Шарашова
Шарашова, або Шарашэ́ва[2] (трансліт.: Šarašova, руск.: Шерешёво) — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі.
Геаграфія
Знаходзіца на рацэ Левая Лясная. За 20 км на захад ад горада Пружаны, 32 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Брэст — Баранавічы, 97 км ад Брэста. Насельніцтва 1759 чал. (2017)[3].
Назва
Верагодна, назва паселішча паходзіць ад мясцовага дыялектызму «шэраш» — дробны лёд на рацэ падчас адлігі. Некаторыя старажылы сцвярджалі, што даўней паселішча звалася Шаршнёў — ад «шэршань». Потым, быццам, назва відазмянілася на Шарашоў, а далей — Шарашова. Аднак, версія не мае абгрунтавання. Таксама існуе мясцовае паданне пра паходжанне назвы і пра заснаванне самога паселішча.
Паданне
Паводле падання, на месцы Шарашова сярод пушчы была невялікая карчма пры гасцінцы. Пра карчму хадзілі благія чуткі, быццам тут знаходзяць прытулак лясныя злодзеі, за спіртное і малыя грошы гатовыя нават да забойства. Быццам аднойчы ў карчме спыніўся баярын, ноччу на яго напалі злодзеі на чале з гаспадаром карчмы. На дапамогу баярыну прыйшоў пастаялец са шрамам праз твар і разам яны адбіліся. Пастаяльца звалі Шэрашам (імя цюркскага паходжання) і быў ён галоўным разбойнікам у пушчы. Хадзілі чуткі, што менавіта ён скраў каралеўскую карону вял.кн. Вітаўта, якую вязлі ад кракаўскіх ювеліраў, быццам у Шэраша бачылі вялікі дыямент з яе. Баярын і Шэраш умовіліся, што першы выпрасіць у вял.кн. дазвол на будаўніцтва паселішча ў пушчы, а другі забяспечыць паселішчу бяспеку. Гэтак узнікла Шарашова, першымі яго жыхарамі былі разбойнікі Шэраша, затым рамеснікі і гандляры. Шэраш абараняў паселішча і вяршыў справядлівы суд, быў шчодрым чалавекам за што шарашоўцы паважалі і любілі яго. Праз некаторы час, баярына забіў пакрыўджаны муж каханкі, за што Шэраш забіў і яго. Пасля гэтага знік і сам Шэраш. Паданне сцвярджае, што на гербе Шарашова (нададзены ў 1792) выяўлены не архангел Гаўрыіл, а Шэраш.
Гісторыя
XIV—XVII стагоддзі
Упершыню згадваецца ў грамаце ад 26 студзеня 1380 аб пажалаванні Шарашова камянецкаму намесніку Мікалаю Насуце Шампарту.
На мяжы XV—XVI ст. Шарашова належала троцкаму ваяводзе Яну Забярэзінскаму (1440—1508), да якога перайшло як пасаг праз шлюб з Ганнай Ядвігай Насутаўнай. Ян Забярэзінскі загінуў падчас мецяжу Міхаіла Глінскага (1508). Наступны ўладальнік Шарашова — намеснік берасцейскі Юрый Іванавіч Іллініч (? — 1526), атрымаў паселішча таксама ў пасаг за сваёй жонкай — дачкой Я. Забярэзінскага. Аднак у 1536 яго нашчадкі прадалі сваю маёмасць каралеве Боне Сфорцы, якая выкупала для сябе землі і праводзіла там гаспадарчую рэарганізацыю. Пры ёй назіраўся ўздым рамяства і гандлю карабельнымі соснамі з Белавежскай пушчы, якія сплаўлялі па рэках Лясной і Бугу і далей у Еўропу. Бона надала паселішчу права на самакіраванне. З 1569 года Шарашова перайшло ў склад асабістых каралеўскіх уладанняў. Жыгімонт Аўгуст (1548—1572) надаў яму статус мястэчка, спасылаючыся на папярэднюю грамату Боны Сфорцы, а ў 1571 годзе, за адсутнасцю дзяцей, завяшчаў свае асабістыя маёнткі сёстрам — Ганне, Альжбеце і Кацярыне. Пасля ж іх смерці ўладанні пераходзілі ў дзяржаве. Пры валадарстве Стэфана Баторыя (1576—1586), мужа Ганны Ягелонкі, у час Лівонскай вайны (1558—1582) Шарашова стала адным з пунктаў збору войскаў Рэчы Паспалітай перад паходам супраць Маскоўскай дзяржавы. З 1566 года ў Берасцейскім павеце, з канца XVI стагоддзя мястэчка — цэнтр войтаўства.
