Акцябрскі раён
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Акцябрскі раён (значэнні). Акцябрскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Гомельскай вобласці Беларусі. Працягласць з захаду на ўсход — 65 км, з поўначы на поўдзень — 43 км. Мяжуе з Петрыкаўскім, Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнамі Гомельскай, Бабруйскім і Глускім раёнамі Магілёўскай абласцей, і Любанскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — гарадскі пасёлак Акцябрскі.
Утвораны 28 чэрвеня 1939 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у вёсцы Карпілаўка. З 20 верасня 1944 года — у складзе Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай абласцей. 25 снежня 1962 года скасаваны, тэрыторыя перададзеная ў Светлагорскі раён. 30 ліпеня 1966 года адноўлены ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі.
У складзе раёна больш за 70 населеных пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў — Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі (цэнтр — в. Рассвет), Чырвонаслабодскі.
Геаграфія
Рэльеф
Раён знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць вышыні 130—150 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — 176,4 м (урочышча Горы каля ст. Мошны, найменшая вышыня над узроўнем мора — 125 м (у месцы ўпадзення Арэсы ў Пціч).
Карысныя выкапні
Карысныя выкапні — нафта (поўнасцю ці часткова на тэрыторыі раёна размешчаны 7 радовішчаў), калійныя солі (2 участкі), будаўнічыя пяскі, жвір, мінеральныя воды і расолы, торф, сапрапелі [4][5].
Клімат
Клімат — умерана-кантынентальны з цёплым летам і ўмерана-халоднай зімою. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,3 °C, ліпеня — 18,4 °C. Вегетацыйны перыяд — 190—195 дзён, безмарозны — 140—157 дзён, перыяд з сярэднесутачнымі тэмпературамі вышэй за 10 °C — 150—155, вышэй за 15 °C — 100—105 дзён. Колькасць дзён са снежным покрывам — да 90 (з 25-29 снежня па 10-15 сакавіка). Ападкаў — 612 мм за год. Часта назіраюцца вільготныя гады, калі колькасць ападкаў перавышае 650—700 мм, у асобныя ж сухія гады яна можа не дасягаць і 400 мм. Сярэдняя адносная вільготнасць паветра цягам года вагаецца ад 75 да 85 %, у маі-чэрвені яна падае ніжэй за 70 %, у лістападзе-снежні паднімаецца амаль да 90 %. Сярэдняя хуткасць ветру за год — 3,3-3,7 м/с, самая высокая яна зімой і вясною, самая нізкая — летам. У цёплую пару года пераважаюць вятры заходніх і паўночна-заходніх напрамкаў, зімою — усходніх і паўднёва-усходніх. Ясных дзён за год — 39, пахмурных — 142, з ападкамі — 162 [5][6].
Воды
Раён мае добра развітую рачную сетку. Буйнейшая рака — Пціч з прытокамі Арэса (правы) і Нератоўка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). На паўночным усходзе раёна — вярхоўі ракі Трэмлі. Гушчыня натуральнай рачной сеткі — 0,5 км/км². З-за раўніннага рэльефу цячэнне рэк павольнае, даліны забалочаныя, рэчышчы звілістыя. Ледастаў на рэках звычайна адбываецца у канцы снежня, ускрыццё іх — у першай палове сакавіка. Вясенняе палаводдзе звычайна невысокае, агульная працягласць — каля 85 дзён. Спад вады адбываецца вельмі павольна і нярэдка зацягваецца і на лета. Сярэднія шматгадовыя тэмпературы вады за цёплы перыяд (май-кастрычнік) — 16,2 °C, у ліпені — 20,9 °C [5][7]. Найбольшыя азёры — Овінскае (плошча 6 га) і Заазерскае (плошча 5 га).
Глебы
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, у т.л. дзярнова-падзолістыя забалочаныя (каля 53 % тэрыторыі раёна) і тарфяна-балотныя (36 %) глебы. Тое ж датычыцца і сельскагаспадарчых земляў. 7,3 % тэрыторыі раёна займаюць алювіяльныя глебы, 3,4 % — дзярновыя, найбольш урадлівыя (размешчаны асобнымі невялікімі ўчасткамі ў асноўным у ўсходняй і цэнтральнай частках раёна). Па грануламетрычнаму складу сярод сельскагаспадарчых зямель пераважаюць пясчаныя (57,5 %), тарфяна-балотныя (27 %) і тарфяна-мінеральныя (13,2 %) глебы [8].
Расліннасць
Дзякуючы шырокаму распаўсюджанню водналедавіковых пяскоў і супесяў, якія слаба падыходзяць для вядзення сельскай гаспадаркі, лясістасць раёна застаецца адной з самых высокіх у Беларусі і складае 58 %. Пераважаюць буйныя масівы плошчай 500—1000 га, буйнейшыя — 2500-4000 га (Доўгі Лог, Зімовішча, Буралом, Старына, Пажэры) [6]. Асноўнай лесаўтваральнай пародай, як і на ўсім Палессі, з’яўляецца сасна (амаль 65 % усіх лесанасаджэнняў). Акрамя таго, буйныя ўчасткі займаюць пароды, якія добра растуць на пясках і пераносяць павышаны ўзровень грунтовых вод — бяроза (18,5 %) і вольха (10,5 %). Дубнякі займаюць 3,1 % плошчы ўсіх лесанасаджэнняў, ельнікі — 1,7 %. Сярэдні ўзрост лясоў складае 51 год; найбольшым узростам адзначаюцца цвёрдалістыя пароды (ясень, дуб) — 65-70 гадоў, найменшым — мяккалістыя — 35-40 гадоў [9].
