Мазыр
Мазы́р[3] (афіц. транс.: Mazyr) — горад раённага падпарадкавання (да жніўня 2007 г. — абласнога падпарадкавання) у Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мазырскага раёна, порт на р. Прыпяць. За 133 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля, 7 км ад чыгуначнай станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Гомелем, Бабруйскам, Оўручам (Украіна). Найбуйнейшы порт у Беларусі. Аэрапорт. Насельніцтва 111 801 чалавек (2017)[4].
Назва
На думку географа В. Жучкевіча найбольш імаверна, што тапонім «Мазыр» мае этнанімічнае паходжанне і ўтварыўся ад імя народнасці мазур.
Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь[5].
Геаграфія
Клімат
Клімат Мазыр | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 10,2 | 15,5 | 21,6 | 29,5 | 33,2 | 37,7 | 36,2 | 36,4 | 34,9 | 26,6 | 19,1 | 12,3 | |
Сярэдні максімум, °C | −2,3 | −0,7 | 5,2 | 13,7 | 20,4 | 23,1 | 25,2 | 24,4 | 18,4 | 11,8 | 4,0 | −0,4 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,1 | −4,2 | 0,9 | 8,5 | 14,5 | 17,6 | 19,6 | 18,6 | 13,5 | 7,4 | 1,3 | −3,1 | |
Сярэдні мінімум, °C | −7,9 | −7,6 | −3,4 | 3,2 | 8,6 | 12,0 | 14,0 | 12,8 | 8,5 | 3,0 | −1,4 | −5,9 | |
Абсалютны мінімум, °C | −33,8 | −30,4 | −28,7 | −9,7 | −2,8 | 0,4 | 0,7 | 1,2 | −3,6 | −9,7 | −20,6 | −34 | |
Норма ападкаў, мм | 35,3 | 35,8 | 45,4 | 45,8 | 61,2 | 74,4 | 94,1 | 67,2 | 62,4 | 47,9 | 44,8 | 42,1 | |
Крыніца: Мазыр Надвор'е і клімат |
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Мазыра
Сярэднявечча
Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узнікла ў VIII ст. ва ўрочышчы Кімбараўка, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[6]. У XI—XII стст. умацаваны горад перанеслі на Замкавую гару[7].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і епіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 горад пацярпеў ад татарскіх набегаў.
З сяр. XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стст. тут існаваў драўляны замак.
У 1471 Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводства. У XVI ст. горад стаў цэнтрам гродавага староства, з правядзеннем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) — сталіцай павету.
У пач. XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[8]. На 1552 у месце існавалі цэрквы Спаса, Міколы, Прачыстай Багародзіцы[8].
У Рэчы Паспалітай
Па Люблінскай уніі (1569) і пераходу Кіеўскага ваяводства да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводства.
На 1571 — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 — 293 мяшчанскія двары[8].
28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзях, на шыльдзе — чырвоная літара S»[9]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:
Надаем тому гораду нашему печать гарадскую, то есть Орел з Сем в нем вырисованым... которую ўрад гарадский на судах и иншых справах и потребах гарадских печатовать и того герба ўжывать мают вечные часы |
У 1609 Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 коштам ахвяраванняў завяршылася аднаўленне ўмацаванняў і горад быў «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 староста Б. Стравінскі заснаваў тут касцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі мясціну[10].
У 1-й пал. XVIII ст. у Мазыры збудавалі базыльянскі манастыр, каля горада — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 пры Фарным касцёле існавала місія езуітаў[11]. У 1726 адкрылася езуіцкая школа (у 1773 яе пераўтварылі на свецкую вучэльню[11]). У 1750 казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ва ўрочышчы Кімбараўка.
На 1724 у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Свідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У месце было два замкі — Верхні (Стары), які размяшчаўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся гарадская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле гарадскага плану (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у месце было 211 двароў, 6 цэркваў і касцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
У Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мазыр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павету Мінскай губерні. У 1796 царскія ўлады даравалі гораду новы расійскі герб. На 1825 тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 у Мазыры адкрылася шляхецкае вучылішча, ператвораная ў 1859 у прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864).
На 1878 у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бернардзінскага касцёла), касцёл і сінагога. У 1879 тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 — запалкавую фабрыку «Маланка» («Молния»). Пракладка Палескіх чыгунак у 1880-я гг. паспрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю Мазыра. Паводле вынікаў перапісу (1897) у месце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сінагога, 4 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавалі бальніца, прагімназія, 1-класная прыходская і прыватная жаночая 2-класная вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясніцтва. У верасні 1913 тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстаўка. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 горад занялі нямецкія войскі.
- Даўнія графічныя выявы Мазыра
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бернардзінцаў, з піктаграфічнай карты XVIII ст.
