wd wp Пошук:

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі

Гісторыя Беларусі
Пагоня, гістарычны герб Беларусі Сучасны герб Беларусі

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
Полацкае княства
(Кіеўская Русь · Смаленскае княства · Тураўскае княства)
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі // Сярэдняя Літва
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб’яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка Белару́сі (скарочана ССРБ), Белару́ская Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка (скарочана БССР) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала ў студзені-лютым 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада.

Гісторыя

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць.

Па пытанні самавызначэння Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркавання. А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лідары выступалі за стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўваходжанне яе ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Заходняй вобласці А. Мяснікоў, В. Кнорын, М. Калмановіч, К. Ландэр і іншыя не прызнавалі існавання беларускага этнасу, і ажыццяўлення права нацыі на самавызначэнне ва ўмовах набліжэння, як ім здавалася, сусветнай рэвалюцыі таксама не прызнавалі.

Пасля заканчэння германскай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 і заняцця яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй узнікла неабходнасць тэрміновага стварэння на гэтых землях савецкай дзяржаўнасці. Ліквідаваўшы войскамі Чырвонай Арміі БНР, у снежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне беларускай савецкай рэспублікі.

30—31 снежня 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У склад гэтага ўтварэння ўвайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, большая частка Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. Сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня З. Жылуновіч), маніфестам якога 1 студзеня 1919 года Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада і ўрад БНР аб’яўлены па-за законам. Такім чынам, партыйная канферэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу і парламента Беларусі.

8 студзеня 1919 года ўрад ССРБ пераехаў са Смаленска ў Мінск.

16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні.

22 студзеня 1919 года спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А. Іофэ аб’явіў рашэнне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў.

31 студзеня 1919 года ССРБ выйшла са складу РСФСР — урад Савецкай Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.

Існаванню беларускай дзяржаўнасці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай Расіі, як у Маскве, гэтак і на месцах.

На Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ў Мінску 2-3 лютага 1919, была прынята Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, з’езд пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія засталіся ў складзе РСФСР. Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў, што прыбыў на з’езд, абвясціў пастанову Прэзідыума УЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», а таксама патрабаваў аб’яднання Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў». Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў і гэта патрабаванне.

27 лютага 1919 года на аб’яднаным паседжанні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. Фактычна ССРБ (БССР) перастала існаваць.

Гісторык Сяргей Траццяк адзначыў, што, магчыма, БССР дазволілі ўтварыцца менавіта як буфернай краіне — той зямлі, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць[1].

ССРБ як дзяржаўнае ўтварэнне праіснавала не больш за месяц. Невялікі час гісторыя адвяла і адзінай Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ужо вясной 1919 года яе тэрыторыю захапілі легіёны «начальніка дзяржавы Польскай» Ю. Пілсудскага. Пасля іх выгнання 31 ліпеня 1920 года ў Мінску адбылося па сутнасці другое абвяшчэнне ССРБ на прынцыпах Маніфеста студзеня 1919 года. Толькі цяпер яна працягвала адлік гісторыі ва «ўрэзаным стане». Спатрэбіўся значны час, каб вярнуць у склад Беларусі тэрыторыі, страчаныя ў час грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гадоў і польскай акупацыі.

Аднаўленне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь

31 ліпеня 1920 года на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Гл.далей Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Зноскі

  1. На шляху беларускай дзяржаўнасці

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя сацыялістычныя рэспублікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be