Чарэя
Чарэя[1] (трансліт.: Čareja, руск.: Черея) — аграгарадок (да 2010 г. — вёска)[2] ў Беларусі, на беразе Чарэйскага возера. Уваходзіць у склад Лукомльскага сельсавета Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Насельніцтва 537 чал. (2005). За 38 км на поўдзень ад Чашнікаў, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Вятны; на шашы Чашнікі — Крупкі.
Назва
Д. Даўгяла тлумачыў тапонім Чарэя са спасылкай на Г. Трусмана, паводле якога ён утварыўся ад фінскага кораня keraja — збор, сход. Таксама Даўгяла спасылаецца на фінскае чэры — месца, пакрытае ці парослае асотам або хмызняком[3].
Гісторыя
На пачатку XV ст. вёска Лукомскага княства. Напэўна, пры вял.кн. Жыгімонце Кейстутавічы прынамсі частка княства, у тым ліку Чарэя, перайшла да гаспадара. Упершыню згадваецца не пазней за 1453 год у Кнізе данін вял. кн. Казіміра, калі ён даў баярыну Дашку «Канстанцінаву жонку ў Чэрсех», магчыма, Чарэі тычыцца і наданне тым самым часам маршалку Войтку двух “чалавек” ў «Зареи». Яшчэ раней значныя ўладанні ў Чарэі меў баярын Іван Чарэйскі, а пазней яго сыны – Місаіл, Міхаіл Пструх, Дашка і Сенька. У 1454 годзе Місаіл, тым часам епіскап смаленскі, і Міхаіл Пструх заснавалі каля Чарэі на возеры Галаўль (цяпер Чарэйскае) Траецкі манастыр.
Чарэя была “дваром”, потым мястэчкам і пазней горадам на беразе возера Галаўль. Сустракаюцца сцвярджэнні, што ў XIV—XVI ст. было Чарэйскае княства[3].
Праз шлюбы паміж панамі Чарэйскімі, князямі Друцкімі і панамі Сапегамі Чарэя перайшла да апошніх. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў увайшла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Росквіту Чарэя дасягнула пры Льве Сапегу, які аднавіў манастыр, а ў 1599 годзе на востраве возера Галаўль збудаваў Траецкую (мясцовая назва «Белая») царкву ў стылі ранняга барока. Сцены царквы захаваліся да цяперашняга часу каля вёскі Белая Царква. Ад назвы Чарэі пайшло найменне старэйшай лініі Сапегаў, якая мела тут сваю рэзідэнцыю.
З XVI ст. Чарэйскае ўладанне Сапегаў было графствам, у яго склад уваходзілі Чарэя, маёнткі Чарэйскае, Абчуг, Асечна, Багатырова, Мялешкавічы, Котава, Дзенькаўшчына, Горы з Чарняўчыцамі, Рыдомль, войтаўства Дакучын, а таксама некалькі асобных вёсак і шляхецкіх «засценкаў».
У 1660 годзе ў ходзе вайны 1654-1667 гадоў каля мястэчка адбыўся бой з маскоўскімі войскамі, у якім браў удзел Павел Ян Сапега.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772) Чарэя стала сталіцай рэшты Віцебскага ваяводства. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У канцы XVIII ст. Чарэйскае графства Сапегаў распалася, асобныя маёнткі трапілі да іншых уласнікаў, найбольшая частка графства перайшла да Мілашаў.
У вайну 1812 года Чарэю на 6 месяцаў занялі французы, у ліпені—лістападзе тут стаяў корпус маршала Легарнэ, потым — маршала Віктора. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў[3]. У 1863 годзе адкрыта царкоўна-прыхадскую школа, дзе навучаліся 20-30 вучняў. Станам на 1880 год у Чарэі 2 мураваныя і 198 драўляных будынкаў, мураваныя царква і касцёл, яўрэйская малітоўная школа.
Паводле пастановы І з’езду КП(б) Беларусі ад 1.1.1919 года Чарэя ў складзе БССР, аднак ужо 16.1.1919 года разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ўключана у склад РСФСР. У 1924 годзе Чарэю вярнулі ў склад БССР, цэнтр сельсавета (існаваў да 8 красавіка 2004[4]). Станам на 1996 год 321 двор.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1880 — 2112 чал.[5] (1039 муж. і 1073 жан.), з іх 775 праваслаўных, 44 каталікі, 1 пратэстант (жанчына), 636 муж. і 656 жан. іўдзеяў
- XX стагоддзе: 1996 — 731 чал.; 2003 — 597 жыхароў у 250 дварах[6]; 2005 — 537 чал.
Інфраструктура
У Чарэі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, клуб.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Гарадзішча
- Могілкі яўрэйскія
- Царква Святога Міхаіла Арханёла (XVII ст.)
Страчаная спадчына
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (XVII ст.)
- Сінагога
- Сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў
Вядомыя асобы
- Майсей Ізраілевіч Аксянцаў (1897—1965) — вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі, доктар медыцынскіх навук.
- Леанард Аляксандравіч Кажарскі (нар. 1930) — беларускі архітэктар.
- Оскар Мілаш (1877—1939) — французскі паэт, драматург, празаік, філосаф-містык
- Яўген Піліпавіч Іваноўскі — Герой Савецкага Саюза
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ День Череи // Газета «Віцебскі рабочы», 18 снежня 2010 г., №146 (22109
- 1 2 3 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 542 с. — ISBN 5-343-01611-1.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Czereja // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 797.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 250.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 542 с. — ISBN 5-343-01611-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Пазднякоў В. Чарэя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 415. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Czereja // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 797—798.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чарэя
- г. п. Чарэя на Radzima.org
- г. п. Чарэя на Globustut.by (руск.)
- Згадкі пра Чарэю ў Віцебскім летапісу
- Фотаздымкі Чарэі і Белай Царквы Архівавана 20 ліпеня 2011.
- В именинниках — Черея
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чашніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.