wd wp Пошук:

Тунеўшчына

Туне́ўшчына[1] (трансліт.: Tunieŭščyna, руск.: Туневщина) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.

Гісторыя

Фальварак і вёска Тунеўшчызна на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Вёска Тунеўшчына (Тунеўшчызна, Туноўшчызна) вядомая з крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, як паселішча ў Речыцкай акрузе (павеце) Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1797 года — Мінскай губерні. Належала мазырскаму земскаму суддзі Фларыяну Аскерку, уладальніку маёнтку Алексічы альбо Новы Двор, на 1796 год знаходзілася ў заставе ў пана Садкоўскага[2]. У 1834 годзе ў Тунеўшчыне ўладальнікаў Антонія, сына Фларэнцыя, і Брыгіды (з дому Шышкаў) Аскеркаў у 7 дварах пражывалі 21 мужчына и 14 жанчын. Прозвішчы і мянушкі сялян – Шкода, Шамянок, Бандарэнка, Засінец, Кушнер, Украйнец, Кандрусік[3]. Да 1850 года Тунеўшчына ў складзе маёнтка Новы Двор перайшла ва ўладанне паноў Вінчаў. У парэформенны перыяд Тунеўшчына — у Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета. У спісах землеўладальнікаў Мінскай губерні 1876, 1889 гадоў уласніцай добраў больш як у 1700 дзесяцін угоддзяў названая пані Генрыета, дачка Калікста Вінча, Сушчынская. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Тунеўшчына 15 двароў, 96 жыхароў. На 1909 год у вёсцы налічвалася 17 двароў, 135 жыхароў, у аднайменным фальварку — 1 двор з 8 жыхарамі[4]. Паводле спісу 1911 года часткі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон, Генрык і Мечыслаў, сыны Гераніма, Сушчынскія.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тунеўшчына ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[5].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

8 снежня 1926 года Тунеўшчына вернута БССР. У складзе Алексіцкага сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна. У тым жа годзе жыхары ўступілі ў калгас. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Тунеўшчыне налічваўся 101 двор з 330 жыхарамі. У жніўні 1942 года акупанты расстралялі 21 вяскоўца, яшчэ 2-х угналі ў Германію. У 1943 годзе разбурылі 43 двары і загубілі 7 жыхароў[6]. 54 вяскоўцы загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года Тунеўшчына — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 446 жыхароў. У складзе калгаса «Ленінскі шлях» (цэнтр — вёска Глінішча).

Забудова

План Тунеўшчыны складаецца з злёгку выгнутай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтра якой далучаецца кароткая простая вуліца з завулкам. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу[7].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  3. НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408, 1428 – 1432
  4. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 203
  5. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  6. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 288, 503
  7. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be