wd wp Пошук:

Харкаў

Харкаў (укр.: Харкiв, руск.: Харьков) — горад ва ўсходняй частцы Украіны. Адміністрацыйны цэнтр Харкаўскай вобласцi; першая сталіца Савецкай Украіны. Насельнiцтва 1 445 755 чалавек (2011). Плошча 306 км². Гэта самы вялікі горад, які знаходзіцца на 50-й паралелі.

Зараз тэрыторыя Харкава дзеліцца на 9 адміністрацыйных раёнаў, якія кіруюцца раённымі адміністрацыямі. Афіцыйны статус у горадзе маюць украінская і руская мовы.

Буйны навуковы, культурны, індустрыяльны і транспартны цэнтр Украіны, быў трэцім індустрыяльным цэнтрам СССР пасля Масквы і Ленінграда.

Горад узнагароджаны ордэнам Леніна (1970) і ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1983).

Паходжанне назвы

На месцы Харкава знаходзіўся старажытны горад Данец, яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Назва горада паходзіць, імаверна, ад назвы ракі Харкаў («Хар-Кобе»). Іншыя версіі — ад заснавальніка пасялення казака Харытона (Харка) альбо ад казака Івана Каркача (Харкача). Існуе таксама і Палавецкая версія — ад палавецкага горада Шарукань (Харукань).

З пачатку XVII стагоддзя Харкаўшчына належала да Маскоўскай дзяржавы, але да 1650 года тут не было аселага насельніцтва. Маскоўскія цары імкнуліся выкарыстаць пасяленні ў якасці абарончай лініі супраць крымскіх татар і нагайцаў: «белгародская», «ізюмская» і «ўкраінская» лініі. Расійскія «служылыя людзі» не былі сталым насельніцтвам.

Геаграфія

Размяшчэнне

Харкаў размешчаны на водападзельным узвышшы і ў даліне рачок Харкаў, Лопань, Вуды і Немышля, апошнія мелі раней забалочаныя берагі і часам улетку перасыхалі. На тэрыторыі сучаснага горада гэтыя невялікія рачулкі сходзяцца і за горадам зліваюцца праз Вуды ў Северскі Данец.

Найвышэйшай кропкай над узроўнем мора — 120 м — з’яўляецца Лесапарк, найніжэйшай — 94 м — Наваселеўка. З гледзішча рэльефу, Харкаў падзяляецца на чатыры нізіны і чатыры ўзвышшы. Вышыні Харкава, пераважна пясчаныя, да нядаўна былі схаваныя хваёвымі і бярозавымі лясамі.

Даўжыня Харкава:[3]

Выгляд на раку Лопань і Кафедральны сабор
  • з поўначы на поўдзень — 24,3 км
  • з захаду на ўсход — 25,2 км

Клімат

Клімат Харкава — лагодна-кантынентальны: зіма халодная і снежная, але зменлівая, лета — спякотнае. Сярэдняя тэмпература года — + 6,9 °C (у студзені — 6,9, у ліпені + 20,3). Сярэдняя колькасць ападкаў за год 513 мм, найбольшая ў чэрвені і ліпені. Клімат дазваляе займацца гародніцтвам і садоўніцтвам, уключна з вінаградарствам.

Насельніцтва

Пасля рэвалюцыі 1917 года, ў 1920-я гады колькасць жыхароў Харкава стала павялічвацца. Паводле перапісу 1926 года, ў горадзе пражывала 417 000 чалавек (трэцяе месца пасля Кіева і Адэсы). Адносную большасць насельніцтва складалі ўкраінцы (38,3 %), далей былі рускія — 38 %, яўрэі — 19,5 % (адсоткі на 1897 год: 29,2, 60,0, 6,1 адпаведна). Тэндэнцыя да павелічэння колькасці жыхароў выразна прыкметная і ў 1930-х гадах, галоўным чынам праз прыліў працоўных сіл; у 1939 Харкаў меў 833 000 жыхароў.

Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі колькасць насельніцтва ўпала праз мабілізацыю ў войска, масавага вывазу на працы за мяжу і праз пошук прытулку ў правінцыі, і ў 1942—43 гадах скарачэнне склала 160—180 000 чалавек. Пасля 1944 года насельніцтва горада пачало хутка расці. Перапіс 1959 года паказаў рост жыхароў Харкава да 953 000 чалавек. Значная частка яго — прамысловыя працаўнікі, служачыя, будаўнікі, а таксама працаўнікі транспарта, гандлю, адукацыі і аховы здароўя. Нацыянальны склад наступны: ўкраінцаў 48 %, рускіх — 40 %, яўрэяў — 9 %.

Прамысловасць

  • Завод імя Малышава — Заснаваны ў 1895 як «Харкаўскі паравозабудаўнічы завод». Цяпер гэта прадпрыемства транспартнага і энергетычнага машынабудування
  • Завод Электрацяжмаш. Заснаваны ў 1946 як прадпрыемства па вырабу магутных гідрагенератараў, гідрагенератараў-рухавікоў, турбагенератараў
  • Харкаўскі электрамеханічны завод. ХЭМЗ у 1915 з Рыгі быў перадыслацыраваны ў Харкаў. Цяпер гэта шматпрофільнае электратэхнічнае прадпрыемства з шырокім спектрам вырабляемай прадукцыі
  • Завод Южкабель заснаваны ў 1943 годзе. Сёння гэта буйнейшае прадпрыемства па вырабу кабельна-правадніковай прадукцыі ва Украіне.
  • Харкаўскі падшыпнікавы завод, які забяспечвае сваей прадукцыяй атамныя і цеплавыя электрастанцыі, нафтавыя радовішчы і вугальныя шахты, метрапалітэны і навабудоўлі, чыгунку і гарадскі транспарт
  • Турбаатам — галоўная навуковая ўстанова энергамашынабудаўнічага комплексу Украіны. Прадпрыемства вырабляе паравыя, гідраўлічныя, газавыя турбіны для цеплавых, атамных, гідра- электрастанцый
  • Харкаўскі трактарны завод вырабіў першы трактар 1 верасня 1931 года. Цяпер ХТЗ вырабляе трактары, дарожна-будаўнічую тэхніку, прадукцыю для кузнечнай і ліцейнай вытворчасці, запасныя часткі
  • Харкаўскі прыборабудаўнічы завод імя Шаўчэнка — шматпрофільнае прадпрыемства
  • Харкаўскі авіяцыйный завод
  • ФЭД
  • Харкаўскі электратэхнічны завод
  • Харкаўскі вагонарамонтны завод
  • Харкаўская бісквітная фабрыка

Адукацыя і навука

60 навукова-даследчых інстытутаў, 90 ВНУ (Харкаўскі нацыянальны медыцынскі ўніверсітэт, Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна і інш.

Культура

6 музеяў, карцінная галерэя, 8 тэатраў, 80 бібліятэк.

Выдатнасці горада

Цэнтральная плошча Харкава — помнік архітэктуры плошча Свабоды (да другой паловы 1990-х гг. — плошча Дзяржынскага), другая паводле памераў у Еўропе i сёмая ў свеце.

Харкаўскi заапарк — адкрыўся трэцiм у Расiйскай імперыi.

Праз батанiчны сад Харкаўскага ўнiверсiтэта i Парк iмя Горкага працягнутая падвясная канатная дарога.

У Харкаве знаходзiцца ўпраўленне Паўднёвай украінскай чыгункi і дзiцячая чыгунка.

Харкаўскi планетарый iмя Ю. А. Гагарына быў адкрыты ў 1957 годзе.

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Харкава і Ганаровыя грамадзяне Харкава

Гл. таксама

Зноскі

  1. GeoHive
  2. https://ukrstat.gov.ua/druk/publicat/kat_u/2022/zb/05/zb_Сhuselnist.pdf
  3. Геаграфічная даведка, сайт Харкава Архівавана 18 снежня 2013.
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8. — С. 444.
  5. Прафесар В. А. Скумін
  6. Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 760. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Актагайскага раёна Паўладарскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Горацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Украіны Катэгорыя·Населеныя пункты Харкаўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Чавускага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Украіны Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Харкаўскай вобласці Катэгорыя·Раёны Украіны Катэгорыя·Раёны Харкаўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be