У 1589 годзе ў Брэсцкім гарадскім судзе разглядалася скарга памешчыка Вацлава Жардзецкага аб уцёках яго слуг і сялян з ваколіц Шарашова, Перадзельска і Стараволі: «…слуги и подданные его властные от него разными часы проч поутекали, зашкодивши ему немало, а то дей есть: мещанин Шерешевский … утёк; другой слуга рукодайный Ян Дрождча, …».
У 1595 годзе Жыгімонт Ваза (1587—1632) надаў мястэчку прывілей на таргі і кірмашы. Развіццю Шарашова спрыяла таксама тое, што яно ўдала размяшчалася на шляху з Кракава, тымчасовай сталіцы Польшчы, у Вільню — сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Праз Шарашова праходзіў так званы «Вялікі галоўны гасцінец» або «вялікая дарога», што ішоў да Любліна. Да 1619 дарога была добра абсталявана: мела сістэму дрэнажу, была абкапана з абодвух бакоў равамі, абапал высаджаны дрэвы. Праезд па гэтым гасцінцы, на адрэзку ад Берасця да Оршы праз Шарашова, Ваўкавыск і Менск з таварамі ў пачатку XVII стагоддзя займаў амаль месяц.
У XVII стагоддзі ў Шарашове былі шынкі, саладоўня, піваварня, развівалася смалакурэнне. Значную частку насельніцтва складалі яўрэі, якія жылі сваім аб’яднаннем — кагалам, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся Берасцейскаму вааду.
З сярэдзіны XVII стагоддзя Шарашова прыйшло ў заняпад. Не апошнюю ролю адыграў перанос сталіцы з Кракава ў Варшаву. Гасцінец, які злучаў Варшаву і Вільню, прайшоў далёка ад мястэчка. Таксама насельніцтва часта цярпела ад войнаў, хоць Шарашова і знаходзілася ў мясцовасці абкружанай з трох бакоў непраходнай дрыгвой, а з чацвёртай да яго падыходзіла Белавежская пушча. Таму кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза (1632—1648) скасаваў местачковыя прывілеі на кірмашы і торгі. Менавіта ў гэты няпросты час у каралеўскім маёнтку Шарашова служыў Станіслаў Серафін Ягадынскі (1590/1594 — каля 1644) — выдатны знаўца геральдыкі, перакладчык, аўтар падручніка «Каліграфія».
Праз мястэчка пракаціліся руска-польская 1654—1667 г. (гэтак званы «Патоп»), польска-шведская 1656—1658 г. і Паўночная 1700—1721 г. войны. У 1661 годзе вальны сойм Рэчы Паспалітай вызваліў мястэчка ад падаткаў на чатырохгадовы тэрмін. У пастанове сойма было запісана: «…Ваяводства Брэсцкае ў большай сваёй частцы ператворана ў папялішча і поўнасцю разбурана…». Нягледзячы на стымуляванне, аднаўленне гаспадарчай дзейнасці ішло марудна. У 1726 годзе Шарашову зноў былі нададзены гарадскія правы.
Судовым дэкрэтам 1739 года па справе паміж Крыштофам Керсноўскім і старостам з аднаго боку і мяшчанамі з другога боку было прызнана, што «места Шарашова здаўна людзьмі вольнымі заселена і карыстаецца ўсімі правамі як іншыя вольныя месцы». Шарашоўскае староства ўваходзіла ў адміністрацыйнае і гаспадарчае ўпраўленне каралеўскага скарбу. Навакольнае сялянства належала дзяржаве і выконвала на яе карысць павіннасці.
