Чашніцкі раён
Ча́шніцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Чашнікі.
Геаграфія
Раён размешчаны ў паўднёвай частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Бешанковіцкім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім раёнамі Віцебскай вобласці, Крупскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.
Паверхня раёна плоскахвалістая, пераважна ў межах Чашніцкай раўніны. На захадзе тэрыторыя ўзгорыстая. Тут платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. 34 % тэрыторыі размешчаны на вышыні 160—180 м над узроўнем мора, 50 % ніжэй 160, 10 % — вышэй за 200 м. Глыбіня расчлянення рэльефу да 15 м/км², у некаторых мясцінах даходзіць да 30—50 м/км². Найвышэйшая кропка раёна — гара Спаская (256,7 м над узроўнем мора), якая знаходзіцца за 2 км на паўночны усход ад вёскі Дабрамыслі Новазаранскага сельсавета[3]. Ніжэйшая адзнака — урэз ракі Улы ля вёскі Дзямідавічы на мяжы з Бешанковіцкім раёнам — 122 м.
У раёне маюцца радовішчы глін, пясчана-жвіровага матэрыялу, сапрапеляў, торфу.
Рэкі Чашніччыны адносяцца да Верхнедняпроўскага і Верхневілейскага гідралагічных раёнаў. Найбольш значнымі з’яўляюцца Ула з прытокамі Лукомка і Усвейка, Эса. Апроч іх праз тэрыторыю раёна працякаюць рэкі — Байна, Югна, Верацея і інш. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 8,7 тыс. км., у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў больш за 60 км, магістральных і падводных каналаў 473 км, рэгуляцыйных каналаў больш за 490 км.
У раёне звыш 70 азёр. Найбольш вялікія — Лукомскае, Жэрынскае, Чарэйскае, Баярскае. Іншыя: Глыбочына.
Пад лесам у раёне знаходзіцца 24 % тэрыторыі. Прадстаўлены лясы елкай і сасной, якія займаюць 60 % усяго лесафонду. Лісцёвыя лясы займаюць 10 %. Гэта бяроза, асіна, вольха шэрая і чорная. Астатняя тэрыторыя — змешаныя лясы.
У лясах раёна можна сустрэць лася, дзіка, казулю, ваўка, лісіцу, куніцу, гарнастая, вавёрку, зайца-беляка і зайца-русака, норку еўрапейскую, бабра, выдру, андатру, вожыка, янотападобнага сабаку, барсука, ласку і інш. У лясах мноства птушак: шэрыя і белыя курапаткі, глухары, рабчыкі, качкі, гусі, цецерукі, вальдшнепы, бекасы, гарснепы, совы, сарокі, вароны, буслы, вераб’і, жаўрукі, сойкі, удоды, дразды-рабіннікі, чорныя дразды, шызаваронкі, салаўі, сініцы, малінаўкі, крумкачы, ястрабы-цецерукоўнікі і ястрабы-перапялятнікі, канюкі, скапы. У апошнія гады назіраецца значнае павелічэнне колькасці чаек, асабліва на Лукомскім возеры.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца частка (360 га) рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сялява» і 4 заказнікі мясцовага значэння:
- Біялагічны заказнік «Зялёнае Ляда».
- Біялагічны заказнік «Ліпнікі».
- Біялагічны заказнік «Саснягі».
- Геалагічны заказнік «Хвашчавое».
Гісторыя
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Чашнікі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Альшанскі (Вялікаальшанскі), Асташоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Пачаевіцкі, Цяпінскі, Чашніцкі. 24 верасня 1926 года Чашніцкі сельсавет скасаваны. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 1 красавіка 1931 года Асташоўскі сельсавет перайменаваны ў Вяжоўскі. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Бачэйкаўскі сельсавет Бешанковіцкага раёна; Сокараўскі сельсавет скасаванага Ульскага раёна; Вяцерскі, Гільскі (Гілянскі), Замацкі, Лукомльскі, Слідчанскі, Стражэвіцкі, Чарэйскі сельсаветы скасаванага Чарэйскага раёна. 25 ліпеня 1931 года Бачэйкаўскі і Сокараўскі сельсаветы перададзены Бешанковіцкаму раёну. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Лепельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Чашнікі атрымалі статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вяцерскі, Гільскі, Замацкі і Стражэвіцкі сельсаветы, утвораны Старасельскі сельсавет, які скасаваны 1 красавіка 1960 года. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Чашнікі, Альшанскі, Вяжоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі сельсаветы перадазены Бешанковіцкаму раёну.
6 студзеня 1965 года раён адноўлены, уключаў гарадскі пасёлак Чашнікі і 11 сельсаветаў: Альшанскі, Вяжоўскі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі Бешанковіцкага раёна, Кашчынскі і Красналуцкі Лепельскага раёна. 16 жніўня 1965 года ўтвораны Латыгаліцкі сельсавет, скасаваны Вяжоўскі сельсавет. 31 снежня 1965 года ўтвораны гарадскі пасёлак Новалукомль. 7 лютага 1966 года гарадскі пасёлак Чашнікі атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 22 жніўня 1967 года пасёлак торфапрадпрыемства «1 Мая» перайменаваны ў рабочы пасёлак Акцябрскі. 7 чэрвеня 1968 года Слідчанскі сельсавет перайменаваны ў Антапольскі. 31 ліпеня 1970 года гарадскі пасёлак Новалукомль атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 22 красавіка 1980 года Кашчынскі сельсавет перайменаваны ў Новазаранскі, Лазукоўскі — у Кругліцкі, Цяпінскі — у Празямлянскі. 20 кастрычніка 1995 года Чашніцкі раён і горад Чашнікі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года рабочы пасёлак Акцябрскі аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак), скасаваны Акцябрскі пассавет, Латыгаліцкі, Пачаевіцкі і Чарэйскі сельсаветы[4]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Антапольскі сельсавет[5].