На тэрыторыі раёна поўнасцю або часткова размешчана 51 балота агульнай плошчай 20 тыс. га (часткова асушаны). Буйнейшыя балотныя масівы — Няслаўка (часткова ў Петрыкаўскім раёне), Бяроза-Лосіцкае балота і Весніна, Шкава, Стаў, Брыкісін Мох-Галае [6].
Жывёльны свет
Жывёльны свет даволі разнастайны. Большая частка відаў жывёл — прадстаўнікі шыракалістых лясоў. З відаў, якія знаходзяцца пад аховай, на тэрыторыі раёна адзначаны барсук, аўдотка, вялікі бугай, чорны бусел, зімародак, чырвоны каршун, стэпавы мышалоў (стэпавы лунь), звычайная пустальга, рэмез, шэры саракуш, балотная чарапаха. З прамысловых відаў адзначаюцца андатра, вавёрка звычайная, воўк, выдра, дзік, заяц-русак і заяц-бяляк, лясная куніца, еўрапейскі крот, звычайная лісіца, лось, рысь, чорны тхор, шэрая качка, шэрая курапатка, чырок-свістунок. У табліцы ніжэй прыведзены дадзеныя па дынаміцы і колькасці асноўных відаў сысуноў і птушак [10].
Гады | Лось | Алень | Дзік | Казуля | Заяц | Бабёр | Выдра | Глушэц | Цецярук | Воўк |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1999 | 197 | 40 | 356 | 1128 | 1239 | 399 | 21 | 115 | 580 | 26 |
2000 | 246 | 14 | 378 | 1337 | 1174 | 421 | 23 | 106 | 437 | 23 |
2001 | 272 | 15 | 354 | 1405 | 992 | 437 | 24 | 88 | 323 | 19 |
Ахова прыроды
Буйнейшай прыродаахоўнай тэрыторыяй у раёне з’яўляецца біялагічны заказнік «Акцябрскі», створаны ў 2003 годзе на плошчы 4070,2 га «…у мэтах захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам відаў раслін і жывёл, якія з’яўляюцца рэдкімі альбо знікаюць, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь» [11]. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна размешчаныя біялагічны (журавінны) заказнік «Бабінец», створаны для захавання ў натуральным стане журавіннікаў на тарфяным балоце верхавога тыпу Параслішча ў 1979 годзе на плошчы 350 га (сучасная плошча — 830,7 га[12])[6], і заказнік “Тарфянае радовішча «Мёдухаў» (створаны ў 1979 годзе, плошча — 573 га). Таксама ў раёне знаходзяцца 1 помнік прыроды рэспубліканскага і 3 — мясцовага значэння.
Гісторыя
Першабытны час
Першыя даставерныя сляды існавання чалавека на сучаснай тэрыторыі раёна адносяцца да II тыс. да н. э. Да іх адносяцца помнікі археалогіі каля вёсак Парэчча, Валосавічы, Мікуль-Гарадок, Чырвоная Слабада, Чорныя Брады, Пратасы. Пра тое ж сведчаць і прылады працы, знойдзеныя каля вёскі Навасёлкі Петрыкаўскага раёна.
Засяленне басейна ракі Пціч адбылося ў асноўным у мезаліце (сярэднім перыядзе каменнага веку). Да гэтага часу адносяцца паселішчы, сляды якіх знойдзены ў басейне Арэсы ў суседнім Любанскім раёне (Азярное 2, 3), а таксама ў Петрыкаўскім раёне (Дарашэвічы, Майсеевічы і інш.).
У 1930 годзе даследчык А. Рынейскі знайшоў сляды паселішча неалітычнага тыпу (неаліт — пазнейшая стадыя каменнага веку) на паўднёвым усходзе ад вёскі Парэчча. Там ён назбіраў шматлікія крамянёвыя вырабы і абломкі посуду з керамікі з характэрным для неаліту арнаментам. Таксама раскопкі неалітычных паселішчаў праводзіліся ў сярэднім цячэнні р. Арэса (Азярное 1, 2, Старыя Юркавічы). Да археалагічных помнікаў часоў бронзавага веку адносяцца знойдзеныя каля в. Парэчча абломкі посуду тшцінецка-сосніцкай культуры.
Для жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі характэрна асваенне спосабаў атрымання жалеза з балотных і азёрных руд. Рэшткі такіх печаў даволі часта сустракаюцца ў Петрыкаўскім раёне. Да гэтага ж часу адносяцца знойдзеныя каля вёсак Валосавічы і Ляскавічы ўмацаваныя гарадзішчы, якія, хутчэй за ўсё, былі ўзведзены ў I тыс. да н. э. прадстаўнікамі мілаградскай культуры [13].
IX—XIII стагоддзі
Сучаснымі гісторыкамі лічыцца, што ў IX стагоддзі на поўнач ад Прыпяці рассяліліся славяне, дакладней дрыгавічы — адна са славянскіх груповак. Менавіта да дрыгвіцкай культуры адносіцца большасць курганных могільнікаў, знойдзеных на тэрыторыі раёна. Найбольшы з іх знойдзены ва ўрочышчы Ляскаўшчына каля вёскі Харомцы, дзе налічваецца каля 150 насыпаў. Акрамя курганоў, каля вёскі Парэчча было знойдзена паселішча дрыгавічоў.
