесці былі 3 каменныя і 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя праваслаўныя царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, аднакласнае прыхадское вучылішча з жаночай зменай, 4 крупадзёркі і 4 ветракі; пражывала 869 чалавек жаночага і 777 чалавек мужчынскага полу. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз р. Сож.

Прадмесце Беліца на плане Гомеля. 1913

У пачатку XX у Новай Беліцы існавалі запалкавая фабрыка «Везувій», лесапільная фабрыка і лесапільна-бандарны завод (цяпер «Гомельдрэў»), гарадскія бойні (цяпер мясакамбінат). Новая Беліца адгружала каля 60 тысяч пудаў лясных і часткова хлебных грузаў у год. Жыхары галоўным чынам былі заняты на мясцовай і гомельскай фабрыках, займаліся адходнымі промысламі. Сухая, здаровая мясцовасць, блізкасць хваёвага леса і маляўнічае возера Шапар прыцягвалі ў Новую Беліцу гомельскіх дачнікаў (дачная мясцовасць размяшчалася за лініяй чыгункі).

Станам на 1914 г. адносілася да 1-й паліцэйскай часці Гомеля[2].

Галерэя

  • Чыгуначная станцыя, 1887 г.Чыгуначная станцыя, 1887 г.
  • Гомельскі «омнібус» у Новай Беліцы, 1918 г.Гомельскі «омнібус» у Новай Беліцы, 1918 г.
  • Кайзераўскія салдаты на ганку аднаго з будынкаў, 1918 г.Кайзераўскія салдаты на ганку аднаго з будынкаў, 1918 г.
  • Царкава Аляксандра Неўскага, 1918 г.Царкава Аляксандра Неўскага, 1918 г.
  • Атмасфера прадмесця, 1918 г.Атмасфера прадмесця, 1918 г.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 140.
  2. Памятная книжка Могилевской губернии на 1914 год. — Могилев губ. : Губернская типография, 1914. — Отд. III. — С. 74.

Літаратура

  • Новая Белица // Гомель. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. ISBN 5-85700-054-8

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Гомеля
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be