Фларэшць
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Фларэшць.
Фларэ́шць (рум.: Florești) — горад у Малдовы, цэнтр Фларэшцкага раёна. У наш час Фларэшць займае тэрыторыю плошчай 690 га. Насельніцтва горада складае каля 13 тыс. чалавек.
Геаграфія
Размешчаны за 130 км на паўночны захад ад Кішынёва, на рацэ Рэўт. Чыгуначная станцыя на лініі Бэлць—Слабідка чыгункі Малдовы.
Гісторыя
Назва горада Фларэшці паходзіць ад прозвішча «Флаарэа» і суфікса «-ешць», тыповага для румынскіх і малдаўскіх населеных пунктаў. Малдаўскае прозвішча Флаара (кветка) было ўпершыню згадана ў граматах XV—XVI стагоддзяў. Першыя сведчанні згадваюць 3 паселішчы і 18 скітаў, размешчаных на тэрыторыі цяперашняга горада і яго наваколляў. У 1668—1683 гг. старое сяло Фларэшць знаходзілася ў валоданні вялікага лагафета Мірона Косціна, частку якога ён прадаў у 1754 годзе.
У 1772—1773 гадах на тэрыторыі ўладання Іардаке Кантакузіна размяшчаліся 33 сялянскія двары. А ў 1809 годзе была пабудавана першая царква Св. Мікалая, побач з якой знаходзяцца сучасныя малдаўскія могілкі. Пасля далучэння Бесарабіі да Расіі ў 1812 годзе Фларэшць становіцца ўласнасцю рускага генерала Сямёна Старога. Да 1853 года будуецца царква Св. Мітрафана. У 1862 годзе адкрываецца царкоўна-прыхадская, а ў 1873 — народная школы. Адкрываецца і земская бальніца на 5 месцаў. У 1894 годзе скончылася будаўніцтва чыгуначнага вакзала і адкрыты рух па маршруце Бэлць—Рыбніца. Цяпер чыгуначная галіна Бэлць — Рыбніца знаходзіцца ў паўразбураным стане.
У пачатку XX стагоддзя ў Фларэшці працавалі адна тэлефонная лінія і адна тэлеграфная. У 1913 годзе на ўладаннях Нікалаева быў пабудаваны жалезны мост цераз раку Рэўт. У перыяд з 1918 па 1940 год, калі Бесарабія ўваходзіла ў склад Румыніі, былі адкрыты пачатковая школа, гімназія «Г. Дука» і змяшаная школа.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, 13 ліпеня 1946 года Фларэшць атрымлівае статус горада і зноў становіцца раённым цэнтрам. У часы МССР у Фларэшці працавалі заводы (шкляны, тытунёва-ферментацыйны, вінаробны, масларобны), завод «Камунальнік», прамыслова-збытавае аб’яднанне «Малдплодаагародпрам» і інш. Каля Фларэшці знаходзіўся цукровы завод. У 1991 годзе насельніцтва складала 18,2 тыс. чалавек.
Эканоміка
Працуюць заводы (шкляны, кансервавы, тытунёвы, камунальнай гаспадаркі) і фабрыкі: швейная і іншыя.
Інфраструктура
У горадзе працуе мноства індывідуальных прадпрыемстваў, камерцыйных аб’яднанняў і філіялаў банкаў, аптэкі, ветэрынарная лячэбніца, санэпідстанцыя, хуткая дапамога, цэнтральная раённая бальніца, цэнтр сямейных урачоў і кансультатыўная паліклініка. Таксама працуюць гасцініца, бібліятэка, музей, дом культуры, дом творчасці, гарадскі стадыён, падлеткавы клуб «Лучафэрул».
Адукацыя
З адукацыйных устаноў працуюць ліцэі імя А. П. Чэхава, імя Іона Крангэ, імя Міхая Эмінеску, два дзіцячы садкі, спартыўная, музычная і мастацкая школы.
Археалагічныя раскопкі
Каля Фларэшці ў 1955—1958 і ў 1960—1961 гг. археолагам Таццянай Пасек выяўлены рэшткі позненеалітычнага паселішча. Слой паселішча культуры лінейна-стужачнай керамікі пачатку 4-га тыс. да н.э. перакрыты слоем паселішча культуры Баян 4-га тыс. да н.э. Выяўлены сляды авальных зямлянак, якія ўтвараюць вуліцы, кераміка, каменныя і касцяныя прылады, гліняныя жаночыя статуэткі і мадэлі жылля. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. На раннім этапе характэрны кухонны і арнаментаваны сталовы посуд, зернетаркі, рагавыя матыкі. На познім этапе — размаляваная кераміка, статуэткі з косці, гліны.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фларэшць
- Сайт пра Фларэшць Архівавана 6 мая 2009.
- ↑ Nicu V. Localitățile Moldovei în documente și cărți vechi: îndreptar bibliografic. Volumul 1: A-L — Chișinău: Universitas, 1991. — 508 с. — ISBN 5-362-00841-2
Катэгорыя·Населеныя пункты Фларэшцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.