Прыкладна ў X стагоддзі землі сучаснага раёна ўвайшлі ў Тураўскае княства, і на працягу X—XI стагоддзяў іх насельнікі прынялі хрысціянства. У сярэдзіне XII стагоддзя Акцябршчына пераходзіць пад уладу чарнігаўскіх князёў, у першай палове XIII стагоддзя — кіеўскіх. На пачатак XIV стагоддзя заходняя частка сучаснага раёна — у складзе ўдзельнага Тураўскага княства, усходняя — у складзе Кіеўскага княства[14].
Што тычыцца татара-мангольскага нашэсця, то асноўны шлях заваёўнікаў прайшоў на поўдзень ад Турава, таму можна лічыць, што яно жыхароў раёна не закранула[13].
У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
На працягу XIV стагоддзя Турава-Пінскае і Кіеўскае княствы канчаткова ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Заходняя частка раёна ўвайшла ў склад княства ў 1320-я гады, усходняя — прыкладна ў 1362 годзе[14]. Да 1396 года адносяцца першыя пісьмовыя звесткі аб вёсках Іванішчавічы і Парэчча (ліст князя Гальшанскага)[15]. У XV стагоддзі большая частка тэрыторыі раёна ўваходзіла ў Бчыцкую (Пціцкую) воласць Мазырскага павета. Да сярэдзіны ж XV стагоддзя адносяцца і першыя звесткі аб сяле Рудабелка (Рудыя Белкі) — аснове цяперашняга гарадскога пасёлка Акцябрскі. Першыя пісьмовыя звесткі аб ім адносяцца да 1507 года. Да 1495 года адносяцца першыя пісьмовыя згадкі аб вёсцы Гаць (Літоўская метрыка). У XVI стагоддзі упершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах вёскі Валосавічы, Граб’ё, Жукавічы, Ляскавічы, Мушычы, Ніўнае, Нястанавічы, Харомцы, Шкава.
Пасля ўваходу ў 1569 годзе ў склад Рэчы Паспалітай тэрыторыя раёна знаходзілася ў складзе Мазырскага павета Мінскага ваяводства і Слонімскага павета Наваградскага ваяводства. На гэтых землях праходзілі падзеі Лівонскай вайны, вайны 1654—1667 гадоў, Паўночнай вайны. Мясцовыя жыхары прымалі ўдзел у паўстанні Налівайкі (1594—1596 гады) і казацкай вайне 1648—1651 гадоў. Да XVII стагоддзя адносяцца першыя пісьмовыя згадкі аб вёсцы Любань, да XVIII стагоддзя — аб вёсках Андрэеўка, Бубнаўка, Гадуні, Забалацце, Залессе, Зарэчча, Зуб-Буда, Кавалі, Карпілаўка, Ламавічы, Лаўстыкі, Лескі, Майсееўка, Новая Дуброва, Новікі, Пратасы, Пружынішчы, Ратміравічы, Рудня, Слабодка, Смыковічы, Старая Дуброва.
У першай палове XVI стагоддзя і канцы XVII — першай палове XVIII стагоддзяў значная частка зямель сучаснага раёна належала Радзівілам. З сярэдзіны XVIII стагоддзя буйнейшымі мясцовымі землеўладальнікамі становяцца Лапы, а таксама Ваньковічы і Арэшка-Астрэйкі.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай землі раёна ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі[13].
У складзе Расійскай імперыі
Пасля ўваходжання ў склад Расіі тэрыторыя раёна была падзелена паміж Мазырскім і Бабруйскім паветамі Мінскай губерні. У першай палове XIX ст. па ініцыятыве Восіпа Дамініка Лапы праведзены значныя меліярацыйныя работы па асушэнню найбольш багністых местаў. У гэты ж час у памешчыцкіх маёнтках з’яўляюцца вінакурныя заводы, малацільныя машыны, вадзяныя млыны, сукнавальні.
У 1863 г. было адкрыта першае на тэрыторыі сучаснага раёна народнае вучылішча — у Рудабелцы, у канцы 60-х гг. — у Забалацці (пасля перайменаванае ў Земскую школу). Пазней школы былі адкрыты ў Харомцах (сярэдзіна 80-х гг.), Граб’і (1889 г.), Парэччы (1908 г.), Шкаве (1910 г.), Лесках (1913 г.).
За падтрымку паўстанцаў падчас паўстання 1863—1864 гг. у буйнейшага землеўладальніка воласці Аляксандра-Дыянісія Лапы быў канфіскаваны маёнтак Рудабелка. Пазней яго, відаць, вярнулі, бо ў 1867 г. Лапа прадаў Рудабелку барону А. Я. Урангелю.
У ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гг. сялянамі была прадпрынята спроба спаліць маёнтак Рудабелка (згарэлі 2 гумны) і захапіць землі. Для навядзення парадку былі выкліканы дадатковыя сілы жандараў. Амаль тое ж адбылося і ў 1916 г., калі жыхары вёсак Карпілаўка, Рудня, Кавалі і Лаўстыкі захапілі і засеялі частку зямель, што належалі барону Урангелю.
У другой палове 1915 г. пачалося будаўніцтва чыгункі да Рудабелкі з Бабруйска, але ваеннае становішча дазволіла давесці яе да канца 1916 г. толькі да сучаснай станцыі Ратміравічы. Выкарыстоўвалася ветка ў асноўным для вывазу лесу.
Першыя бальшавікі на тэрыторыі воласці з’явіліся ў пачатку 1917 г. (у асноўным гэта былі адстаўныя салдаты), а ўжо 22 лістапада 1917 г. быў арганізаваны валасны рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў Савецкую ўладу [13].
