wd wp Пошук:

Старч

Старч[1] (трансліт.: Starč, руск.: Старч) — былая[2] вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Велікаборскага сельсавета.

Гісторыя

Старч (Старчево) на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.
Старч (Старчицы) на тапаграфічнай карце Мінскай губерні 1846 г.

Ці не ўпершыню Старч згаданы ў сувязі з узвядзеннем тут царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў 1746 годзе[3]. Надалей вядома, што ў працягу 1778—1787 гг. у тутэйшай уніяцкай царквы не было свайго сталага настаяцеля, бо прыход яе малалюдны, а таму і бедны — усяго хіба 40 двароў[4] (×6 — каля 240 чалавек[upper-alpha 1]. У справе аб дваранстве роду Аскеркаў Старч названы ў ліку паселішчаў, якія належалі харунжаму мазырскаму пану Багуславу. У 1782 годзе ён склаў тэстамент сваім сынам Леапольду Юзафу, Фларэнціну, Станіславу і Міхалу. Старч дастаўся Міхалу, а пасля яго сыну Эразму[5]. У 1790 годзе Б. Аскерка пісаў з Барыскавічаў абознаму К. Прозару, абы дазволіў яго старчанскім сялянам супольна карыстацца грунтам у вялікаборскіх угоддзях[6].

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Старч апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[7]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сяло Старч, як і вёскі Маклішча, Муціжар, належала да двара (маёнтку) Міхалёў паручніка кавалерыі войскаў польскіх Міхала Аскеркі. Царква Раства Багародзіцы пэўны час працягвала заставацца ўніяцкай[8]. Захаваўся вопіс 1796 года, у якім зазначаны лядашчы стан яе будынка[3]. У шляхецкай рэвізіі 1811 года пацверджана і дададзена: пан Міхал Аскерка і яго сыны Альбін, Вікенцій, Ян Антоні, Эразм былі ўладальнікамі двара Міхалёў, паселішчаў Старч, Муціжар, Маклішча, у якіх разам налічвалася 130 душ падданых мужчынскага пола[9].

У парэформенны час Старч належаў да Аўцюцевіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. На 1897 год існавалі фальварак Старч (Муціжар) паноў Аскеркаў з 14 жыхарамі і аднайменная слабада, у якой налічвалася 9 двароў з 72 жыхарамі.

У 1917 годзе жыхары хутароў на месцы былога маёнтку Старч карысталіся 28 з паловай дзесяцінамі зямлі.

З 8 снежня 1926 года хутары належалі да Муціжарскага сельсавета Юравіцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Мазырскай акругі, з 10 лістапада 1927 года — у Хобненскім сельсавеце тых самых раёна і акругі. У 1931 годзе ў вёсцы адкрыта школа і створаны калгас «Новы Старч». У 1932 годе ў калгасе налічвалася 38 сем’яў работнікаў і 146 га зямлі. У 1959 годзе вёска Старч у Велікаборскім сельсавеце Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Насельніцтва

Дынаміка

  • 1897 год — 14 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1909 год — у фальварку 3 жыхары, на хутарах 23 гаспадаркі, 199 жыхароў.
  • 1917 год — 12 гаспадарак, 68 жыхароў.
  • 1926 год — 21 двор, 105 жыхароў.
  • 1932 год — 38 сем’яў.
  • 1959 год — 88 жыхароў (згодна з перапісам).
  • 1970 год — 67 жыхароў.
  • 2004 год — жыхароў няма.

Заўвагі

  1. Відавочна, не адно жыхароў сяла Старч, але і нейкіх безымянных сядзібаў у наваколлі.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Старч на сайце Дзяржаўнага цэнтра картографа-геадэзічных матэрыялаў і даных Рэспублікі Беларусь
  3. 1 2 НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 42
  4. Лісейчыкаў Д. В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720—1839 гг. — Мінск, 2011. С. 58
  5. НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 71адв.-72
  6. Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 35
  7. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  8. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71, 74
  9. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 173

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Іўеўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гадуцішскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Пастаўскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be