wd wp Пошук:

Прудок (Мазырскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Прудок.

Прудо́к[1] (трансліт.: Prudok, руск.: Прудок) — аграгарадок у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Прудкоўскага сельсавета.

Паблізу ад вёскі радовішча жалязняку і бурага вугалю.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 9 км на захад ад Мазыра, 6 км ад чыгуначнай станцыі Козенкі (на лініі Калінкавічы(руск.) бел. — Оўруч), 142 км ад Гомеля.

Гідраграфія

На рацэ Тур (прыток ракі Прыпяць).

Транспартная сетка

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарогах, якія адыходзяць ад Мазыра. Планоўка складаецца з доўгай прасталінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Група дзяўчын у новых касцюмах з вышыўкай, в. Прудок Мазырскага павета Мінскай губерні. Фота І. Сербава, 1912

Па пісьмовых крыніцах вядомая з пачатку XVI стагоддзя як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1515 паведамляецца пра вёску ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага». Пазначаная на геаграфічнай карце Мінскага ваяводства канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. З 1869 дзейнічала царква. У 1876 годзе дваранін Жудра валодаў у вёсках Прудок і Шарэйкі 443 дзесяцінамі зямлі, памешчык Кнабендорф — 180 дзесяцінамі зямлі, а дваранін Баляслаў Янавіч Лянкевіч у вёсках Прудок і Хамічкі 2985 дзесяцінамі зямлі і 2 карчмамі. У 1885 годзе 2 вадзяныя млыны. Паводле перапісу 1897 годзе дзейнічалі царква, хлебазапасны магазін, заезны двор. Побач знаходзілася сядзіба — царква, вадзяны млын). У 1905 годзе адкрыта школа, якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1908 годзе для яе пабудаваны ўласны будынак. У 1908 годзе ў Слабада-Скрыгалаўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. У выніку пажару 28 красавіка 1909 г. згарэла 28 двароў. Салдаты запаснога палка ў 1914 разграмілі сядзібу памешчыцы Лянкевіч. У 1917 годзе ў Слабадской воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

У 1922 годзе створана рабочая сельскагаспадарчая арцель «Асілак». З 20 жніўня 1924 цэнтр Прудкоўскага сельсавета Мазырскага, з 5 кастрычніка 1926 Слабадскога, з 4 жніўня 1927 г. Калінкавіцкага, з 27 верасня 1930 г. Мазырскага раёнаў Мазырскага (да 26 ліпеня 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 г. па 20 лютага 1938) акругі, з 20 лютага 1938 г Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельская абласцей.

У 1929 годзе арганізаваны калгасы «Праўда» і «X з’езд Саветаў», працавалі крухмальны завод (з 1927 года), вятрак, крупадзёрка (з 1929 года), 2 кузні, кравецкая майстэрня. Пачатковая школа ў 1930-я гады ператворана ў 7-гадовую (у 1935 195 вучняў). Падчас Вялікай Айчыннай вайны 10 студзеня 1944 года вызвалена ад нямецкай акупацыі. У баях каля вёскі загінулі 59 савецкіх салдатаў (пахаваны ў брацкай магіле на могілках). 101 жыхар загінуў на фронце. Паводле перапісу 1959 года цэнтр Мазырскай дзяржаўнай занальнай сортавыпрабавальнай станцыі «Прудок» і дапаможнай гаспадаркі дома-інтэрната інвалідаў. Дзейнічаюць дапаможная гаспадарка «Сельгасхіміі», пладова-агароднінны завод, млын, тартак, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, крама.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2004—313 гаспадарак, 820 жыхароў.

Дынаміка

  • 1795 — 32 двары, 126 жыхароў.
  • 1834 — 43 двары, 228 жыхароў.
  • 1885 — 250 жыхароў.
  • 1897 год — 59 двароў, 384 жыхара; у сядзібе 5 двароў, 20 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 — у вёсцы 62 двара, 466 жыхароў; у сядзібе 44 жыхара.
  • 1917 — 577 жыхароў.
  • 1925 — 99 двароў.
  • 1959 — 837 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2000 — 312 двароў, 812 жыхароў[2].
  • 2004 — 313 гаспадарак, 820 жыхароў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 48. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мазырскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be