За Савецкім часам
Усталяванне Савецкай улады. У канцы 1917 і першыя месяцы 1918 гг. рэўком актыўна займаўся падзелам памешчыцкай зямлі і падрыхтоўкай пасяўной. У гэты ж час пад кіраўніцтва Рудабельскага рэўкома былі перададзены суседнія воласці — Ляскавіцкая, Капаткевіцкая, Азарыцкая і Глуская. Але ў пачатку 1918 г. воласць занялі атрады польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага, якія заставаліся тут да сярэдзіны вясны. Пасля пераходу савецкіх органаў улады на паўлегальнае становішча на тэрыторыі раёна пачынаецца фарміраванне ўзброеных атрадаў як прасавецкіх («чырвонагвардзейскіх»), так і антысавецкіх (г. зв. «кулацкіх банд»). Барацьба паміж імі закончылася амаль поўным знішчэннем апошніх. Пасля заняцця Рудабелкі нямецкімі войскамі (канец мая — пачатак чэрвеня 1918 г.) партызанскія дзеянні працягваюцца — партызаны адбіваюць у немцаў абозы, знішчаюць канвоі, праводзяць асобныя дыверсіі. Па меры нарастання рэвалюцыі ў Германіі і разлажэння нямецкіх войскаў сілы немцаў і партызан на тэрыторыі раёна становяцца амаль роўнымі. У гэтай сітуацыі рэўком на чале з А. Р. Салаўём прад’яўляе нямецкаму камандаванню ў Рудабелцы ультыматум з патрабаваннем неадкладнага вываду войск з тэрыторыі воласці і суседніх населеных пунктаў. Немцы вымушаны згадзіцца, і ў лістападзе 1918 г. у Рудабельскай і некалькіх суседніх валасцях Савецкая ўлада была адноўлена — утварылася «Рудабельская рэспубліка». Праз некалькі дзён два атрады з Рудабельскай воласці пры падтрымцы мясцовых жыхароў занялі Бабруйск і стварылі там савецкія органы ўлады. Пасля поўнага адыходу нямецкіх войскаў партызанскія атрады на тэрыторыі раёна былі распушчаныя.
Пасля пачатку польска-савецкай вайны і наступлення польскіх войскаў у верасні 1919 г. лінія фронта праходзіла прыкладна па лініі Парычы — Нератоўка — Рассвет — Вуглы — Шкава — Рудня — Кавалі — Ніўнае — Хвойня. У ходзе новага наступлення да канца лютага 1920 г. польскія войскі занялі амаль ўсю тэрыторыю сучаснага раёна. Першыя партызанскія атрады, сфарміраваныя для барацьбы з палякамі, з’явіліся на тэрыторыі раёна яшчэ ў жніўні 1919 г. Яны вялі актыўныя баявыя дзеянні, у значнай меры перашкаджаючы наступленню польскіх войскаў: вялі баі з польскімі рэгулярнымі часцямі, знішчалі гарнізоны, праводзілі рэйды ў тыл польскай арміі на сто і болей кіламетраў. Гэта паспрыяла таму, што на ўсёй тэрыторыі Рудабельскай воласці ў верасні-снежні не было войск Польшчы (за выключэннем асобных буйных атрадаў, накіраваных сюды менавіта з мэтаю барацьбы з партызанамі), і партызаны перанеслі сваі дзеянні на суседнія воласці. У час новага польскага наступлення ў студзені 1920 г. у воласць быў накіраваны карны атрад палякаў, які спаліў некалькі вёсак, у т. л. і Рудабелку, але ўжо к сярэдзіне мая партызаны зноў выбілі палякаў з тэрыторыі воласці. Дзейнасць рэўкома была адноўлена. Пад час наступлення Чырвонай арміі ў ліпені 1920 г. польскія войскі адступілі з усёй тэрыторыі раёна. Пасля гэтага значных баявых дзеянняў тут не вялося, за выключэннем сутыкненняў у 1920—1922 гг. атрадаў ЧОН (часткі асобага прызначэння па барацьбе з контррэвалюцыяй) з бандамі, што з’яўляліся на тэрыторыі раёна (атрады Булак-Балаховіча, Кісяля, Лукомскага, Караткевіча).
Інтэрбелум (1920—1941 гг.). У 1920 г. у Рудабельскай воласці налічваецца 15,2 тысячы жыхароў. Адкрыты 18 школ, 39 хат-чыталень для правядзення лікбезу (непісьменных — амаль 4 тысячы чалавек ва ўзросце ад 14 да 50 гадоў), у вёсцы Заверхлессе арганізавана бальніца.
У 1922 г. Рудабельская воласць перайменавана ў Акцябрскую, Карпілаўскі сельскі савет становіцца Акцябрскім.
У 1924 г. у ходзе адміністрацыйнай рэформы 1923—1929 гг. у СССР Акцябрская воласць расфарміравана, сельсаветы перададзены ў склад Глускага, Даманавіцкага і Капаткевіцкага раёнаў.
У канцы 20-х гадоў на сучаснай тэрыторыі раёна з’яўляюцца першыя саўгасы (першая камуна была арганізавана ў былым рудабельскім маёнтку яшчэ ў 1918 г.). У гэты ж час абвастраецца класавая барацьба — адбываюцца падпальванні калгаснай маёмасці, спробы забойстваў актывістаў. Гэта прывяло да таго, што ў канцы сакавіка 1930 г. пры дапамозе ваенных усё узброенае супраціўленне калектывізацыі было знішчана. Адначасова пачаўся і палітычны тэрор супраць «ворагаў народа». У выніку ў 1933 г. калектывізавана было ўжо больш за 50 % гаспадарак раёна, а ў 1938 г. у раёне налічвалася 55 калгасаў, у якіх было болей за 5 тысяч двароў.