У XVIII стагоддзі Шарашова знаходзілася ў трыманні графаў Флемінгаў, якія паходзілі з Фламандыі. Ян Ежы Дэтлаў Флемінг (1699—1771) быў сынам прускага генерала Генрыха Гайна. З 1724 года ён знаходзіўся на вайсковай службе ў Рэчы Паспалітай, камандаваў палком, а ў 1733 годзе падтрымаў выбранне Аўгуста III Саксонскага (1733—1764) на прастол Рэчы Паспалітай, за што быў прызначаны старостам шарашоўскім (мястэчка ў той час было цэнтрам негродавага староства), спачатку на 6-гадовы тэрмін. Я. Е. Д. Флемінг быў жанаты з Антанінай з Чартарыйскіх. Дзякуючы асабістым якасцям і роднасным сувязям з Чартарыйскімі, Ян Ежы быў даволі ўплывовай асобай у дзяржаве — займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага (1746—1764), меў чын генерала артылерыі, выконваў таксама розныя дыпламатычныя даручэнні каралеўскага двара ў Саксоніі і Расіі. У 1760-я граф Флемінг страціў уплыў на палітыку, бо не знайшоў падтрымкі ў новага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764—1795).
У 1776 годзе Шарашова было пазбаўлена Магдэбургскага права, але праз кароткі час прывілей апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад 27 лютага 1792 г. аднаўляў правы самакіравання і Шарашову надаваўся герб у срэбраным поле архангел Гаўрыіл з лілеямі ў руцэ.
У 1790-я гады паселішча налічвала 616 дамоў, больш за 3,3 тыс. чалавек, сярод іх 61 рамеснік. Да канца 18 ст. у Шарашове не было мураваных будынкаў. У інвентары за 1793 год паведамлялася, што ў Шарашове былі незабрукаваныя вуліцы — Камянецкая, Віленская, Астравецкая, Новая і два рынка. Вуліца Ліпавая, на якой размяшчаўся дом гаспадара мястэчка, была выбрукавана дрэвам, а грэблі — камянямі. На мяжы XVIII—XIX стагоддзяў пасярод рыначнай плошчы была пабудавана мураваная ратуша і драўляныя гандлёвыя рады на 16 лавак. Насупраць ратушы знаходзілася памяшканне варты, дзе жылі сяржант і чатыры салдаты. У гэтым жа будынку знаходзілася турма.
У Шарашове знаходзіўся невялікі палац мясцовага старосты Адама Казіміра Чартарыйскага (1734—1823), які атрымаў Шарашова ў пасаг за Ізабелай Даротай Балдзіні (1745—1835) — дачкой Яна Ежы Флемінга, якую ведалі ў Рэчы Паспалітай як пісьменніцу і лічылі адной з найпрыгажэйшых жанчын. Сын Адама Казіміра быў не менш вядомым дзяржаўным дзеячам. Адам Ежы Чартарыйскі (1770—1861) займаў высокія пасады ў Расійскай імперыі, быў сябрам Аляксандра I, удзельнічаў у стварэнні аўтаномнага Царства Польскага, кіраваў Віленскай вучэбнай акругай. Падчас паўстання 1830—1831 узначальваў Польскі нацыянальны ўрад, які абвясціў сваю незалежнасць ад Расіі. Пасля паўстання маёмасць Чартарыйскіх (у тым ліку Шарашова) была канфіскавана расійскім урадам, а сам Адам Ежы Чартарыйскі з’ехаў у эміграцыю.
