wd wp Пошук:

Сяліба (Бярэзінскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сяліба.

Сялі́ба[1] (трансліт.: Sialiba, руск.: Селиба) — аграгарадок у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Капланецкага сельсавета.

Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Сялібскага сельсавета[2].

Знаходзіцца за 35 км на поўдзень ад г. Беразіно, 136 км ад Мінска, 25 км ад чыгуначнай станцыі Нясета, на рацэ Бярэзіна.

Гісторыя

Вёска вядомая з 1858 года. Знаходзілася ў складзе маёнтка Брадзец у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, З’яўлялася ўласнасцю памешчыка Лукашэвіча. У 1880-х гг. ён распрадаў свае землі яўрэям. 21 чэрвеня 1910 года пажар знішчыў 146 пабудоў.

У 1917 годзе вёска мела 75 двароў, 459 жыхароў і паштовае аддзяленне. Арганізавалася савецкае таварыства «Чырвоны селянін». У 1918 годзе — Савет сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў.

У 1919 годзе польскія легіянеры ўчынілі яўрэйскі пагром.

6 кастрычніка 1921 адкрыўся рабочы клуб, потым бібліятэка. У пачатку 1920-х пачала працаваць яўрэйская школа.

У 1924 годзе была адкрыта 4-гадовая школа з беларускай мовай навучання, сельска-гаспадарчае таварыства, медпункт.

У 1927 годзе яўрэйскай пачатковая школа пераўтварылася ў сямігадовую.

У 1930-я дзейнічала 3 грамадскія лазні, пошта.

У 1929 годзе пачалася калектывізацыя, і ў яўрэйскай частцы вёскі быў створаны калгас імя Калініна. У 1934 годзе ў беларускай частцы вёскі быў створаны калгас імя Будзённага.

25 ліпеня 1936 года ў будынку былой сінагогі быў адкрыты клуб на 300 месцаў.

У 1937 годзе беларуская і яўрэйская школы былі аб’яднаныя ў адну (з 1940 года — сярэдняя).

Сяліба, скульптура воіна

У Вялікую Айчынную вайну з пачатку ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 года была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. У баях за вызваленне вёскі загінула 30 савецкіх воінаў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 42 вяскоўцы. У памяць аб іх у 1967 годзе ў скверы была ўсталявана скульптура воіна.

У 1969 годзе пачалі дзейнічаць фотаатэлье, швейная і абутковая майстэрні.

У 2003 годзе дзейнічалі сельсавет, аддзяленне сувязі, сярэдняя і музычная школы, сталовая, камбінат бытавога абслугоўвання, дзіцячы садок, 2 крамы, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, інтэрнат, ашчадная каса, АТС, аддзяленне сувязі[3].

Да 28 мая 2013 года з’яўлялася адміністрацыйным цэнтрам Сялібскага сельсавета. Пасля скасавання Сялібскага сельсавета ўключаная ў Капланецкі сельсавет[4].

Насельніцтва

  • 1999 год — 430 чалавек
  • 2002 год — 391 жыхар, 145 двароў
  • 2010 год — 294 чалавекі

Планіроўка

Планіровачна вёска складаецца з 3 асноўных вуліц, галоўная з якіх — адрэзак дарогі — крывалінейная, працяглая. Грамадскія будынкі размешчаныя на галоўнай вуліцы сярод жылой забудовы. На ўскраінах і ў цэнтры сярод драўляных забудоваў узведзеныя 1- і 2-павярховыя мураваныя дамы.

Інфраструктура

  • Сярэдняя школа
  • Клуб
  • Бібліятэка
  • Аддзяленне сувязі

Славутасці

Сяліба, яўрэйскія могілкі
  • Яўрэйскія могілкі, першае пахаванне на якіх датуецца пачаткам XVIII стагоддзя, а апошняе — 2003 годам. Зараз у вёсцы яўрэяў не засталося[5].
Сяліба, рэшткі вадзянога млына
  • Рэшткі вадзянога млына XIX — пач. XX ст.
Сяліба, царква Св. Георгія

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 23 верасня 2013. (руск.)
  3. Трапянок М. Славіцца Сяліба людзьмі // Бярэзінская панарама.
  4. Рашэнне менскага абласнога савета дэпутатаў ад 28 мая 2013 Архівавана 11 снежня 2013. (руск.)
  5. Агентство Еврейских Новостей

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бярэзінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be