Уладзімір (горад, Украіна)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Уладзімір.
Уладзімір (укр.: Володимир) — горад у Валынскай вобласці Украіны, цэнтр Уладзімір-Валынскага раёна. Насельніцтва — 38,7 тыс. жыхароў (2012). Да 1944 меў назву Уладзімір-Валынск. Знаходзіцца за 72 км ад Луцка. Чыгуначная станцыя на лініі Ковель — Чэрванаград.
Назва
Горад атрымаў назву Уладзімір у гонар князя Уладзіміра Вялікага (па адной з версій нарадзіўся ў сяле Будзяцічы, прыкладна за 20 км ад Уладзіміра-Валынскага), а пазней скарочана Ладзімір. З 1911 года атрымаў назву Уладзімір-Валынск, каб адрозніваць ад Уладзіміра-на-Клязьме ў Расіі[1]. У 1944 годзе назву афіцыйна змянілі на Уладзімір-Валынскі.
1 кастрычніка 2021 года гарадскі савет прагаласаваў за адмену рэгіянальнага ўдакладнення і змяненне назвы горада на проста Уладзімір[2]. Гэта рашэнне павінна было быць ратыфікавана парламентам Украіны (Вярхоўная Рада), каб уступіць у сілу. 14 снежня 2021 года парламент ухваліў змяненне назвы (рашэнне падтрымалі 348 народных дэпутатаў)[1]. У адміністрацыі расійскага горада Уладзіміра заявілі, што супраць змены назвы, сцвярджаючы, што можа быць толькі адзін горад пад назвай Уладзімір.
Геаграфія
Горад размешчаны на правым беразе ракі Лугі, у паўднёва-заходняй частцы Валынскай вобласці, на стыку пагорыстага Валынскага ўзвышша з Палескай нізінай, у прыроднай зоне змяшаных лясоў.
Клімат Уладзіміра-Валынскага ўмерана-кантынентальны, характарызуецца адносна мяккай зімой з частымі адлігамі, умерана цёплым вільготным летам, зацяжнымі вясной і восенню. Сярэдняя тэмпература студзеня -4,9 С, ліпеня +18 С. Ападкаў каля 600 мм у год.
Гісторыя
Першае летапіснае згадванне пра горад Уладзімір адносіцца да 988 — калі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч, на землях валынян і бужан, на правым беразе ракі Лугі заваяваў горад пад назвай Ладамір, перайменаваў у сваё імя і перадаў горад аднаму са сваіх сыноў — Усеваладу. З 992 ва Уладзіміры знаходзілася біскупская кафедра.
Пачынаючы з XII стагоддзя, у перыяд феадальнай раздробненасці Русі, горад становіцца цэнтрам удзельнага Валынскага княства, у якім зацвердзілася асобная княжая дынастыя, заснаваная ўнукам Уладзіміра Манамаха — князем Ізяславам Мсціславічам, якія кіравалі на Валыні ў 1146—1154.
У першай палове XIII стагоддзі Уладзімір становіцца адным з цэнтраў аб’яднанага Галіцка-Валынскага княства (з 1253 — каралеўства). Гэты перыяд ставіцца да часу кіравання князя Данііла Раманавіча Галіцкага (1201—1264) і яго брата Васілька Раманавіча Валынскага (1205—1271). Сярэдзіна XIII стагоддзя — час найвялікага росквіту старажытнага Уладзіміра, ён славіўся як значны цэнтр гандлю, рамёстваў, мастацтва, тут сфарміравалася самабытная архітэктурная школа, таксама тут пісаўся Галіцка-Валынскі летапіс — найбольш каштоўная гістарычная крыніца другой паловы XIII — пачатку XIV стагоддзя.
У 1241 Уладзімір быў захоплены і разрабаваны ордамі хана Батыя. Летапіс сведчыць, што пасля адыходу арды ў горадзе не засталося жыхароў, а цэрквы былі запоўнены трупамі.
Пасля распаду Галіцка-Валынскай дзяржавы ў сярэдзіне XIV стагоддзя, Уладзімір уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Люблінскай уніі 1569 — у склад Польскага каралеўства. У 1324 горад атрымаў Магдэбургскае права.
У XVIII павеку горад занепадае і становіцца маленькім правінцыйным мястэчкам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 горад увайшоў у склад Расійскай імперыі, як адзін з павятовых цэнтраў Валынскай губерні.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Уладзімір-Валынскі стаў арэнай баявых дзеянняў. У 1915 Уладзімір-Валынскі быў акупаваны аўстра-венгерскімі войскамі, акупацыйныя ўлады знаходзіліся ў горадзе да заканчэння вайны ў 1918.
Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 Уладзімір-Валынскі ўвайшоў у склад Польшчы і стаў адным з павятовых цэнтраў Валынскага ваяводства. 19 верасня 1939 Уладзімір-Валынскі быў заняты часткамі Чырвонай Арміі, і ўключаны ў склад СССР.
Пасля нападу Германіі на СССР Уладзімір-Валынскі быў акупаваны нямецкімі войскамі ўжо 23 чэрвеня 1941, вызвалены 20 ліпеня 1944.
Славутасці
- Будынак ваеннага камісарыята (былы Афіцэрскі сход, 1900)
- Будынак гістарычнага музея (1912)
- Земляныя валы старажытнарускага гарадзішча (X—XIII стст.)
- Камяніца генерала Чарнаглазава (узор драўлянай архітэктуры, 1879)
- Касцёл езуітаў (1776, цяпер царква Раства Хрыстова)
- Касцёл Св. Яўхіма і Ганны (1772)
- Кірха (1929, цяпер царква Св. Іасафата)
- Кляштар дамініканцаў (1789)
- Ладамірскія могілкі (магілы вядомых месцічаў, магілы ваяроў расійскага і савецкага войска)
- Царква Св. Георгія (ваенны храм, 1908)
- Царква Св. Міколы (1780)
- Царква-ратонда Св. Васіля (XIII—XIV стст.)
- Успенская царква (Мсціславаў храм, 1156—1160) — найстаражытнейшы храм Валыні, пахавальня галіцка-валынскіх князёў
Галерэя
- Успенская царква
- Інтэр’ер царквы
- Былы касцёл езуітаў
- Васільеўская царква-ратонда
- Васільеўская царква-ратонда
- Кляштар дамініканцаў
- Будынак у стылі польскага канструктывізму па вуліцы Саборнай
- Капліца на Ладамірскіх могілках
- Уладзіміра-Валынскі гістарычны музей
- Касцёл Св. Яўхіма і Ганны
- Мікалаеўская царква
Зноскі
- 1 2 Рада перейменувала Володимир-Волинський, російське місто Володимир проти(укр.) , Украінская праўда (14 снежня 2021)
- ↑ Володимир-Волинський хоче називатися Володимиром. Чому нервують у Росії?(укр.) . Радыё Свабода (9 кастрычніка 2021). Праверана 9 кастрычніка 2021.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Уладзімір (горад, Украіна)
- Уладзіміра-Валынскі гістарычны музей — Афіцыйны вэб-сайт
Катэгорыя·Населеныя пункты Уладзімір-Валынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.