Уімблдан
Уі́мблдан (англ.: Wimbledon / ‘wɪmbld(ə)n/), гіст. Wymbeldon (XIII ст.), Wimbleton (XIV ст.), Wymelton (XVI ст.) — паўднёва-заходні прыгарад Лондана. Уваходзіць у склад адміністрацыйнага раёна (бора) Мертан, размешчаны за 11,3 км ад Чарынг-Кросa. Вядомы як месца правядзення Уімблданскага тэніснага турніру і (да 2002 года) база аднайменнага клуба футбольнай Прэм’ер-лігі.
Этымалогія назвы
Назва Уімблдан узыходзіць да стараанглійскага Wynnmandon, «Узгорак Вінмана» (стар.-англ.: dun —”hill”). Форма назвы змянілася пасля ўсталявання ўлады нарманаў: Wynnman- трансфармавалася ў Wiman-, Wimel- і, нарэшце, сучасны варыянт Wimble- [2].
Гісторыя
Мясцоваь, дзе цяпер размешчаны Уімблдан, была, верагодна, заселена даўно. У гэтым раёне было зроблена некалькі знаходак, якія датуюцца палеалітам, але галоўным чынам эфектыўнымі былі раскопкі неалітычных паселішчаў. У незабудаваным раёне Уімблдан Коман знойдзена пахаванне, якое складаецца з 23 кургнаў, у якіх былі знойдзены артэфакты бронзавага веку, датаваныя трэцім тысячагоддзем да н. э.[3]. Каля 700 года да новай эры тут было пабудавана ўмацаванае паселішча плошчай 12 акраў, якое з XIX стагоддзі прынята называць «Цэзаравым Лагерам» (англ.: Ceasar’s Camp)[4]. Частка геаграфічных назваў у гэтым рэгіёне адносіцца да дарымскага перыяду[5].
11-е выданне «Брытанікі» звязвае сучасны Уімблдан з Уібандунам (Wibbandun), месцам бітвы армій каралёў Уэсекса Кеўліна і Кента Этэльберта ў 568 годзе[6]. Аднак «Гісторыя графства Сурэй», якая выйшла прыкладна тады ж, называе гэту тэорыю памылковай[5]. Паміж VI і X стагоддзямі ў гэтым раёне існавала сяло з драўлянай царквой[4]. Паселішча згадваецца ў 967 г. пад назвай Wimbedounyng у хартыі, падпісанай каралём Эдгарам Міралюбным.
У Кнізе Страшнага суда Уімблдан не згадваецца; відаць, яго тэрыторыя ўваходзіла ў той час у склад вялікага ўладання Мортлейк. Увесь рэгіён быў спустошаны ў час нарманскага ўварвання, і раздзел Кнігі Страшнага суда, які тычыцца Мортлейка, паказвае, што агульны кошт манара паменшыўся пасля заваявання больш як утрая[4]. Уімблдан як асобнае ўладанне пачынае рэгулярна згадвацца пачынаючы з 1328 года. Большую частку часу аж да 1536 года ён знаходзіўся пад уладай архібіскупаў Кентэрберыйскіх. У сярэдзіне XVI стагоддзя Уімблданскі манар становіцца ўласнасцю кароны, але пазней ізноў пераходзіць у прыватнае валоданне. У 1625 годзе заснаваны тытул віконта Уімблданскага, прысвоены Эдварду Сесілу. Пасля яго смерці манар ізноў пачынае пераходзіць з рук у рукі, двойчы на кароткі час становячыся ўласнасцю каралевы Генрыэты-Марыі. Нарэшце ў 1746 годзе яго атрымаў па спадчыне Джон Спенсер, будучы віконт Спенсер-Алтарп і граф Спенсер. З тых часоў у яго родзе манар перадаваўся па спадчыне[5], пакуль у 1877 яго не прадаў пяты граф Спенсер[6].
У 1838 годзе ва Уімблдане адкрылася чыгуначная станцыя[7], а ў 1889 годзе ва Уімблдан-Парку яшчэ адна, што зрабіла гэтыя месцы даступнымі і прывабнымі для новых жыхароў[8].
У 1866 годзе на Уімблдан распаўсюдзілася дзеянне Акту аб мясцовым самакіраванні 1858 года. З 1894 па 1905 год Уімблдан знаходзіўся пад кіраваннем раённага савета, а затым атрымаў статус горада[5].
У гады Першай сусветнай вайны ва Уімблдане была сфарміравана добраахвотніцкая 190-я брыгада палявой артылерыі колькасцю ў 700 чалавек. Брыгада ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у Францыі, Італіі і Бельгіі. У 1916 годзе на Уімблдан Коман быў пабудаваны аэрадром для знішчальнай авіяцыі, якая абараняла Лондан[9]. У час Другой сусветнай вайны Уімблдан, пачынаючы з 16 жніўня 1940 года, неаднаразова падвяргаўся бамбардзіроўкам, якія панеслі жыцці 150 жыхароў і разбурылі 810 дамоў. Уімблдан служыў перавалачным пунктам для прыёму бежанцаў з Польшчы, Бельгіі, Нідэрландаў і Францыі[10].