- Касцёл і кляштар бернардзінцаў, абмерны рысунак пач. XIX ст.
- Касцёл і кляштар бернардзінцаў, 1865
- Касцёл і кляштар бернардзінцаў, 1865
- Касцёл бернардзінцаў, абмеры другой пал. XIX ст.
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар цыстэрыянак, 1865
- Кімбараўка. Н. Орда, 1870
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павета («падраёна») Гомельскага раёна[12]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 горад знаходзіўся пад польскай уладай. У 1924 Мазыр стаў цэнтрам раёна БССР (у 1926—1927 гг. горад у Слабадскім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 горад быў адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасня 1938 Мазыр атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У 1938—1954 ён быў цэнтрам Палескай вобласці. У Другую сусветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі ў Мазыры лагер смерці, знішчылі 4,7 тыс. жыхароў. Дзейнічала патрыятычнае падполле.
У 1948 аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музей. У 1953 адбыўся ўвод у эксплуатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 — кабельнага завода. У 1958 пачаўся рух на мосце праз раку Прыпяць. У 1975 адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У 1988 пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
- Места на старых здымках
- Панарама з боку Прыпяці
- Вуліца Пятніцкая, 1918
- Царква Святой Параскевы Пятніцы
- Фарны касцёл
- Вуліца Слуцкая
- Вуліца Замкавая
- Вуліца Свідоўская. Сядзіба Кеневічаў
- Кімбараўка. Касцёл і кляштар цыстэрыянаў
Насельніцтва
- XVI стагоддзе: 1552 — 1,5 тыс. чал.[8]; 1571 — каля 2 тыс. чал.[13]; 1576 — 2 тыс. чал.[8]
- XVIII стагоддзе: 1724 — 1,5 тыс. чал.[11]; 1795 — каля 2 тыс. чал.
- XIX стагоддзе: 1825 — каля 3 тыс. чал.; 1850 — каля 6,5 тыс. чал.; 1866 — 5 899 чал.[14]; 1878 — 7 834 чал. (3 902 муж. і 3 932 жан.), у тым ліку 5 457 праваслаўных, 23 стараверы, 446 каталікоў, 10 евангелістаў і 1 898 іўдзеяў[15]; 1897 — 8 067 чал.[7]
- XX стагоддзе: 1907 — 9 976 чал.[16]; 1908 — 10 395 чал.[17]; каля 1910 — 12 251 чал. (6 338 муж. і 5 883 жан.), з іх паводле веры: праваслаўных 4 118, раскольнікаў 68, каталікоў 619, пратэстантаў 22, іўдзеяў 7 276, іншых 148; паводле саслоўя: шляхты 248, духоўнага саслоўя 45, ганаровых грамадзян і купцоў 315, мяшчан 9 886, ваенных 732, сялян 885, іншых 140[18]; 1927 — 14,3 тыс. чал.; 1939 — 17,5 тыс. чал.; 1970 — 48,0 тыс. чал.; 1973 — 58 тыс. чал.[19]; 1991 — 103 тыс. чал.; 1997 — 108 тыс. чал.[6]; 1998 — 109,2 тыс. чал.[20]; 1999 — 111,8 тыс. чал.[21]
- XXI стагоддзе: 2004 — 111,5 тыс. чал.; 2006 — 111,6 тыс. чал.; 2008 — 112,0 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 — 112,2 тыс. чал.[22]; 2009 — 108 792 чал. (перапіс).[23]; 2016 — 112 003 чал.[24]; 2017 — 111 801 чал.[4]
Эканоміка
У 1912-14 гг. у Целепуках, прыгарадзе Мазыра працаваў Мазырскі фанерна-дрэваапрацоўчы завод. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—1913 гг. меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.
Цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (Мазырскі машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель»), дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці (вытворчасць куханнай солі — ААТ «Мазырсоль»).
Гасцініцы гарадскога савета «Дынама», «Элада», гасцінічны комплекс «Прыпяць».
Транспарт
У Мазыры, акрамя аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кіламетраў. Дзейнічае адзін маршрут[25]. У горадзе знаходзіцца чыгуначная станцыя Барбароў [26].
Культура
Дзейнічаюць кінатэатр «Мір», Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, Мазырская філармонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ. Жыхароў горада абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсць краязнаўчы музей, музей прыкладнай творчасці, гарадская выстаўная зала.
Адукацыя
У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучылішча — геалогіі, будаўнічая, медыцынская і музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных устаноў. Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.
Спорт
Асноўныя спартыўныя аб’екты: басейн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзерву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».
