Славутыч
Славутыч[1] (укр. Славутич) — горад у Кіеўскай вобласці Украіны. Горад стаіць на левым беразе Дняпра (Славутыч — старажытнаславянская назва Дняпра). У цяперашні час насельніцтва Славутыч складае каля 25.050 чалавек. Большасць з дарослага насельніцтва працуе на Чарнобыльскай АЭС.
Геаграфія
Славутыч размешчаны на левым беразе Дняпра, за 40 км ад Чарнігава, 45 км ад Прыпяці, 50 км ад Чарнобыля і 200 км ад Кіева. Геаграфічна знаходзіцца ў межах Чарнігаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці, аднак адміністрацыйна адносіцца да Кіеўскай вобласці.
Гісторыя
Славутыч — наймаладзейшы горад Украіны. Яго будаўніцтва пачалося ў 1986 годзе неўзабаве пасля Чарнобыльскай аварыі, каб размясціць у ім працаўнікоў АЭС з сем’ямі, эвакуіраваных з Прыпяці. Назва ўзятая ад старарускай назвы ракі Дняпро.
Першыя жыхары засяліліся ў свае хаты ў кастрычніку 1988 года. Дагэтуль тут пераважна жывуць пацярпелыя, адселеныя з забруджанай зоны, 8000 з якіх у часе аварыі былі дзецьмі. Большасць працаздольнага насельніцтва Славутыча працуе на атамнай станцыі, куды пракладзеная чыгунка[uk], што двойчы перасякае беларускую мяжу, а таксама на прадпрыемствах зоны адчужэння.
Славутыч быў запланаваны як «горад XXI стагоддзя», у яго пабудове ўдзельнічалі будаўнікі і архітэктары з васьмі савецкіх рэспублік: Азербайджанскай, Армянскай, Грузінскай, Латвійскай, Літоўскай, Расійскай, Украінскай і Эстонскай. У выніку горад падзелены на восем мікрараёнаў[2], якія маюць свой унікальны стыль і атмасферу.
Да 17 ліпеня 2020 горад меў статус абласнога значэння і не ўваходзіў у склад якога-небудзь раёнаў. Горад быў цэнтрам Славутыцкага гарадскога савета.
Насельніцтва
Колькасць
1989 | 2001 | 2008 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 |
---|---|---|---|---|---|---|
11 364 | 24 402 | 24 391 | 24 492 | 24 726 | 24 826 | 25 112 |
У Славутычы назіраецца высокая нараджальнасць і нечакана нізкая смяротнасць, таму сярэдні ўзрост жыхара Славутыча значна меншы за любы іншы горад Украіны. Больш за ⅓ ягоных насельнікаў маладзейшыя за 18 гадоў.
Мова
украінская мова | руская | беларуская | армянская |
---|---|---|---|
55,42 % | 42,58 % | 1,25 % | 0,26 % |
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
- ↑ Sébastien Daycard-Heid.. A second life for the inhabitants of Chernobyl(англ.) (недаступная спасылка). Cafébabel (24 красавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2013. Праверана 27 красавіка 2016.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Славутыч
- Афіцыйны сайт Архівавана 8 сакавіка 2017. (укр.)
- База дадзеных Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны Архівавана 31 ліпеня 2014. (укр.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.