У 1760 годзе ў паселішчы была пабудавана драўляная уніяцкая (з канца 1830-х праваслаўная) Прачысценская царква, якая прастаяла амаль 200 гадоў. У 1799 годзе (надпіс на помніку: «Roku 1799 mca iula dnia 27») каля яе з’явілася драўляная званіца, якая захавалася да нашых дзён і зараз ахоўваецца дзяржавай — помнік рэспубліканскага значэння. Званіцу мясцовыя майстры ўзвялі без адзінага цвіка. Пры царкве мелася ўласная мастацкая іканапісная школа. Выдатным помнікам якой з’явіўся мясцовы іканастас з больш чым 20 ікон. Мастацтвазнаўцы датуюць іх 1780-мі. Іканастас быў выяўлены падчас навуковай экспедыцыі ў сярэдзіне ХХ ст. Зараз ён захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Аўтарства ікон невядомае. Аднак даследчыкі сцвярджаюць, што ў стварэнні гэтых абразоў удзельнічалі па меншай меры чатыры мастакі. Каларыт шарашоўскіх абразоў гучны, насычаны. Вызначаюцца золатам фонаў, ярка-чырвонымі, зялёнымі, блакітнымі, белымі, ружовымі, шэрымі, цёмна-карычневымі фарбамі арнаментаў. Іконы насычаныя мноствам бытавых дэталяў, узятых з натуры. Сярод іх: «Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Іаан Златавуст», «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Прадвесце», «Фадзей», «Нараджэнне Хрыстова» і іншыя.
Шарашоўскі іканастас увасобіў у сабе лепшыя рысы мясцовай школы жывапісу, вытокі якой можна прасачыць нават у пачатку XVІ ст., калі быў створаны адзін з выдатнейшых помнікаў беларускага кнігапісання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — Шарашоўскае Евангелле. У яго аздабленні невядомыя аўтары выкарысталі так званы балканскі стыль, з характэрнымі для яго «рашоткамі», «васьмёркамі» і складанымі перапляценнямі геаметрычных фігур — квадратаў, прамавугольнікаў, ромбаў. У гэтай рэлігійнай кнізе змешчаны 4 мініяцюры, на якіх выяўлены евангелісты — Лука, Марк, Мацвей і Ян. Цікава, што разам з мастацкім канонам праваслаўнай царквы, калі святыя выяўляюцца бесцялеснымі і нерухомымі, аўтарам удалося выкарыстаць, як кажуць зараз, «мясцовы матэрыял»: святыя чымсьці падобныя на простых людзей, карыстаюцца такімі ж прадметамі быту. У евангеллі ёсць таксама 5 заставак, малюнкі на палях (у асноўным раслінны арнамент) і ініцыялы. Тэкст твора быў напісаны чорнымі чарніламі, загалоўкі і надпісы зроблены кінавар’ю. Доўгі час евангелле было напрастольным у Прачысценскай царкве Шарашова. Зараз гэты помнік знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Высокага мастацкага ўзроўню дасягнулі таксама майстры драўлянай скульптуры з Шарашова. Магчыма, не апошнюю ролю ў росквіце падобнага віду мастацтва адыграла багацце прыроднага матэрыялу — пушча. Самыя раннія такія помнікі датуюцца эпохай Рэнесансу, сярод іх — «Архангел Міхаіл» XV—XVІ ст. з Шарашова (праўда, ёсць звесткі, што гэта скульптура была перавезена ў 1930-я з Траецкага касцёла Бярозы Картузскай). Да XVІ ст. адносіцца таксама шэраг шарашоўскіх скульптур, якія раней аздаблялі шматярусныя прысценныя алтары (у тым ліку Прачысценскай царквы) — «Кацярына Александрыйская», «Лізавета Венгерская», «Казімір», «Святы ў рыцарскіх даспехах», «Апостал», «Мікола з трыма ўкленчанымі беднымі дзяўчынамі», «Мікола». Мясцовыя «рэстаўратары» у XVII—XIX ст., каб зрабіць выгляд скульптур больш прывабнымі, аздобілі іх яечнымі фарбамі, пазалотай і пасерабрэннем. Рысы стылю барока маюць драўляныя выявы — «Апостал Пётр» і «Апостал Павел» XVII ст.. Прапорцыі фігур гэтых апосталаў каржакаватыя, што надае ім падабенства да простанароднага тыпажу, у святых буйныя працавітыя рукі. Да гэтага ж часу належаць драўляныя скульптуры з Траецкага касцёла Шарашова (так званы стыль «нізавое барока») — гэта «Невядомы біскуп», «Анёл», «Анёл, які музыцыруе» і «Анёл з калонай». Для ўсіх гэтых скульптур была характэрна выразная, упэўненая разьба, выдатнае адчуванне матэрыялу, што, безумоўна, сведчыць аб багатай папярэдняй традыцыі гэтага віду мастацтва на шарашоўскіх землях. Усе гэтыя творы знаходзяцца зараз у сталічных музеях.
