Судзілы
Судзі́лы[2] (трансліт.: Sudzily, руск.: Судилы) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Лабжанцы. Уваходзіць у склад Родненскага сельсавета. Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад Клімавічаў, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы.
Гісторыя
Вёска здаўна лічылася шляхецкай, у ёй пражывала ваколічная шляхта[3]. Па летапісных крыніцах вядома з 1630 года як сяло, меўся гаспадарскі двор. У 1684 годзе — сяло Судзілавічы ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць, меўся вадзяны млын. У 1737 годзе замест старой была ўзведзена новая царква.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска апынулася ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. У 1815 годзе сяло было ўласнасцю памешчыка.
У 1890 годзе 12 жыхароў займаліся алейным промыслам[4]. У 1881 годзе адкрылася царкоўнапрыходская школа. Па выніках перапісу 1897 года, у Судзілах дзейнічаў піцейны дом, штогод 8 верасня праводзіўся кірмаш. Да рэвалюцыі ў мясцовай царкве служылі айцец Данііл з Дамамерычаў, дзяк Рыжыкаў і званар Мікалай Іванавіч Галкоўскі[5].
У 1919 годзе вёска ўвайшла ў склад Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. Замест царкоўнапрыходскай адкрылася працоўная пачатковая школа, у якой у 1925 годзе налічвалася 53 вучні. У 1921 годзе мясцовую царкву закрылі і ператварылі ў клуб, потым — у склад[5].
У выніку першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Судзілы апынуліся ў Клімавіцкім раёне Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам сельсавета. 20 мая 1929 года ў вёсцы быў арганізаваны калгас «Чырвоны Маяк», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 112 гаспадарак і 717 га ворыва. У 1931 годзе для школы ўзвялі новае памяшканне, працавалі ветраны млын і кузня[6].
З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Судзілы былі пад нямецкай акупацыяй. У памяць аб 100 вяскоўцах, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1967 годзе быў пастаўлены помнік.
З 11 красавіка 1960 года вёска ў складзе Родненскага сельсавета[7].
У 1980-я гады ў вёсцы працавалі аддзяленне сувязі, бібліятэка з фондам больш за 11 тысяч кніг, клуб, крама, фельчарска-акушэрскі пункт, ферма буйной рагатай жывёлы і сярэдняя школа, у канцы 2000-х гадоў — аддзяленне сувязі, бібліятэка, крама, пачатковая школа і фельчарска-акушэрскі пункт[6].
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1780 год — 25 двароў, 93 жыхары.
- XIX стагоддзе: 1897 год — 124 двары, 654 жыхары.
- XX стагоддзе: 1909 год — 831 жыхар; 1926 год — 139 двароў, 760 жыхароў; 1970 год — 101 двор, 246 жыхароў.
- XXI стагоддзе: 2007 год — 83 двары, 205 жыхароў; 2009 год — 146 жыхароў[8]; 2020 год — 46 двароў, 79 жыхароў[1].
Забудова
Вёска складаецца з трох вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, злучаных завулкамі і мясцовай дарогай. Забудавана пераважна традыцыйнымі сялянскімі хатамі. У цэнтры знаходзіцца сквер. Грамадскія будынкі чаргуюцца з жылой забудовай. На паўночна-заходняй ускраіне вёскі размешчаны гаспадарчы комплекс[6].
Славутасці
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (XIX стагоддзе, не дзейнічае).
Вядомыя ўраджэнцы
- Пётр Міхайлавіч Судзілоўскі (1928—2000) — дырэктар прадпрыемства «Беларуськалій», Герой Сацыялістычнай Працы (1974).
- Міхаіл Фёдаравіч Галкоўскі (нар. 1942) — беларускі артыст оперы (драматычны тэнар).
- Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі (нар. 1959) — краязнавец, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва[9].
- Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі (нар. 1990) - гісторык і краязнавец, сын А.М.Галкоўскага.
Зноскі
- 1 2 Родненскі сельскі Савет(руск.) . Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 23 ліпеня 2020.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Студзі́лы
- ↑ Зьміцер Бартосік.. «Шляхецкія» і «мужыцкія» вёскі беларуска-расейскага памежжа (бел.) . Радыё Свабода (22 кастрычніка 2012). Праверана 23 ліпеня 2020.
- ↑ Sudiły // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 550
- 1 2 Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 89.
- 1 2 3 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — С. 141
- ↑ Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
- ↑ Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года(руск.) . Праверана 23 ліпеня 2020.
- ↑ Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч. — Магілёўская абласная бібліятэка. (бел.)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2. — С. 141
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Судзілы
Катэгорыя·Населеныя пункты Клімавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.