Райца
Ра́йца[1] (трансліт.: Rajca, руск.: Райца) — аграгарадок у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, на аўтадарозе Карэлічы—Наваельня. За 16 км на паўднёвы захад ад г.п. Карэлічы, 214 км ад Гродна, 35 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня. 320 жыхароў, 119 двароў (2001). Адміністрацыйны цэнтр Райцаўскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першая згадка гэтага маёнтка прыпадае на 1510 год, калі Райца належала Багушу і Мішку Верашчакам. Далей гаспадарылі ў ёй, па чарзе, Наўмовічы і Гаштольды. Але ў другой палове XVI стагоддзя Райца стала ўласнасцю роду, які ўзяў прозвішча ад назвы маёнтка — Раецкіх (або Дунін-Раецкіх)[2].
У дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Новагародскага сабораў 1680—1682 гадоў у Райцы ўпамінаецца царква ў гонар Раства Хрыстова, збудаваная з фундацыі Раецкіх. Святаром у парафіі служыў а. Мікалай Раецкі, яму дапамагаў а. Андрэй Тамашэўскі. Парафія аб’ядноўвала 405 вернікаў[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Райца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. У 1816—1817 гадах палкоўнік Канстанцін Раецкі адбудаваў у вёсцы знішчаную ў 1811 годзе пажарам Спаскую царкву. Новая царква з бутавага каменю і цэглы выконвала ролю пахавальні Раецкіх. У царкве захоўваўся мясцовашанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнай срэбнай рызай.
Пасля смерці ў 1838 годзе Атона, сына навагрудскага маршалка Францішка Раецкага, маёнтак перайшоў у спадчыну да старэйшай дачкі Францішка, Людвікі. А тая прынесла Райцу свайму мужу — навагрудскаму маршалку Юзафу Верашчаку, брату каханай Адама Міцкевіча Марылі[2].
Перад ліквідацыяй Уніі ў 1839 годзе да парафіі Святога Спаса (Перамянення Гасподняга) у Райцы Наваградскага дэканата належылі 1661 вернік, якімі апекаваліся святары: а. Язэп Гарбацэвіч (парах, 50 гадоў) і а. Міхал Бараноўскі (вікары, 30 гадоў). Парафіі належала 2 валокі зямлі, укладавы капітал складаў 3000 рублёў срэбрам, а яе гадавы даход быў 150 рублёў срэбрам[4] Пасля скасаванні царква належала рыма-каталікам, аднак па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) расійскія ўлады адабралі яе ў Святога Прастола і перадалі Маскоўскаму патрыярхату.
Ва ўласнасці Верашчакаў маёнтак заставаўся да 1898 года, калі Казімір, сын Юзафа, перадаў Райцу сваяку Ваўжынцу Путкамеру, унуку Марылі Верашчакі[2].
У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Ваўжынца Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафесарам Кракаўскага ўніверсітэта, графам Адамам Жалтоўскім. Маёнтак, які стаў летняй рэзідэнцыяй прафесара, часам здаваўся ў арэнду[2].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Райца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Райца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Жалтоўскія падаравалі свой маёнтак разам з домам, бібліятэкай, калекцыямі жывапісу і антыкварыяту сёстрам-палацінкам, а самі канчаткова перабраліся жыць у Кракаў. Палацінкі гаспадарылі ў ім з 1933 па 1943 гады[2].
У 1939 годзе Райца ўвайшла ў БССР. Па Другой сусветнай вайны ў колішнім шляхецкім доме размясціўся шпіталь, пазней — бальніца і паліклініка, потым — вясковая амбулаторыя. У канцы 1990-х гадоў будынак апусцеў і, як і парк, пачаў прыходзіць у заняпад. У 2009 годзе моцна занядбаны будынак набыла сям’я мастакоў, якія забавязаліся стварыць тут прыватны дом-музей саломкі і сучаснага мастацтва[6].
За савецкім часам улады спрабавалі разбурыць царкву трактарамі. Аднак, зрабіць гэтага не здолелі і далі рады толькі зрынуць статую Дзевы Марыі з фасаду і пабурылі дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы, якія ўмацоўвалі будынак. Помнік адбудавалі ў 2000-я гады як царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пад тытулам Святой Барбары.
На 2001 год у Райцы было 119 двароў. У 2000-я гады яна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
- Райца на старых здымках
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
-
Сядзіба. Я. Булгак, 1910 г.
- Царква. Т. Барэці, да 1894 г.
- Царква, каля 1900 г.
- Царква, 1916—17 гг.
- Царква. А. Віслоцкі, 1923 г.
Насельніцтва
- XX стагоддзе: 1999 год — 319 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 год — 320 чал.[7]; 2010 год — 305 чал.
Інфраструктура
У Райцы працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі.
Славутасці
- Плябанія (XIX ст.)
- Слуп з гербам Раецкіх — «Лебедзь»
- Сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў (XVIII—XIX стагоддзі)
- Спаса-Праабражэнская царква (1817; Былы касцёл, цяпер царква Святой Варвары Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата)
- Помнікі М. Ф. Гастэлу і землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Галерэя
- Краявіды Райцы
- Агульны выгляд
- Спаская царква
- Брама
- Слуп з гербам
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 3 4 5 Адрадзіць старую сядзібу… № 22 (1513) 29.05.2021 — 04.06.2021 г
- ↑ Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.” / Уклад. Д. Лісейчыкаў. — Мн., 2009.
- ↑ Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin, 2004. S. 21.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. С. 273.
Літаратура
- Райца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.” / Укладальнік Д. Лісейчыкаў. — Мн.: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с.
- Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2004. ISBN 83-917615-5-X.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Райца
- Райца на сайце Radzima.org
- Райца на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Карэліцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Навагрудскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Карэліцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.