У 1965 годзе лонданскі бора Уімблдан быў аб’яднаны з бора Мітчам і раёнамі Мертан і Мордэн у адзіны бора Мертан. У 90-я гады адміністрацыя новага бора была пераведзена з мэрыі Уімблдана ў Мордэн.
Штогадовы тэнісны турнір
Асноўны артыкул: Уімблданскі турнір У 1870-х гадах каля падножжа ўзгорка, на землях паміж лініяй чыгункі і Уорпл Роўд (Worple Road), Усеанглійскі клуб лаўн-тэніса і кракета пачаў праводзіць свае штогадовыя чэмпіянаты. Аднак, папулярнасць гульні ў кракет ішла на спад, тады як новы спорт, лаўн-тэніс, атрымліваў усё большае распаўсюджванне. Першапачаткова маючы толькі адну з пляцовак, вылучаную пад тэніс, клуб вырашыў правесці свой першы Чэмпіянат па лаўн-тэнісе у ліпені 1877 года. Турнір пачаўся 9 ліпеня, спаборніцтвы былі праведзены толькі ў адзіночным мужчынскім разрадзе.
Насельніцтва і знакамітыя грамадзяне
Са змяншэннем кошту чыгуначных квіткоў у 1880-я гады ва Уімблдан, дзе да гэтага жылі галоўным чынам забяспечаныя людзі, пачаўся прыток меней заможных жыхароў[8]. Насельніцтва Уімблдана складала 6000 чалавек у 1865 годзе, але ўжо да 1891 годзе вырасла амаль да 26 тысяч, а да 1901 годзе звыш 41 тысячы чалавек[5]. Да выбараў 2010 года ва Уімблдане пражывала каля 93 тысяч чалавек.
Сярод выхадцаў і жыхароў Уімблдана было шмат вядомых асоб:
- палітык-абаліцыяніст Уільям Уілберфарс
- ідэолаг брытанскага лібералізму Чарлз Джэймс Фокс
- пісьменнік Фрэдэрык Марыет[5]
- гісторык і пісьменнік Роберт Грэйвс
- акцёр Олівер Рыд
- бізнесвумен-галерыст Тамара Бекуіт
У розныя гістарычныя перыяды там (кароткачасова) пражывалі адмірал Нэльсан, Артур Шапенгаўэр (1803 г.), імператар Эфіопіі Хайле Селасіе I (1936 г.) [11] і іншыя.
Уімблдан у мастацтве
Уімблдан з’яўляецца месцам дзеяння раманаў сучаснага брытанскага пісьменніка Найджэла Уільямса, вядомых пад агульнай назвай «Уімблданская трылогія»:
- Уімблданскі атручальнік (англ.: The Wimbledon Poisiner, 1990); паводле кнігі ў 1994 годзе сняць шматсерыйны фільм для Бі-Бі-Сі[12]
- Прышэльцы з SW19 (англ.: They Came From SW19, 1992)
- На ўсход ад Уімблдана (англ.: East of Wimbledon, 1993)
Ва Уімблдане разгортваецца дзеянне серыі кніг пра ўомблаў дзіцячай пісьменніцы Элізабет Берэсфард. Уімблдан таксама з’яўляецца месцам падзення аднаго з марсіянскіх міжпланетных караблёў у «Вайне светаў» Герберта Уэлса.
Зноскі
- ↑ Выбарчыя акругі Вялікабрытаніі, 2010 год Архівавана 10 студзеня 2011. (англ.)
- ↑ Adrian Room. Placenames of the world / H. E. Malden. — 2006. — Vol. IV. — P. 407. — 433 p. — ISBN 0-7864-2248-3.
- ↑ Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: старажытны Уімблдан Архівавана 16 кастрычніка 2010. (англ.)
- 1 2 3 Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: жалезны век, рымляне, саксы, нарманы(недаступная спасылка) (англ.)
- 1 2 3 4 5 6 Parishes: Wimbledon // A History of the County of Surrey / H. E. Malden. — 1912. — Vol. IV. — P. 120—125.
- 1 2 Артыкул Уімблдан у Энцыклапедыі Брытаніка, 11-е выд.
- ↑ Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: новы Уімблдан(недаступная спасылка) (англ.)
- 1 2 Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: рост насельніцтва(недаступная спасылка) (англ.)
- ↑ Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: Першая сусветная вайна(недаступная спасылка) (англ.)
- ↑ Сайт Уімблданскага гістарычнага музея: Другая сусветная вайна(недаступная спасылка) (англ.)
- ↑ Haile Selassie returns to Wimbledon The Anglo-Ethiopian Society.
- ↑ The Wimbledon Poisoner на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
Спасылкі
- Артыкул Уімблдан у Энцыклапедыі Брытаніка, 11-е выд.
- Parishes: Wimbledon // A History of the County of Surrey / H. E. Malden. — 1912. — Vol. IV. — P. 120—125.
Катэгорыя·Раёны Лондана
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.