У 1929 г. у раёне пачалі стварацца машынна-трактарныя станцыі (МТС); к 1937 г. яны абслугоўвалі 87 % пасяўных плошчаў калгасаў і саўгасаў. Да 30-х гадоў адносіцца і пачатак маштабных работ па меліярацыі зямель раёна, што дазволіла значна (у 2-3 разы) падняць ураджайнасць.
У 1931—1932 гг. чыгуначная ветка, што ішла з Бабруйска да Ратміравіч, была працягнута да станцыі Старушкі на чыгунцы Гомель — Брэст.
У 1929 г. у Карпілаўцы была зачынена царква. Спачатку яе выкарыстоўвалі як свіран, склад, клуб, а потым разабралі. Прыкладна ж у гэты час быў зачынены і разабраны каталіцкі касцёл у Харомцах. Былі зачынены, а часткова — спалены і іншыя культавыя аб’екты, разбурылі нават пахавальню Лапаў. Большасць святароў была рэпрэсіравана. Усяго ж на тэрыторыі раёна было рэпрэсіравана прыкладна 500 чалавек рознага полу, узросту і дабрабыту (так, маладзейшаму з «ворагаў народу» не было і года, а старэйшаму — 109).
28 чэрвеня 1939 г. быў створаны Акцябрскі раён Палескай вобласці ў складзе 12 сельсаветаў, выдзеленых з Глускага (Азямлянскі, Акцябрскі, Гацкі, Ляскавіцкі, Новадуброўскі, Парэцкі), Капаткевіцкага (Чырвонаслабодскі), Даманавіцкага (Ламавіцкі) і Парыцкага (Гарохавішчанскі (Гарохавіцкі), Любанскі, Пратасаўскі, Раманішчаўскі (Раманішчанскі)) раёнаў. Цэнтрам яго стала Карпілаўка, а насельніцтва на 1938 г. складала 21 тысячу чалавек.
Вялікая Айчынная вайна. Нягледзячы на тое, што ў пачатку вайны вялікіх баёў на тэрыторыі раёна не было — асноўныя сілы немцаў прасоўваліся на поўнач і на поўдзень ад Палесся, падрыхтоўка для адпору ворагу ў раёне пачалася літаральна з першых жа часоў вайны. Так, ужо 22 чэрвеня 1941 г. былі арганізаваны абарончы штаб і знішчальны батальён на чале з Ц. П. Бумажковым і Ф. І. Паўлоўскім, які 26 чэрвеня быў рэарганізаваны ў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», адзін з першых на Беларусі. Спачатку асноўнымі яго функцыямі былі адлоў і знішчэнне нямецкіх парашутыстаў і дыверсантаў, падрыхтоўка абарончых пазіцый і сваіх дыверсійных груп, а ўжо з пачатку ліпеня, калі ў раён была накіравана механізаваная група падпалкоўніка Л. В. Курмышава, партызаны перайшлі да разведвальных і баявых аперацый. 8 ліпеня партызаны сумесна з савецкімі войскамі ўзарвалі мост цераз Пціч каля вёскі Бярозаўка Глускага раёна і сарвалі пераправу нямецкай мотакалоны, у сярэдзіне ліпеня знішчылі штабы нямецкіх часцей у пасёлку Глуша і каля Старых Дарог, а 16-18 ліпеня сумесна з рэгулярнымі войскамі і пры падтрымцы браняпоезда разграмілі штаб дывізіі ў Воземлі. Усю другую палову ліпеня шлі актыўныя баі ў раёне вёсак Раманішчы, Вуглы, Воземля, Чорныя Брады, па рацэ Пціч, 26 ліпеня партызаны тройчы адбівалі атакі немцаў у раёне Рудні. Усяго да канца ліпеня партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» пры дапамозе групы Курмышава знішчыў каля 300 гітлераўцаў, болей за 20 мастоў, каля 20 танкаў, 30 аўтамашын і нават нямецкі браняпоезд. Але ўжо ў пачатку жніўня на правым беразе Пцічы пачалі канцэнтравацца значныя сілы немцаў, асноўнай мэтай якіх было акружэнне і знішчэнне групоўкі савецкіх войскаў і партызан у Акцябрскім раёне. З 2 жніўня пры падтрымцы авіяцыі пачалося масіраванае наступленне нямецкіх войскаў на райцэнтр і пад націскам пераважаючых сіл праціўніка савецкія войскі, а разам з імі і партызаны, 8 жніўня былі вымушаныя пакінуць Карпілаўку. Акцябрскі раён быў поўнасцю акупіраваны.
