Старадуб
Старадуб — горад у Бранскай вобласці Расіі, адміністрацыйны цэнтр Старадубскага раёна. Насельніцтва 18,4 тыс. чалавек (2005). Размешчаны на рацэ Бабінец за 169 км ад Бранска.
Гісторыя
Дзяцінец Старадуба ўзнік на гарадзішчы юхнаўскай культуры, пазней роменскай культуры, размяшчаўся на левым беразе р. Бабінец на Салдацкай гары.
Горад размясціўся на крайнім захадзе густанаселенага палескага аполля. Упершыню згадваецца ў спісе шляхоў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха (змешчаны ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1096 годам) пры апісанні падзей 1078/1079 гадоў, калі ён разбіў палавецкіх ханаў Асадука і Саўка, якія захапілі Старадуб. У 1096 годзе кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч і князь Уладзімір Манамах аблажылі ў Старадубе князя Алега Святаславіча. Горад з’яўляўся адным з важных цэнтраў Чарнігаўскага княства, у сярэдзіне XII — 1-й палове XIII стагоддзяў — аб’ект спрэчкі паміж кіраўнікамі Чарнігаўскага княства і Ноўгарад-Северскага княства, перыядычна там існаваў княскі стол. Дзяцінец Старадуба (плошча 1,5 га) быў акружаны валам з чаргаваных сырцовых і драўляных канструкцый; да дзядзінца прымыкалі ўмацаваны вакольны горад і неўмацаваны пасад (у тым ліку і на правым беразе р. Бабінец). Агульная плошча Старадуба дасягала 25 га.
З сярэдзіны XIV стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Цэнтр Старадубскага княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (не пазней за 1388 — 1406, не пазней за 1422 — 1432, 1446—1447, 1454—1500) і Рускай дзяржавы (1500—1518). Жыхары Старадуба («Старадубская харугва») удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве (1410). З сярэдзіны XV стагоддзя тут княжылі ўцекачы ў Вялікае Княства Літоўскае ў ходзе Маскоўскай усобіцы 1425—1453 гадоў маскоўскія Рурыкавічы: князь Васіль Яраславіч (1446—1447), князь Іван Андрэевіч (з 1454). У 1500 годзе сын апошняга, князь Сямён Іванавіч, перайшоў са сваімі ўладаннямі на службу да вялікага князя маскоўскага Івана III Васільевіча (замацавана Маскоўскім перамір’ем, 1503). У час руска-літоўскай вайны 1534—1537 гадоў горад двойчы абложваўся войскамі Вялікага Княства Літоўскага: у 1534 годзе (беспаспяхова) і 1535 годзе (узяты штурмам, спалены, загінула каля 13 тыс. жыхароў). У 1536 годзе ўзведзены новыя земляныя ўмацаванні.
У Смутны час жыхары падтрымалі Ілжэдзмітрыя I, летам 1607 года горад стаў часовай сталіцай Ілжэдзмітрыя II. У 1610 годе ўзяты запарожскімі казакамі і спалены. Па Дэулінскім перамір’і 1618 года адышоў у склад Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе атрымаў магдэбургскае права (у 1666 годзе пацверджана рускім царом Аляксеем Міхайлавічам).
У 1633 годзе ўзяты расійскімі войскамі падчас вайны 1632—1634 гадоў, але паводле Палянаўскага міру (1634) застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай. У 1648 годзе заняты атрадамі казакоў, соценны горад Нежынскага палка (1654—1663), палкавы горад Старадубскага палка (1663—1781).
Па Андрусоўскім перамір’і (1667) застаўся ў складзе Рускай дзяржавы. У сярэдзіне XVII стагоддзя Старадуб уключаў 2 земляныя крэпасці («гарады») і 4 прадмесці. У XVII—XVIII стагоддзях адзін з галоўных гандлёвых цэнтраў Гетманства. У 1708 годзе, падчас Паўночнай вайны (1700—1721), шведскія войскі тройчы беспаспяхова спрабавалі захапіць Старадуб. Павятовы горад Ноўгарад-Северскага намесніцтва (1781—1796), Маларасійскай губерні (1796—1802), Чарнігаўскай губерні (1802—1919). У 1900 годзе адкрыты рух па чыгуначнай лініі Унеча — Старадуб (вузкакалейная, у 1927 годзе перашыта на шырокую каляіну).
У 1917—1918 гадах у складзе Украінскай Народнай Рэспублікі. У студзені 1918 года ўсталявана савецкая ўлада. 10 красавіка 1918 года акупаваны германскімі войскамі, уваходзіў у склад Украінскай дзяржавы.
25 лістапада 1918 года заняты часцямі Чырвонай Арміі. 1 студзеня 1919 года пастановай І з’езда КП(б) Беларусі разам з часткай Чарнігаўскай губерні ўключаўся ў Беларускую ССР[2], але I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, не ўхваліў гэта рашэнне.
Павятовы горад Гомельскай губерні (1919—1926) і Бранскай губерні (1926—1929) РСФСР. Раённы цэнтр Клінцоўскай акругі (да 1930) Заходняй вобласці (1929—1937), Арлоўскай вобласці (1937—1944).
У Вялікую Айчынную вайну 18 жніўня 1941 года акупаваны германскімі войскамі. Вызвалены савецкімі войскамі 22 верасня 1943 года падчас Бранскай наступальнай аперацыі.
З 1944 года раённы цэнтр Бранскай вобласці. З 2020 года адначасова цэнтр Старадубскай муніцыпальнай акругі.
Эканоміка
Аснова гарадской эканомікі — харчовая прамысловасць.
Вядомыя асобы
- Валерый Рыгоравіч Слюнчанка (1945—1992) — беларускі архітэктар, рэстаўратар, мастак.
- Георгій Васільевіч Мяцельскі (1911—1996) — расійскі пісьменнік, празаік, аўтар вершаў.
- Павел Андрэевіч Растаргуеў (1881—1959) — беларускі і расійскі мовазнаўца і педагог.
Зноскі
- ↑ http://web.archive.org/web/20090828062338/http://www.gks.ru/wps/PA_1_0_S5/Documents/jsp/Detail_default.jsp?category=1112178611292&elementId=1140096199984 - Колькасць насельніцтва Расійскай Федэрацыі па гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і раёнах на 1 студзеня 2010 года (руск.)
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Старадуб
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Гродзенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Кобрынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Руднянскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Бранскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.