wd wp Пошук:

Шульцава

Шульцава — вёска ў Беларусі, у Акцябрскім сельсавеце Віцебскага раёна Віцебскай вобласці.

У другой палове XVIII ст. вядома як цэнтр маёнтка ў Віцебскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай вёска ў Віцебскім павеце Расійскай імперыі. У 1788 годзе маёнтак здадзены ў арэнду графу Мінхіну, які меў больш за 878 дзесяцін зямлі. Тут была саладоўня, лядоўня, у якой лёд захоўваўся круглы год. У гэты ж час у вёсцы была праваслаўная царква.

У 1826 годзе маёнтак за 11 551 руб. серабром быў прададзены стацкаму саветніку Віцебскага павета Сцяпану Восіпаву. У 1831 годзе ў вёсцы і наваколлі лютавала эпідэмія халеры, у выніку якой памерла шмат людзей. У 1834 годзе тут 145 рэвізскіх сялянскіх душ. Гаспадарка мела саладоўню, збожжазапасны магазін, з якога выдавалася збожжа па 4 гарцы на кожную рэвізскую сялянскую душу для пракорму сямей. У 1846 годзе ў складзе маёнтка 7 вёсак, 159 сялянскіх душ. Сяляне ў асноўным займаліся земляробствам, спалучаючы яго з адыходніцтвам — сплавам лесу і продажам дроў. Гаспадарскі сядзібны дом быў драўляны, на каменным падмурку, з мезанінамі на абодва бакі. Пры доме — драўляны двухпавярховы флігель, цагляная капліца, вялікі фруктовы сад. Дзве карчмы: адна на Бабініцкім, другая на Лёзненскім тракце. У 1878 г. маёнтак уласнасць памешчыка Ф. А. Альдэнберга, які меў 550 дзесяцін зямлі, у 1883 годзе маёнтак (11 двароў) — у Сялюцкай воласці Віцебскага павета.

З 20 жніўня 1924 года вёска ў Сялюцкім сельсавеце Віцебскага раёна і акругі, з 20 лютага 1938 г. Віцебскага раёна і вобласці. У 1924 годзе сялянскія дзеці наведвалі школу ў вёсцы Абухава. У 1926 годзе ў вёсцы 39 двароў, 157 жыхароў. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Войкава», у якім працавала кузня. У 1935 годзе ў Шульцава пераселены жыхары населеннага пункта Цартылі, у 1936 годзе — Уруб, у 1939 годзе — паселішчаў Бусава, Гацішча, Шчарбіна.

У 1941 годзе ў вёсцы 80 двароў, 400 жыхароў. З ліпеня 1941 па чэрвень 1944 года Шульцава акупіравана нямецкімі войскамі. У кастрычніку 1943 года нямецкія акупацыйныя ўлады знішчылі тут 79 двароў. За 1,2 км на паўночны ўсход ад вёскі 5 чэрвеня 1944 года воіны 17-й гвардзейскай стралковай дывізіі і іншых часцей 39-й арміі штурмам авалодалі вышынёй 222,9 і адкрылі шлях да вызвалення Віцебска. З 16 ліпеня 1954 года вёска ў Акцябрскім сельсавеце. У 1969 годзе тут 54 двары, 131 жыхар. У 1976 годзе на вышыні 222,9 у гонар савецкіх воінаў пастаўлены мемарыяльны знак.

На 1 студзеня 2003 года 28 двароў, 51 жыхар. Вёска ў складзе камунальнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Сялюты».

Літаратура

З гісторыі населеных пунктаў / Падр. В. В. Віталева // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебскага раёна / Рэдкалегія: А. П. Красоўскі і інш.; Уклад. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Маст. літ., 2004. — 772 с.: іл. — С. 766—767.

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be