XIX стагоддзе
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 г. Шарашова апынулася на мяжы з Прусіяй на заходняй граніцы Расійскай імперыі. Яно мела статус валаснога мястэчка Пружанскага павета Гродзенскай губерні.
Да сярэдзіны XIX ст. тут квітнелі рамяство і гандаль, не апошнюю ролю іграла кантрабанда на расійска-прускай мяжы. Шарашова знаходзілася ў даволі зручным месцы. Тут праходзілі гандлёвыя шляхі: Брэст — Гродна (праз Шарашова, Сухопаль, Папялёва і Свіслач) і Пружаны — Беласток (праз Шарашова, Крыніцу, Белавежскую пушчу, Гайнаўку). Вядома, што ў XIX ст. у Шарашова нават прыязджалі гандляры з нямецкага Франкфурта, польскіх — Гданьска і Эльблёнга.
У пачатку XIX стагоддзя ў мястэчку былі адкрыты 3 скураных заводы і 2 суконныя мануфактуры, якія працавалі на мясцовай сыравіне. Колькасць рабочых складала 57 чалавек.
У 1824 годзе ў паўднёвай частцы мястэчка на могілках была пабудавана драўляная Петрапаўлаўская царква, якая існуе па сённяшні дзень.
Аднак развіццю мястэчка не спрыялі знешнія абставіны. Праз Шарашова, як і іншыя месцы Беларусі, пракацілася вайна з французамі. У 1812 годзе ў мястэчку знаходзілася рэзервовае падраздзяленне генерала Тармасава, якое аказвала супраціўленне напалеонаўскім войскам у раёне дарогі Сухопаль—Папялёва. Тут было нанесена паражэнне корпусу генерала Шварцэнберга.
Не было Шарашова ў баку і ад паўстання 1830—1831 г. Мясцовая шляхта ўступала ў шэрагі інсургентаў. Уладальнік мястэчка Адам Чартарыйскі ўзначальваў паўстанцкі ўрад. Праз мястэчка ў Белавежскую пушчу адступалі апошнія паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам Г. Дэмбінскага летам 1831 года, якія былі прысланы з Польшчы для падтрымкі мясцовых паўстанцаў. У верасні 1831 г. супраціўленне было поўнасцю падаўлена расійскімі рэгулярнымі войскамі Паскевіча. Пасля паўстання Шарашова было канфіскавана і далучана да дзяржаўных уладанняў.
У 1845 годзе ў паселішчы было адкрыта сельскае вучылішча, дзейнічала яўрэйская школа і сінагога. Наогул, яўрэі складалі трэцюю частку насельніцтва мястэчка. Пражывалі яны ў асноўным у цэнтры Шарашова, каля ратушы. Недалёка мясціліся 50 крамаў, што належалі багацейшаму яўрэйству. Пражывалі тут і беларусы: каталікі і праваслаўныя, якія мелі царкву і касцёл. Касцёл, асвечаны ў гонар Святой Тройцы, быў пабудаваны з цэглы ў 1848 годзе на ахвяраванні і шчодрасць мясцовых памешчыкаў-мецэнатаў. Гэта адзіны каталіцкі храм на Пружаншчыне, пабудаваны тым часам. Славіліся на наваколле шарашоўскія кірмашы і рамеснікі — дзегцяры, казяры, бондары, шаўцы і краўцы, пекары, майстры пляцення з саломы і ракіты, майстры стварэння куфраў.