У другой дэкадзе жніўня 1941 г. партызаны вярнуліся ў раён і, пасля арганізацыі базы і забеспячэння, працягнулі баявыя дзеянні супраць немцаў. Ужо да канца верасня яны знішчылі нямецкія і паліцэйскія гарнізоны ў многіх вёсках раёна. Да канца лістапада ад немцаў былі ачышчаныя ўсе вёскі раёна, а 29 лістапада ў самім райцэнтры была адноўлена Савецкая ўлада. Утварылася Акцябрская партызанская зона, якая крыху пазней ператварылася ў Акцябрска-Любанскую. Пачалі работу райвыканкам, аддзел адукацыі, электрастанцыя, млын, збройная майстэрня, якую немцы неаднаразова спрабавалі разбамбіць. У гэты ж час было створана аб’яднанне партызанскіх атрадаў — г. зв. «гарнізон Паўлоўскага», пачала выходзіць газета «Народны мсцівец». 17 студзеня 1942 г. атрады партызан знішчылі варожы гарнізон у райцэнтры Капаткевічы, 17 лютага — у Азарычах. У канцы сакавіка — пачатку красавіка 1942 г. немцы прадпрынялі адну з буйнейшых карных аперацый супраць партызан і насельніцтва партызанскай зоны — «Бамберг», у ходзе якой у раёне былі поўнасцю ці часткова знішчаныя прыкладна 80 вёсак і загінула каля 8 тысяч чалавек. Пасля гэтага немцы зноў пакінулі гарнізоны ў некаторых вёсках, на гэты раз значна большыя і лепш узброеныя. Але і яны за ліпень-лістапад 1942 г. былі ў асноўным знішчаны партызанамі. У маі 1942 г. пачало дзейнічаць партызанскае злучэнне Палескай і Мінскай абласцей, кіраўніцтва якога размяшчалася ў вёсцы Рэпін і ва ўрочышчы Дзвесніца. Там жа размяшчаліся Мінскі і Палескі падпольныя абкомы КП(б)Б.
Па меры росту сіл партызан яны маглі дазволіць сабе праводзіць усё больш значныя аперацыі супраць немцаў. Так, 27 красавіка 1943 г. быў разгромлены гарнізон у Пратасах, які налічваў больш за 200 салдат і паліцэйскіх, 29 мая — гарнізоны ў Граб’і і Нястанавічах. У асноўным у раёне дыслацыравалася 123-я партызанская брыгада колькасцю каля 600 партызан. У жніўні-кастрычніку яна прыняла актыўны ўдзел у «рэйкавай вайне», у ходзе якой партызаны сумесна з іншымі злучэннямі ў канцы верасня 1943 г. амаль паралізавалі рух на чыгунцы Брэст — Гомель.
У канцы лістапада 1943 г., калі лінія фронту наблізілася да межаў Акцябрскага раёна, сумесныя дзеянні партызан і савецкіх часцей прывялі да таго, што ў лініі фронту ў раёне вёсак Майсееўка — Гадуны — Любань утварыўся разрыў шырынёй каля 10 км — «Рудабельскія вароты», праз якія партызаны перапраўлялі ў савецкі тыл параненых, выводзілі мірнае насельніцтва, перадавалі разведданыя, а таксама атрымлівалі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, што дазволіла ўзмацніць націск на ворага. Занепакоенае гэтым нямецкае камандаванне ў канцы снежня 1943 г. буйнымі сіламі правяло наступленне і здолела закрыць разрыў, а ў канцы студзеня — пачатку лютага і красавіку 1944 г. правяло маштабныя карныя аперацыі, у якіх было задзейнічана да 22 тысяч немцаў і якія змаглі на некаторы час блакіраваць 123-ю партызанскую брыгаду.
З набліжэннем вызвалення раёна ад немцаў дзеянні партызан значна актывізаваліся — яны разбураюць чыгунку Бабруйск-Старушкі, вядуць баі за пераправы цераз Пціч каля Ражанова і Халопеніч і зрываюць тым самым адыход нямецкіх войскаў, якія ў выніку былі поўнасцю разгромлены савецкімі войскамі. 27 чэрвеня 1944 г. пры дапамозе партызан райцэнтр Карпілаўка быў вызвалены байцамі Чырвонай Арміі.
Акцябрскі раён у час акупацыі з’яўляўся адным з буйнейшых цэнтраў партызанскай барацьбы на Беларусі. Тут базіраваліся Палескія абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскі падпольны абком КП(б)Б, штабы Мінскага і Палескага партызанскіх злучэнняў, Акцябрскія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, 123-я брыгада імя 25-годдзя БССР, размяшчаўся аэрадром Палескага злучэння, друкаваліся газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», «Народны мсцівец». З атрадаў, узнікшых на тэрыторыі раёна або створаных пры дапамозе акцябрскіх партызан, пазней былі сфарміраваны 125-я і 210-я Капаткевіцкія, 1-я Бабруйская, 37-я імя А. Я. Пархоменкі, 100-я Глуская, 150-я імя Ф. М. Языковіча, 101-я Даманавіцкая, 225-я, 99-я імя Дз. Ц. Гуляева, 130-я Петрыкаўская брыгады, тут пачыналі дзейнічаць Парыцкі атрад імя С. М. Кірава, атрады Р. І. Бар’яша, І. С. Губіна і А. Ф. Сарафанава, дзейнічала спецгрупа НКДБ «Мядзведзева». У выніку барацьбы супраць захопнікаў загінуў кожны трэці жыхар Акцябршчыны, спалена з жыхарамі або часткай насельніцтва 95 вёсак, 8 з якіх пасля вайны не аднавілася.
Пасляваенныя гады. Адразу пасля вызвалення ўлады накіравалі свае сілы на аднаўленне калгаснай сельскай гаспадаркі, нягледзячы на спадзяванні насельніцтва на роспуск калгасаў і дазвол на вядзенне індывідуальных гаспадарак. Ужо к восені 1944 г. усе калгасы раёна былі адноўлены і ўкамплектаваны кіруючымі кадрамі, аднавіла сваю працу і МТС «20 год Кастрычніка». Насення, кармоў, коней і тым больш тэхнікі часта не хапала, што прыводзіла да нізкіх ураджаеў і надоеў і адпаведна — да невыканання даведзеных паказчыкаў, за што неслі персанальную адказнасць старшыні калгасаў, якіх толькі за 1949 г. у раёне змянілася 29.
