Рудабелка
Рудабе́лка (выкарыстоўваецца таксама форма Рудо́белка) — былая вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. У 1954 годзе ўвайшла ў склад новаўтворанага гарадскога пасёлка Акцябрскі.
Геаграфія
Размяшчэнне
Размяшчалася ў цэнтральнай частцы сучаснага Акцябрскага.
Гісторыя
Першыя пісьмовыя згадкі пра сяло Рудабелка (Рудыя Белкі) адносяцца да пачатку XVI стагоддзя, калі яно было дадзена пану І. Гойцічу (Гойцавічу), верагодна, ва ўмоўнае часовае валоданне. На той час сяло ўваходзіла ў Бчыцкую (Пціцкую) воласць Мазырскага павета і пастаянна здавалася ў арэнду буйным магнатам. У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт I Стары падараваў прыбытак з маёнтка Рудабелка на 10 гадоў Мікалаю Радзівілу ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў ваяводы трокскага, а ў 1526 годзе аддаў маёнтак яму ва ўласнасць. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Рудабелка адышла да яго сына Яна. Пасля яго смерці ў 1545 годзе маёнтак зноў становіцца дзяржаўнай уласнасцю. Згодна інвентару 1552 года ў Рудабелцы налічвалася 99 дымоў (96 душ мужчынскага полу). На той час праз Рудабелку праходзіў гандлёвы шлях са Слуцка ў Мазыр. Пад 1560 годам узгадваецца ў сувязі з апісаннем меж вёсак. 3 1583 ці 1588 года маёнтак арандаваў Ю. М. Зяновіч, затым яго зяць — князь А. М. Вішнявецкі. З 1661 года — у арэндзе (ці ўладанні) князя А. Г. Палубінскага. У 1683 годзе ў сяле пабудавана царква, меліся карчма, лесапільня, млын, рудня. На 1683 год Рудабелка — цэнтр воласці ў Мазырскім павеце. З 1685 года, пасля смерці Канстанцыя, сына А. Г. Палубінскага, зноў у валоданні Радзівілаў (праз сястру Канстанцыя, жонку Дамініка Мікалая Радзівіла). У маёнтку Радзівілаў мелася бібліятэка. У 1742 годзе сын Дамініка Мікалая Радзівіла, Мікалай Фаўстын, аддаў у якасці фундушу вёску Руда-Бела мясцовай уніяцкай царкве. На 1748 год Рудабелка — цэнтр войтаўства Парэцкага двара. У сярэдзіне XVIII стагоддзя маёнтак пераходзіць да роду Лапаў. Прыкладна ў 1770-я гады ў сяле была пабудавана праваслаўная Пакроўская царква.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі, цэнтр Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. Дзям’ян (Дамінік) Лапа ў першай палове XIX стагоддзя першым з мясцовых памешчыкаў праводзіць меліярацыйныя работы па асушэнню найбольш багністых месц. Пазней, калі маёнтак перайшоў да яго сыноў — Міхала і Аляксандра-Дыянізія, тут з’яўляюцца вінакурныя заводы, пяць малацільных машын, вадзяныя млыны, круперня, сукнавальня, адкрываецца народнае вучылішча (1863 год) і іншыя ўстановы і прадпрыемствы. Згодна інвентару 1844 года, у маёнтак Рудабелка ўваходзілі 8 вёсак і 1 засценак, пражывала 803 асобы мужчынскага полу і 802 — жаночага.
За захаванне зброі Лапамі падчас паўстання 1863-1864 гадоў маёнтак быў арыштаваны (ці часова канфіскаваны), і ў 1867 годзе Аляксандр Дыянізій быў вымушаны прадаць яго барону А. Я. Урангелю, які, у сваю чаргу, у 1874 годзе прадаў Рудабелку генерал-маёру О. Ф. Ліліенфельду. З 80-х гадоў належала памешчыкам Яхантавым, з 1907 года — Іваненкам.
У склад Рудабельскай воласці на 1885 год уваходзілі 35 сяленняў з 570 дварамі. Замест састарэлай у 1887 годзе збудавана новая драўляная царква. З 1885 года ў маёнтку дзейнічаў спіртзавод, а з 1898 года — лесапільнае прадпрыемства; з 1916 года дзейнічаў тэлеграф. Напачатку XX стагоддзя з Азарыч праз Рудабелку праходзіла ваенна-камунікацыйная дарога. У 1916 годзе жыхары вёсак маёнтка самавольна захапілі і засеялі частку памешчыцкіх земляў. Для іх утаймавання былі выкліканыя жандары.
22 лістапада 1917 года ў Рудабелцы быў створаны валасны рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў Савецкую ўладу. У час акупацыі германскімі (1918 год) і польскімі войскамі (1919—1920 гады) у Рудабельскай і суседніх валасцях Бабруйскага павета захоўвалася Савецкая ўлада — існавала г. зв. «Рудабельская рэспубліка», у ліку арганізатараў якой былі П. Дз. Малаковіч, А. Р. Салавей, М. А. Ляўкоў. Летам 1918 года ў Рудабелцы быў арганізаваны адзін з першых на Беларусі партызанскі атрад (400 чалавек; кіраўнікі Салавей і Ляўкоў), які змагаўся супраць акупантаў. У канцы 1918 года, пасля таго як партызаны прымусілі немцаў пакінуць воласць, у маёнтку арганізавана камуна, працаваў вадзяны млын. 16 студзеня 1920 года ў час карнай аперацыі палякі спалілі Рудабелку. У 1920 ці 1922 годзе Рудабельская воласць перайменавана ў Акцябрскую. У былым маёнтку барона Урангеля быў створаны саўгас «Рудабелка». Вясковая школа першай ступені ў 1926 годзе ператворана ў сямігадовую. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 1924 года — у Глускім, з 28 чэрвеня 1939 года — Акцябрскім раёне.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны адзін з цэнтраў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны. У красавіку 1942 года карнікі амаль цалкам спалілі вёску разам з жыхарамі, у тым ліку з суседніх вёсак (загінула больш за 700 чалавек).
З 31.08.1954 года — у складзе гарадскога пасёлка Акцябрскі.
Насельніцтва
Дынаміка
- 1920 год — 70 жыхароў.
Вядомыя асобы
- Аляксандр Дамінікавіч Лапа (1802—1869) — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік на Беларусі.
- Міхаіл Дзям’янавіч (Дамінікавіч) Лапа (1788—1840) — дзекабрыст.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
- Пазднякоў В. С. Мястэчка Рудыя Белкі: пачатак гісторыі ў дакументах // Белорусский археографический ежегодник. Вып. 20. — 2019. — С.
Зноскі
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Акцябрскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.