Пятроўшчына (Мінск)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пятроўшчына.
Пятро́ўшчына — колішняя вёска, цяпер мясцовасць у паўднёва-заходняй частцы Мінска, на беразе Мышкі (прытоку Лошыцы басейна Свіслачы).
На паўднёвым захадзе ад Грушаўкі.
Гісторыя
Упершыню згадваецца пад 1492 годам як Пятроўскі двор, належаў пісару гаспадарскаму Пятрашку Любічу, напэўна, быў яго галоўнай сядзібай, ад яго імя і названы. Да маёнтка Пятроўскага двара між іншага належаў млын на Пцічы і бортная зямля паміж Барысаўскай і Лагойскай дарогамі. Палову вымелка з млына і названую бортную зямлю, а таксама дзесяціну «от всякого збожья» з зямель у Вербковичах і Пятроўскага двара Пятрашка запісаў на царкву Узнясення Хрыстова ў Менску[1].
У 1567 годзе згадваецца як сяло Пятровічы, належала П. Крантоўскаму і У. Хмялеўскаму. У XVII—XVIII ст. сустракаецца паланізаваная назва «Петраўшчызна»[2]. У 1667 годзе маёнтак Петраўшчызна, 7 дымоў, уласнасць каталіцкай царквы. У 1791 годзе ў маёнтку была карчма, 23 дымы, уласнасць Жыжэмскага. У 1800 годзе панскі двор і вёска, шляхецкая ўласнасць І. Жыжэмскага, 15 двароў, 106 жыхароў, на рацэ Пятроўшчына млын на адзін пастаў, уязная карчма, цагельны завод, на якім працавала 6 сялян. У 1858 годзе ўласнасць Н. Чарноцкага[2]. У 1897 годзе вёска Сеніцкай воласці, 43 двары, 272 жыхары, капліца, хлебазапасны магазін, карчма; у маёнтку 2 двары, 17 жыхароў[3].
На 1909 год у вёсцы было 40 двароў, 241 жыхар; у маёнтку двор, 16 жыхароў; урочышча (карчма), 10 жыхароў, урочышча (кузня), 7 жыхароў[4]. У 1924 годзе ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага раёна. 20 студзеня 1960 года вёска пералічана са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсавет[5]. З 1978 года ў складзе Мінска.
Вясковая вуліца Прылуцкая пераназвана ў вуліцу Пятроўшчына, а вуліца Вадаправодная — у завулак Пятроўшчына[6]. Масавы знос вёскі пачаўся ў 2-й палове 2000-х, калі пабудаваны дамы ў квартале праспектаў Дзяржынскага і Газеты Праўда і вуліцы Алібегава. Вясковая забудова часткова захавалася па вуліцы Пятроўшчына.
Сучаснасць
Назва вёскі захавалася ў найменнях вуліцы і завулка Пятроўшчына. Імем вёскі названа станцыя метро Пятроўшчына. Захаваліся вясковыя могілкі.
Страчаная спадчына
- Сядзіба Чарноцкіх. На месцы сядзібы Чарноцкіх у 1960-я гады пабудаваная школа-інтэрнат № 7[2].
Цікавыя факты
- Маёнтак Чарноцкіх часам наведвала жонка вядомага літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса Соф’я Кіманайце, у Пятроўшчыне яна нарадзіла дачку Дануце(літ.) бел.[7].
Зноскі
- ↑ Груша А. І., с. 59
- 1 2 3 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Пятроўшчына (нявызн.) (недаступная спасылка). nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Памяць, 1998, с. 614
- ↑ Ярмоловичъ В., 1909, с. 153
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 6
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 80.
Літаратура
- Пятроўшчына // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Петровщина // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Пятроўшчына (Мінск) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VIII (Perepiatycha — Pożajście), 1887. — S. 220 (польск.)
- Груша А. І. Ваколіцы Менска іх іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць (да 945-годдзя Мінска) : зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.].. — Мінск: Беларуская навука. — С. 50—89. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1497-5.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org.
- Ярмоловичъ В. С. Списокъ населенныхъ мѣстъ Минской губерніи. — Минскъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1909. — 231 с.
Спасылкі
- Зьміцер Бартосік. Пятроўшчына. «Разбуранае гняздо» (нявызн.). svaboda.org (31 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2017. Праверана 17 кастрычніка 2017.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.