Насельніцтва
Насельніцтва раёна складала 41,2 тыс. у 2001; 38,4 тыс. чал. у 2005. На 1.01.2009 36,0 тыс. чал. у т.л. гарадское насельніцтва складае 23,6 тыс., сельскае насельніцтва — 12,4 тыс. чал.
Буйнейшых населеным пунктам Чашніцкага раёна з’яўляецца горад Новалукомль (14,1 тыс. чал.). Раённы цэнтр — горад Чашнікі (9,5 тыс. чал.), размешчаны на рацэ Ула (левы прыток Заходняй Дзвіны), за 95 км ад Віцебска, 190 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша-Лепель. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Лепелем, Новалукомлем, Сянном.
Сярод сельскіх паслелішчаў найбольш значныя вёскі Антаполле, Альшанка, Вялікая Вядрэнь, Гілі, Іванск, Красналукі, Кругліца, Латыгалічы, Лукомль, Новая Зара, Пачаевічы, Цяпіна, Чарэя, Дварэц.
Гаспадарка
Буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы:
- Завод керамзітавага гравію, ААТ
- Завод «ЭЛАСТ», ААТ
- Завод «Этон», ААТ
- Лукомская ДРЭС
- Новалукомскі малочны завод, ААТ
- Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», ААТ
- Чашніцкі завод харчовых прадуктаў, КУПП
- Чашніцкі льнозавод, ААТ
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Чашніцкага раёна
- Троіцкая (Белая) царква ў 5 км ад Чашнікаў, на беразе возера Белае. (пач. XVI ст.)
- Сядзіба графа В. І. Валадковіча ў Іванску. (2-я пал. XIX — пач. XX ст.)
- Свята-Мікалаеўская царква, Браздзецкая Слабада
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Чашніцкім раёне Сістэма адукацыі Чашніцкага раёна прадстаўлена навучальнымі ўстановамі рознага тыпу. У 2017 годзе ў раёне дзейнічала 17 устаноў дашкольнай адукацыі: яслі-сад — 8, дзіцячыя сады — 2, вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-школа» — 7. У 2017/2018 навучальным годзе дзейнічала 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучалася 2976 вучняў. Навучальны працэс у школах забяспечвалі 402 настаўнікі[6].
Ахова здароўя
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Чашніцкім раёне ажыццяўляюць: Новалукомльская цэнтральная раённая бальніца, Чашніцкая бальніца, Навазорская бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыі агульнай практыкі, брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, фельчарска-акушэрскія пункты: Антапольскі ФАП (в. Антаполле); Вядрэньскі ФАП (аг. Малая Вядрэнь); Вяцерскі ФАП (в. Вяцера); Грынькоўскі ФАП (в. Грынькі); Дварэцкі ФАП (аг. Дварэц); Замачкаўскі ФАП (в. Замачак); Іванскі ФАП (аг. Іванск); Кругліцкі ФАП (в. Кругліца); Латыголіцкі ФАП (в. Латыголічы); Лукомльскі ФАП (аг. Лукомль); Альшанскі ФАП (аг. Альшанка). Функцыянуюць аптэкі[7].
Вядомыя асобы
- Павел Рыгоравіч Барадаўка — поўны кавалер ордэна Славы.
- Ягор Ягоравіч Батальёнак (1946, Вялікія Труханавічы) — беларускі мастак.
- Леанід Уладзіміравіч Буткевіч (1918, в. Хотліна — 1985) — Герой Савецкага Саюза.
- Аляксандр Мікітавіч Віташкевіч — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Васіль Аляксандравіч Дзямідаў (1921, Чарэя) — Герой Савецкага Саюза.
- Іван Міхайлавіч Краснік (1906, в. Іванск — ?) — Герой Савецкага Саюза.
- Яўген Гаўрылавіч Навіцкі (1912, вёска Копцевічы — 1997) — Герой Савецкага Саюза.
- Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч (1887, в. Красналукі — 1938) — грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст.
- Сяргей Фаміч Пшонны (1922, Кушняроўка — 1994) — Герой Савецкага Саюза.
- Марцін Акімавіч Сурын — Герой Савецкага Саюза.
- Алесь Шашкоў — беларускі пісьменнік.
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Пасанен В. Э., Дикусар Е. А., Стёпин С. Г. Горные вершины Витебской области. — Минск: Право и экономика, 2016. — 162 с. — ISBN 978-985-552-569-2. С.11
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Асвета. Чашніцкі раён
- ↑ Медыцына. Чашніцкі раён
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна / рэдкал. М. Ц. Дробыш [і інш.]. — Мн., 1997.
Спасылкі
- Спіс населенных пунктаў Чашніцкага раёна па сельсаветах
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць”
- Чашники. NET Архівавана 6 ліпеня 2014.: інфармацыйны партал горада
- Чашніцкі раён на radzima.org
- Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт. Афіцыйны сайт
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чашніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Чашніцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чашніцкага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Чашніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.