wd wp Пошук:

Пудакоў

Пудако́ў[1] (трансліт.: Pudakoŭ, руск.: Пудаков) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Гісторыя

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай

Найранейшая на сёння згадка пра Пудакоў сустрэтая ў тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага 1734 года. Паселішча належала да часткі Брагінскага маёнтка, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага паны Сілічы[2]. У 1754 годзе з 6 двароў (×6 — прыкладна 36 жыхароў) хутара Пудакоў Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 3 злотых, 18 грошаў[3]. У тым жа годзе маёнтак (у т. л. Пудакоў) быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Расійская імперыя

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[4]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Пудакоў названы ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[5]. Але паселішчы тыя ў большасці пан М. Аскерка трымаў у заставе ад паноў Ракіцкіх, да якіх яны і вярнуліся.

Пудакоў на карце Мінскай губерні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

У шляхецкіх рэвізіях 1811 і 1816 гадоў сказана, што фальварак Пудакоў з 12 прыгоннымі, дзедзічны графа Міхала Ракіцкага, але ў заставе ў стражніка Рафала Аскеркі быўшы, арандаваў пісар, потым суддзя рэчыцкі Пётр, сын Сымона, Бельскі, а эканомам у яго на 1811 год — Юзаф Шкарупскі[6]. Згодна з «Фармулярнай ведамасцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 года, вёска Пудакоў з 35 душамі мужчынскага і 33 душамі жаночага полу нібыта яшчэ належала пану Рафалу Аскерку[7], які спачыў, аднак, у 1818 годзе[8].

Згодна са звесткамі энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1850 годзе у Пудакове было 19 двароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 246 жыхароў вёскі Пудакоў з’яўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[9].

У парэформенны час вёска — у Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Пудакоў заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[10]. Перапіс 1897 года засведчыў у Пудакове наяўнасць 71 двара з 458 жыхарамі, капліцы, ветрака. У 1909 годзе ў вёсцы было 107 двароў, 660 жыхароў[11].

Найноўшая гісторыя

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пудакоў у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[12].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска Пудакоў — цэнтр Пудакоўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны прамень», працавалі вятрак і кузня. 67 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле перапісу 1959 года ў Пудакове налічвалася 528 жыхароў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  3. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  4. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  5. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  6. НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 18, 268; Спр. 244. А. 65—67
  7. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  8. Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 208
  9. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 681
  10. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
  11. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 166
  12. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Хойніцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1927 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be