Адной з самых характэрных рыс першых пасляваенных дзесяцігоддзяў на вёсцы сталі працадні ці г. зв. «палачкі». Тых, хто не выконваў абавязковы мінімум працадзён, чакалі розныя непрыемнасці і пакаранні, аж да турмы. У той жа час нават мінімальную аплату за працадні ў другой палове 40-х гадоў атрымлівалі толькі 10 % калгаснікаў раёна, у большасці ж гаспадарак працаўнікі не атрымлівалі наогул нічога і маглі існаваць толькі за кошт падсобных гаспадарак, за якія, да таго ж, прыходзіліся плаціць значныя падаткі (за кожнае пладовае дрэва, кожны куст, галаву жывёлы). Гэта прыводзіла да таго, што мужчыны і падлеткі ў масавым парадку пераходзілі на працу ў іншыя галіны гаспадаркі, каб пракарміць свае сем’і. Цяжкі падаткавы прэс на сялян быў зменшаны толькі ў сярэдзіне 50-х гадоў. Толькі пасля правядзення пэўных рэформ у сельскай гаспадарцы ў другой палове 60-х гадоў (пашырэнне капітальнага будаўніцтва, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, спісанне запазычанасцей за ўзятую ў крэдыт тэхніку, частковае ці поўнае вызваленне калгасаў ад падаткаў, павышэнне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю) становішча ў сельскай гаспадарцы раёна збольшага выправілася — засталося толькі толькі дзве нерэнтабельныя гаспадаркі, на 12 % вырасла прадукцыйнасць працы, амаль у два разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы.
Што тычыцца прамысловасці, то да 1950 г. у раёне пачалі дзейнічаць спіртзавод, маслапром, прамкамбінат, арцель інвалідаў, лесапільны цэх і гантарэзка. Быў праведзены мантаж электрастанцыі, што дазволіла асвятліць райцэнтр і бліжэйшыя калгасы.
Адразу пасля вайны ў раёне працавала толькі адна бальніца ў Ляскавіцкім сельсавеце. За два гады было адкрыта яшчэ 2 бальніцы, райамбулаторыя, 8 фельчарскіх і 3 урачэбныя ўчасткі, а ў 1946 г. было пачата будаўніцтва райбальніцы і амбулаторыі.
З 20 верасня 1944 года раён у складзе Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Азямлянскі, Гацкі, Гарохавішчанскі, Новадуброўскі, Раманішчаўскі сельсаветы[16]. 31 жніўня 1954 года цэнтрам раёна стаў гарадскі пасёлак Акцябрскі. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Валосавіцкі сельсавет скасаванага Даманавіцкага раёна. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Светлагорскага раёна. 30 ліпеня 1966 года раён адноўлены, уключаў гарадскі пасёлак Акцябрскі, Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі сельсаветы. 25 сакавіка 2005 года Чырвонаслабодскі сельсавет перайменаваны ў Краснаслабодскі.
Насельніцтва
Колькасць насельніцтва раёна складае 15,8 тыс. чалавек (2010). У табліцы ніжэй прыведзена дынаміка колькасці насельніцтва па перапісах і асобных гадах.
1959 г. | 1970 г. | 1979 г. | 1989 г. | 1999 г. | 2003 г. | 2009 г. |
---|---|---|---|---|---|---|
23962 | 24545 | 21953 | 20612 | 20235 | 18929 | 15989 |
Як добра бачна з табліцы, насельцтва ў раёне змяншаецца ўжо 40 гадоў. Асноўнай прычынай таму — слабаразвітая гаспадарка (адсутнасць колькі-небудзь значных прамысловых прадпрыемстваў, адносна нізкая ўрадлівасць сельскагаспадарчых земляў, вельмі слабае развіццё сферы паслуг), што вымушае працаздольнае насельніцтва шукаць заробак па-за межамі раёна, а ў апошнія дзесяцігоддзі — і краіны.
Табліца. Колькасць насельніцтва па трох апошніх перапісах [1][17]
На 12.01.1989 г. | На 16.02.1999 г. | На 24.10.2009 г. | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Усяго | Гарадское насельніцтва | Сельскае насельніцтва | Усяго | Гарадское насельніцтва | Сельскае насельніцтва | Усяго | Гарадское насельніцтва | Сельскае насельніцтва | |
Колькасць насельніцтва | 20612 | 7335 | 13277 | 20235 | 8440 | 11795 | 15989 | 7367 | 8622 |
мужчын | 9537 | 3519 | 6018 | 9422 | 4029 | 5393 | 7544 | 3515 | 4029 |
жанчын | 11075 | 3816 | 7259 | 10813 | 4411 | 6402 | 8445 | 3852 | 4593 |
У тым ліку ў узросце | |||||||||
маладзейшым за працаздольны | 5258 | 2363 | 2895 | 4760 | 2226 | 2534 | 2807 | 1317 | 1490 |
мужчын | 2701 | 1207 | 1494 | 2423 | 1141 | 1282 | |||
жанчын | 2557 | 1156 | 1401 | 2337 | 1085 | 1252 | |||
працаздольным | 10102 | 4041 | 6061 | 10119 | 5025 | 5094 | 9024 | 4624 | 4400 |
мужчын (16-59 гадоў) | 5531 | 2037 | 3494 | 5345 | 2503 | 2842 | |||
жанчын (16-54 гады) | 4571 | 2004 | 2567 | 4774 | 2522 | 2252 | |||
старэйшым за працаздольны | 5252 | 931 | 4321 | 5356 | 1189 | 4167 | 4158 | 1426 | 2732 |
мужчын | 1305 | 275 | 1030 | 1654 | 385 | 1269 | |||
жанчын | 3947 | 656 | 3291 | 3702 | 804 | 2898 |
Беларусы складаюць 95,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва, рускія — 2,8 %, украінцы — 1,0 %.
