Першамайск (Шчучынскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Першамайск. У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Першамайская. Першамайск (трансліт.: Pieršamajsk, руск.: Першемайск, да 1954 года — Сабакінцы, да 2011 года — Першамайская[1]) — аграгарадок у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Першамайскага сельсавета.
Геаграфія
Знаходзіцца за 54 км у напрамку на поўнач ад горада Шчучын, за 72 км ад Гродна, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы[2].
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Сабакінцы (пад назвай Заблоцце) датуецца 1540 годам, калі яны знаходзіліся ў трыманні Сымона Мацкевіча. У 1550 годзе паселішча перадалі ўцекачу з Маскоўскай дзяржавы Міхалу Сабакіну, ад прозвішча якога і ўтварылася новая назва. З даўніх часоў існавала царква, якая мела звон са славянскім надпісам (1506) і не менш старажытны цудоўны абраз Маці Божай[3]. У 1676 кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Сабакінцам Магдэбургскае права, пацверджанае ў 1755 Аўгустам Сасам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Сабакінцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Станам на 1866 год у мястэчку было 8 будынкаў; уладанне нашчадкаў Кіпрыяна Шалевіча. На 1886 год — валасная ўправа, царква, школа (у 1886—1887 гг. 41 вучань), крама, карчма. З 1901 г. працавала аднакласая царкоўна-прыходская школа. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне Шалевічаў (346 дзесяцінаў зямлі).
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Сабакінцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. Станам на 1921 разам з фальваркам мястэчка лічыла 65 будынкаў. У 1931 годзе паселішча атрымала статус горада; дзейнічалі гмінная ўправа, касцёл, царква, пошта; кожны тыдзень адбываліся таргі.
У 1939 годзе Сабакінцы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час існавалі аднайменныя вёска (113 двароў) і хутар (10 двароў). 16 ліпеня 1954 г. савецкія ўлады перайменавалі Сабакінцы ў Першамайскую, а сельсавет у Першамайскі[4]. Станам на 1 студзеня 2001 г. тут было 185 двароў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1866 — 116 чал., з іх 81 каталік, 26 праваслаўных, 9 іўдзеяў[5]; 1882 — 178 чал.; 1886 — 106 чал.
- XX стагоддзе: 1905 — 163 чал.; 1921 — 276 чал.; 1940 — 490 чал. у вёсцы Сабакінцы, 59 чал. на хутары Сабакінцы; 2000 — 456 жыхароў, 182 двары[2].
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2001 — 443 чал.[6]
Інфраструктура
У Першамайскай працуюць сярэдняя школа і бальніца.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (1918)
- Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы (2-я палова XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Сядзіба
Памятныя мясціны
- Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну[2].
- Брацкая магіла партызан і ахвяр фашызму[2].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 3 4 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12.
- ↑ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку XX ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гродненской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Sobakińce // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 939.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.— 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Першамайская // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12). — С. 308.
- Sobakińce // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 939.
- Лаўрэш Леанід. Сабакінцы // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 22-42. Архівавана 11 ліпеня 2020. // на pawet.net
- Спіс парафіян Сабакінскай царквы ў 1829 г. // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 22-42. // на pawet.net
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Першамайск (Шчучынскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.