СМІ
У кабельнай сетцы Мазыра вяшчае мясцовы тэлеканал. Таксама горад мае ўласныя друкаваныя выданні — газеты «Жыццё Палесся» і «На свае вочы».
Забудова
Архітэктурна-планіровчную сістэму Мазыра абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны і гістарычны цэнтр горада — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, перпендыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб горада падымаюцца іншыя вуліцы.
Славутасці
Праз горад праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, яго традыцыі і побыт», «Мазыр даўні і сучасны», «Святыні Мазыршчыны»[27]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей культуры.
- Бровар (1885)
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст., фрагменты)
- Замчышча (XV—XVIII стст.)
- Свята-Міхайлаўская сабор і манастырскі жылы корпус (1760—1775, былы касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бернардзінцаў)
- Свята-Мікалаеўская царква
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар цыстэрцыянцаў (1711)
- Касцёл Святога Міхаіла і манастыр цыстэрыянак (1743—1745)
- Могілкі іўдзейскія
- Сядзіба Кеневічаў (пач. XIX ст., пазней мужчынская гімназія)
Страчаная спадчына
- Замак (XVI ст.)
- Касцёл і кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фарны, 1616)
- Сінагога
- Царква Праабражэння Гасподняга (XVI ст.)
- Царква Святога Мікалая (XVI ст.)
- Царква Святой Параскевы Пятніцы (XVIII ст.)
-
Царква Святой Тройцы (1888)
- Краявіды Мазыра
- Былы асабняк
- Колішні касцёл бернардзінцаў
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар цыстэрцыянак
- Колішняя сядзіба Кеневічаў
- Былыя касцёл і кляштар цыстэрцыянцаў
- Замкавая гара
- Прыпяць
- Бровар
Вядомыя асобы
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Мазыра і Ганаровыя грамадзяне Мазыра
- Святлана Міхайлаўна Басуматрава (1946—2016) — паэтэса.
- Аляксандр Абрамавіч Брэгман (1895—1919) — рэвалюцыянер.
- Мікалай Мікітавіч Пушкар (1919—1939) — мастак, скульптар-кераміст, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, член Беларускага саюза мастакоў.
- Яўген Уладзіміравіч Дворак (нар. 1950) — беларускі архітэктар.
- Эдуард Міхайлавіч Дзечка (нар. 1936) — вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання і металаапрацоўкі, доктар тэхнічных навук.
- Сяргей Іванавіч Дубавец (нар. 1959) — беларускі журналіст, літаратар, крытык і выдавец.
- Якаў Эмануілавіч Кенігсберг (1939—2013) — вучоны-імунолаг, доктар біялагічных навук.
- Міхаіл Аляксеевіч Марціновіч (нар. 1979) — беларускі футбаліст.
- Давыд Барысавіч Мельцэр (нар. 1925) — беларускі гісторык-славіст.
- Міхаіл Васілевіч Радзевіч (1838—1919) — беларускі і расійскі публіцыст, крытык, педагог, этнограф.
- Ксенія Міхайлаўна Сітнік (нар. 1995) — беларуская спявачка.
- Сямён Іванавіч Трызна (1890—1968) — вучоны ў галіне селекцыі раслін, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Міхаіл Якаўлевіч Фінберг (нар. 1947) — дырыжор.
- Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі (1850—1918) — этнограф.
- Ларыса Аляксандраўна Ярмоліна (1900—1984) — актрыса, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР.
Гарады-пабрацімы
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ В Мозыре и Мозырском районе меняется зональный телефонный код и вводится шестизначная нумерация (руск.)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 239.
- 1 2 Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 36.
- 1 2 Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 37.
- 1 2 3 4 5 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 258. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ История, Мозырский районный исполнительный комитет
- 1 2 3 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 259. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 81.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 82.
- ↑ Jelski A. Mozyrz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 754.
- ↑ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 83.
- ↑ Мазыр // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. С. 512.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 80.
- ↑ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек, «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
- ↑ Перепись населения — 2009. Гомельская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Мозырь. Городской транспорт. Трамвай, Mozyr.tut.by
- ↑ Барбароў на сайце Дзяржаўнага цэнтра картографа-геадэзічных матэрыялаў і даных Рэспублікі Беларусь
- ↑ к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 258—259. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: мазырскае барока Архівавана 2 чэрвеня 2009. // «Наша Ніва», 24 красавіка 2009 г.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мазыр
- Геаграфічныя звесткі па тэме Мазыр на OpenStreetMap
- г. Мазыр на Radzima.org
- Мазыр — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на Catholic.by
- Фота Мазыра Архівавана 3 мая 2009. (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Мазырскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Калінкавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мазырскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Петрыкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Слабадскога раёна Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1930 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1964 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гомельскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Мазырскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.