Сярпейск
Сярпейск — сяло ў Расіі, на рацэ Сярпейцы. Уваходзіць у склад Мяшчоўскага раёна Калужскай вобласці. Насельніцтва на 2012 год — 1265 чалавек. Знаходзіцца за 20 км ад Мяшчоўска, за 104 км ад Калугі.
Сярпейск — даўняе места гістарычнай Смаленшчыны.
Гісторыя
Першае пісьмовае ўпамінанне пра Сярпейск датуецца 1406 годам, калі ён уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1494 годзе Сярпейск захапіў маскоўскі гаспадар Іван III, але паводле мірнага дагавора, вярнуў яго вялікаму князю Аляксандру. У 1500 годзе места апынулася ў складзе Маскоўскай дзяржавы.
У 1613 годзе Сярпейск вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацвердзіла Дэулінскае перамір’е 1618 года. Ён увайшоў у склад Смаленскага павета Смаленскага ваяводства. У 1632 годзе места захапілі маскоўскія войскі.
Паводле Палянаўскага дагавора 1634 года Сярпейск апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1776 годзе горад стаў цэнтрам павета ў Калужскім намесніцтве. У 1777 годзе ўлады даравалі Сярпейску герб. Пазней горад увайшоў у склад Мяшчоўскага павета.
У пачатку XX ст. у Сярпейску былі плошча, 14 вуліц і 2 завулкі, дзейнічалі 3 царквы, працавалі прыходскае вучылішча, паштовая станцыя, палатняная і прадзільная фабрыкі, штогод праводзілася 2 кірмашы.
У 1919 годзе Сярпейск пазбавілі статусу горада.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагоддзе: 1863 год — 766 чал.; 1889 год — 1818 чал.[1]
- XX стагоддзе: 1914 год — 1053 чал.
- XXI стагоддзе: 2012 год — 1265 чал.
Інфраструктура
У Сярпейску працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя школа, бальніца, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Гістарычная забудова (XIX — пачатак XX ст.; фрагменты)
- Царква Святога Мікалая (1771)
- Царква Святога Спаса (1783)
Страчаная спадчына
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла
Зноскі
- ↑ Сярпейск // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — (польск.) S. 457.
Літаратура
- Сярпейск // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom X (Rukszenice — Sochaczew), 1889 (польск.)
- Серпейск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Калужскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.