У 1830—1840-я гады ў Шарашове адыгрывала важную ролю ў грамадскім і культурным развіцці края. Тут жыў і меў прыход у Прачысценскай царкве мовазнавец, прафесар Віленскага ўніверсітэта Міхаіл Баброўскі (1784—1848), які карыстаўся павагай мясцовых жыхароў. У Шарашова ён перавёз сваю бібліятэку ў 20 тыс. тамоў, якой маглі карыстацца адукаваныя местачкоўцы і навакольная шляхта, якая часта наведвала вучонага. Да яго з маёнтка Абруб прыязджаў пляменнік Павел — будучы афіцэр расійскай арміі, які склаў падрабязнае гісторыка-этнаграфічнае апісанне Гродзенскай губерні сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Аднак у 1848 годзе М. Баброўскі, як і многія жыхары Шарашова, заўчасна памёр у эпідэміі халеры. Шарашоўскай Прачысценскай царкве ён завяшчаў каштоўны напрастольны крыж, які быў створаны па яго заказу ў 1819 годзе ў Велеградзе Мараўскім.
З другой паловы ХІХ стагоддзя Шарашова паступова прыходзіць у заняпад: назіраецца ўпадак гандлю, асабліва пасля скасавання мытняў у 1847 г., рамяства. Не спрыяў адраджэнню мястэчка і занятак земляробствам. Большасць жыхароў валодала дробнымі кавалкамі зямлі, якія былі малаўрадлівымі. Насельніцтва скарачалася. У 1852—1890 гадах у Шарашове дзейнічаў толькі невялікі бровар, дзе працавала да 6 чалавек, ён не вытрымаў канкурэнцыі з буйнымі прадпрыемствамі і закрыўся.
1863—1864 гады
Наваколлі Шарашова, а менавіта Белавежская пушча, сталі месцам фарміравання першых паўстанцкіх атрадаў у пачатку 1863 г. Сюды былі скіраваны ўрадавыя войскі пад камандаваннем флігель-ад’ютанта графа І. Носціца і падпалкоўніка Вільберга. Паўстанцы хаваліся ў пушчы, якая на працягу 1863—1864 гадоў была адным з асноўных цэнтраў паўстання. Адтуль у пачатку падзей паўстанцы рушылі да Шарашова. Ужо 31 студзеня (12 лютага) 1863 года атрад паўстанцаў з 200 чалавек на чале з Раманам Рагінскім і Станіславам Сангіным захапіў мястэчка. Захавалася данясенне віленскаму ваеннаму генерал-губернатару Уладзіміру Назімаву:
«… на змярканні прыйшлі ў мястэчка Шарашова мяцежнікі …, узброеныя двухствольнымі паляўнічымі стрэльбамі, пісталетамі, кінжаламі і іншай зброяй, з іх 8 з шумам уварваліся ў кватэру станавога прыстава, арыштаваўшы яго, паставілі ля дома каравул, астатнія ж размясціліся каля мясцовага рымска-каталіцкага касцёла. Падчас знаходжання ў кватэры прыстава адзін мяцежнік называў сябе начальнікам, аддаваў загады, купляў у мястэчку паўшубкі, боты, бялізну і розныя прыпасы, за якія плаціў прадаўцам наяўнымі грашыма. У шарашоўскім сельскім праўленні мяцежнікі разбілі сундук з грашыма і ўзялі 93 рублі, а ў тры гадзіны апоўначы пайшлі, забраўшы з сабой 15 аднаконных і параконных падвод, трымаючы шлях свой да павятовага горада Пружаны».
Сам Р. Рагінскі ўспамінаў аб гэтых падзеях так:
«Шарашова нечакана дало нам усё, нават з лішкам: шмат ботаў, бялізны, прадуктаў. Усё мястэчка збеглася, каб нас накарміць».
У 1863 годзе ў Белавежскай пушчы дзейнічаў таксама атрад пад кіраўніцтвам Валерыя Урублеўскага. Часткай вайсковага злучэння Урублеўскага быў пружанскі атрад Шчаснага Влодэка. У дакладзе віленскаму ваеннаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву гродзенскага губернатара Бобрынскага ад 30 снежня 1863 г. адзначалася:
«Урублеўскі, начальнік Сакольскага егерскага вучылішча, паручнік рускай службы… Шайка пад яго камандаю больш дзейнічала ў Беластоцкім, Ваўкавыскім і Пружанскім паветах да самага рассеяння яе ў апошнім. …Па яго загаду былі здзейснены зладзействы ў Шарашове і Белавежскай пушчы».