Усяго ў раёне працуе 5309 чалавек (пры тым, што колькасць працаздольнага насельніцтва перавышае 9 тыс. чалавек), у тым ліку 1524 (28,7 %) у сельскай гаспадарцы, 902 (17,0 %) — у адукацыі, 513 (9,7 %) — гандлі і харчаванні, 339 (6,4 %) — прамысловасці, 447 (8,4 %) — ахове здароўя, фізічнай культуры і сацыяльным забеспячэнні, 325 (6,1 %) — сферы ЖКГ, 238 (4,5 %) — будаўніцтве, 204 (3,8 %) — культуры, 166 (3,1 %) — транспарце, 121 (2,3 %) — сувязі.
Эканоміка
Галоўная роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 44,7 тыс. га, у тым ліку 27,0 тыс. га — пашня, 17,5 тыс. га — лугавыя землі. Асноўная сельскагаспадарчая галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Вырошчваюцца збожжавыя і зернебабовыя, кармавыя культуры, бульба; з тэхнічных — рапс, лён, цукровыя буракі. Характэрнай рысай сельскай гаспадаркі раёна, як і амаль усяго Палесся, з’яўляецца высокая доля асушаных земляў — 27,5 тыс. га (61,5 %), 12,9 тыс. га з якіх выкарыстоўваюцца пад пашню і 14,6 тыс. га — пад лугі.
Прамысловасць развіта слаба і прадстаўлена некалькімі невялікімі прадпрыемствамі харчовай (завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод), дрэваапрацоўчай (лясгас), будаўнічай (асфальтавы завод) атраслей. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна вядзецца здабыча нафты (у асноўным Вішанскае радовішча).
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная ветка Жлобін — Рабкор, аўтадарогі Глуск — Азарычы, Парычы — Капаткевічы.
Ганаровыя грамадзяне Акцябрскага раёна
- Міхаіл Іванавіч Баравы[18]
- Пётр Акуловіч Кавалевіч
- Анатоль Пятровіч Магазіншчыкаў
- Іван Якаўлевіч Паршута
- Віктар Уладзіміравіч Шчэцька
- Віктар Іванавіч Шуст
- Дзмітры Пятровіч Высоцкі
- Аляксандр Аркадзевіч Петух
- Мікалай Ігнацьевіч Баранаў
- Леанід Васільевіч Барабанаў
- Іван Ціханавіч Вараб’ёў
- Сяргей Іванавіч Грахоўскі
- Іван Трафімавіч Дайнэка
- Леанід Ніканоравіч Дробаў
- Васіль Анісімавіч Зыблёў
- Іван Паўлавіч Каленкевіч
- Міхал Арцёмавіч Качан
- Уладзімір Герасімовіч Козыр
- Анатоль Сяргеевіч Новікаў
- Мікалай Міхайлавіч Судас
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Полезные ископаемые Беларуси. К 75-летию БелНИГРИ. — Мн.: Адукацыя i навука, 2002.
- 1 2 3 Схема землеустройства Октябрьского района Гомельской области БССР. — Гомель: Гомельский филиал «Белгипрозема», 1976.
- 1 2 3 4 Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Том 1: Ааліты-Гасцінец — Мн.: БелСЭ, 1983.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусi. Том 4: Недалька-Стаўраліт — Мн.: БелСЭ, 1985.
- ↑ Пояснения к районной почвенной карте Октябрьского района Гомельской области. — Гомель: РДУП «Проектный институт Гомельгипрозем», 1999
- ↑ Проект организации и ведения лесного хозяйства ГЛХУ «Октябрьский лесхоз» Гомельского производственного лесохозяйственного объединения на 2001—2010 гг. Том 1. Пояснительная записка. — Минск, 2001.
- ↑ Годовой отчет осуществления государственного контроля за использованием и охраной животного мира и ведением охотничьего хозяйства на территории Октябрьского района. — Октябрьский, 2002.
- ↑ “О республиканском биологическом заказнике «Октябрьский». Постановление Совета Министров РБ № 864 от 27 июня 2003 года
- ↑ «О республиканских заказниках». Постановление Совета Министров РБ № 1833 от 27 декабря 2007 года (подпункт 1.10)
- 1 2 3 4 Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
- 1 2 Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах. Том 1. — Мн.: «Белкартаграфія», 2009.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Пашпарт Акцябрскага раёна. — Акцябрскі, 2003.
- ↑ Почетные граждане Октябрьского района
Спасылкi
- Афіцыйны сайт Акцябрскага раёна
- Неафіцыйны сайт Акцябрскага раёна
- Афіцыйны сайт раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» Архівавана 21 студзеня 2012.
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Азарыцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Глускага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Даманавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Капаткевіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Парыцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Светлагорскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Валгаградскай вобласці Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны Караганды Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1939 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Акцябрскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.