Сідра (вёска)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сідра (значэнні). Сідра (польск.: Sidra) — вёска ў Польшчы, за 18 км на поўнач ад Сакулкі, за 52 км на поўнач ад Беластока, на рацэ Сідры. Уваходзіць у склад Сакульскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Сідра.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Землі, на якіх з’явілася Сідра, знаходзіліся ў валоданні Гаштольдаў, Галоўчынскіх, Валовічаў. У 1560-я гады Астафій Валовіч заснаваў тут кальвінскі збор. У 1566 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Сідры гарадскія правы.
У 1630 годзе Сідра перайшла ў валоданне Патоцкіх, якія перабудавалі замак пад палац. У 1704 годзе новыя ўладальнікі мястэчка Шчукі заснавалі тут каталіцкую парафію.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Сідра апынулася ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартаменце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам паміж Расіяй і Францыяй, мястэчка апынулася ў Беластоцкай вобласці Расійскай імперыі.
На 1878 год у Сідры было 110 драўляных будынкаў. У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.
Найноўшы час
Пасля польска-савецкай вайны, згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Сідра ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Гродзенскім павеце Беластоцкага ваяводства.
З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Сідру акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа[крыніца?]. У лістападзе 1939 года Сідра ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласць. З чэрвеня 1941 да верасня 1944 года вёска зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Сідру Польскай Народнай Рэспубліцы.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1878 год — 920 чал.[1]
- XXI стагоддзе: 2011 год — 673 чал.
Славутасці
- Замчышча
- Кальвінскі збор (2-я палова XVI ст., захаваліся руіны)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (XVIII ст.)
Галерэя
Зноскі
- ↑ Krzywicki J. Sidra // Słownik geograficzny… T. X. — Warszawa, 1889. S. 482.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сідра (вёска)
Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Сакульскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.