Пушча выклікала вялікі неспакой у царскага ўрада, таму што паўстанцкія атрады праяўлялі тут найбольшую актыўнасць. Менавіта тут яны маглі хавацца ад рэгулярных войскаў. Аднак да канца 1863 года яны былі амаль поўнасцю ліквідаваныя.
Канец XIX стагоддзя
У канцы ХІХ стагоддзя Шарашова — цэнтр воласці Пружанскага павета. У мястэчку мелася 9 дробных прадпрыемстваў, размяшчалася валасная ўправа, пошта, пачатковае народнае вучылішча. Дзейнічалі Прачысценская, Петрапаўлаўская і Мікалаеўская (1872) цэрквы, званіца, Траецкі касцёл і сінагога. Насельніцтва жыло за кошт земляробства і жывёлагадоўлі. Смалакурэнне і дрэваапрацоўка перасталі быць асноўнай крыніцай прыбыткаў мясцовых жыхароў, бо ў 1860-я гады царскі ўрад значна павысіў цэны на лясныя матэрыялы і пільна сачыў за сваімі казённымі ўладаннямі, а лес у наваколлі Шарашова быў менавіта дзяржаўным. Мясцовыя людзі актыўна прыцягвалася да грамадскіх работ. Так, майстры з Шарашова працавалі на ўзвядзенні царскага палаца ў Белавежскай пушчы ў 1860 і 1889—1893 гадах.
У 1860 годзе — 9196 чалавек, а ў 1890 — 5485. Паводле ўсерасійскага перапісу 1897 года — 5079 чалавек, 1584 дамы.
XX стагоддзе
З 1921 годзе ў складзе Польшчы, з 1939 — у БССР. З 1940 года гарадскі пасёлак. 29 мая 2015 года Шарашоўскі пассавет рэарганізаваны ў Шарашэўскі сельсавет[4].
Насельніцтва
- 1790-я — 3360 чал.[5]
- 1897 — 5079 чал.[5]
- 1995 — 2,4 тыс. чал.[5]
- 2016 — 1782 чал.[6]
- 2017 — 1759 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці.
Славутасці
У XVII і XIX стагоддзях ва Успенскай (Прачысценскай) царкве (не захавалася) знаходзілася напрастольнае Шарашоўскае Евангелле, рукапісны помнік беларускага пісьменства. Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.
- Гістарычная забудова (ХІX — пач. XX стст.; фрагменты)
- Званіца (1799) былой царквы Раства Багародзіцы (1760; грэка-каталіцкая), пазней прасвечана ва Успення Прачыстай Божай Маці і вядомая над назвамі Успенскай і Прачысценскай.
- Капліца прыдарожная (XVIII ст.)
- Капліца Святых Апосталаў Пятра і Паўла (1824)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1848)
- Царква Святога Мікалая (1872)
- Брацкая магіла (1941—1944)
Страчаная спадчына
- Ратуша (XVIII ст.)
- Сінагога
- Царква Раства Багародзіцы (1760; грэка-каталіцкая), пазней прасвечана ва Успення Прачыстай Божай Маці і вядомая над назвамі Успенскай і Прачысценскай.
Вядомыя асобы
- Барыс Бокша — беларускі графік
- Францішак Рамейка — каталіцкі святар-адраджэнец
- Васіль Канстанцінавіч Карунас (нар. 1950) — беларускі архітэктар.
- Піліп Райтман (1922—2018) — грамадскі дзеяч.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Шарашо́ва, Шо́рашава
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Решение Брестского областного Совета депутатов от 29 мая 2015 г. № 94 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Пружанского района Брестской области(недаступная спасылка)
- 1 2 3 Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Шарашова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Пракаповіч Н. Паселішча ў пушчы: Некаторыя старонкі з гісторыі мястэчка Шарашова // «Газета для вас», № 15 (641). — 2008, 11—18 крас.
- Шерешёво // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- Шарашова // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 764. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шарашова
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пружанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Брэсцкай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.