wd wp Пошук:

Пула

Пу́ла[1] — горад у Харватыі, на заходнім узбярэжжы паўвострава Істрыя ў Адрыятычным моры. Насельніцтва — 57 460 чалавек (перапіс 2011 года). Пула — найбуйнейшы горад Істрыі, размешчаны амаль на самай ускрайку паўвострава. Звязаны рэгулярнымі міжгароднімі аўтобуснымі лініямі з іншымі буйнымі харвацкімі гарадамі, а таксама з Італіяй і Славеніяй. З Пулы вядзе шаша ўздоўж узбярэжжа ў бок гарадоў Ровінь, Порач і Умаг (A9); а таксама да Рыекі і далей да астатняй Харватыі.

Побач з горадам размешчаны міжнародны аэрапорт.

Насельніцтва занята ў турыстычнай галіне, рыбалоўстве і рыбапераапрацоўцы, вінаробстве, суднабудаванні, вытворчасці вырабаў са шкла, будаўнічай індустрыі. Суднаверф Uljanik.

Гісторыя

Пула была заснавана старажытнымі грэкамі, стаўшы адной з першых грэчаскіх калоній на поўначы Адрыятыкі. Росквіт горада прыпаў на эпоху Старажытнага Рыма. Рымляне ацанілі важнае стратэгічнае становішча горада, пры іх Пула становіцца найбуйнейшым і найважнейшым горадам Істрыі, вядомым пад назвай Pietas Iulia Pola. Шматлікія славутасці рымскіх часоў, якія захаваліся да нашых часоў, добра ілюструюць магутнасць і важнасць горада ў гэту эпоху.

З 478 года, часу падзення Заходняй Рымскай імперыі, і па 1150 год, калі горад стаў належаць Венецыі, Пулай, як і ўсёй Істрыяй, валодалі лангабарды, остготы, франкі, славяне. Апошнія прыйшлі на Істрыю ў VII стагоддзі.

Венецыянскай рэспубліцы горад належаў больш за 600 гадоў аж да яе падзення ў 1797 годзе. У XIV, XV і XVI стагоддзях горад нярэдка апыняўся на пярэдняй лініі войнаў, якія Венецыя вяла з Генуяй і з Габсбургамі за панаванне над Адрыятыкай. Некалькі разоў у час гэтых войнаў Пула акупавалася варожымі арміямі, некаторыя старажытнарымскія помнікі былі цалкам разбураны.

Пасля заканчэння войнаў з Напалеонам у 1813 годзе Пула зноў адышла да Аўстрыі.

Дрэдноўты ВМФ Аўстра-Венгрыі класа «Тэгетгоф» у гавані Пулы

Пасля Першай сусветнай вайны, у 1920 годзе згодна з Рапальскім дагаворам Пула разам з усім паўвостравам Істрыя перайшла Італіі, у той час як астатняя Далмацыя ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, пазней Каралеўства Югаславія.

У 1943 годзе, пасля капітуляцыі Італіі, Пула была акупавана нямецкімі войскамі.

Пасля Другой сусветнай вайны, у лютым 1947 года горад стаў часткай ФНРЮ, большая частка італьянскага насельніцтва горада пакінула Пулу.

Пасля распаду Югаславіі ў 1991 годзе Пула стала часткай незалежнай Харватыі.

У гонар Пулы названы астэроід (142) Пулана, адкрыты 28 студзеня 1875 года аўстрыйскім астраномам Ёганам Палізам у абсерваторыі Пула, якая працавала ў горадзе ў 1871—1914 гадах, і дзе было адкрыта 29 астэроідаў.

Славутасці

Храм Аўгуста
Амфітэатр Пулы
Рымскі амфітэатр у Пуле
  • Старажытнарымскі амфітэатр — пабудаваны ў I стагоддзі нашай эры. Гіганцкае збудаванне (яго памеры 133х105 метраў) умяшчала 23 тысячы гледачоў. Быў адным з шасці найбуйнейшых калізеяў Рымскай імперыі. Вельмі добра захаваўся. У наш час у амфітэатры праводзяцца буйныя канцэрты, у прыватнасці, у 2005 годзе ў ім адбыўся канцэрт Патрыцыа Буанэ.
  • Форум — рымскі форум, упадабанае месца выступлення харавых калектываў.
  • Трыўмфальная арка Сергіяў (Залатая брама) (27 да н.э.) — старажытнарымская арка. Пазней была ўбудавана ў гарадскую браму. Побач рэшткі гарадскіх сцен рымскага перыяду.
  • Храм Аўгуста (паміж 2 годам да н.э. і 14 годам) — старажытнарымскі храм у нядрэнным стане.
  • Кафедральны сабор — сучасны будынак з’яўляецца вынікам некалькіх сярэдневяковых перабудоў раннехрысціянскага храма IV—V стагоддзяў.
  • Ратуша (1296).
  • Царква Св. Мікалая (VI стагоддзе) — класічная візантыйская базіліка з іканастасам XVIII стагоддзя; у наш час — дзеючая сербская праваслаўная царква.
  • Крэпасць Каштэл (XVII стагоддзе) — венецыянская, пазней аўстрыйская крэпасць на вяршыні ўзгорка, якая ўзвышаецца над старым горадам.

Гарады-пабрацімы

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Люблінскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Пулаўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be