wd wp Пошук:

Шырневічы

Шырневічы, Шырновічы, Шырнавічы — колішняя вёска на тэрыторыі сучаснага Крупскага раёна.

Размяшчалася на правым беразе Бабра за 6 км ніжэй цяперашніх Крупак[1]. Станам на 2019 год захаваліся вясковыя могілкі.

Гісторыя

Прынамсі ў канцы XIV ст., Шырневічы — група даннікаў на заходняй ускраіне Друцкага княства, якая пазней долямі трапіла ў розныя ўдзелы друцкіх князёў, а затым да іх спадчыннікаў і пераемнікаў. Такім чынам пэўную долю Шырневічаў атрымалі князі Адзінцэвічы, якія, на думку некаторых даслечыкаў, маглі быць галінай роду Друцкіх[1].

Да 1436 года доля даннікаў Шырневічаў належала князю Аляксандру Адзінцэвічу, па галоўнай сядзібе называнаму Рэпухаўскім, які на баку вялікага князя Свідрыгайлы браў удзел у бітве пад Вількамірам (1435) і пасля паразы паехаў з сынам у Маскву. Вялікі князь Жыгімонт канфіскаваў маёнткі князя Адзінцэвіча і даў іх літоўскаму пану Юшку Гойцавічу[1].

Упершыню згадваюцца ў 1461 годзе, калі пан Юшка запісаў сваю «выслугу на вялікім князю Жыгімонце» — «двор» Рэпухаў з «дварцом» Ваўкавічы, «дварцом» Мілотынню, даннікамі Капеньчычамі, даннікамі на Белай і даннікамі Шырневічамі — жонцы Ганне Даўгірдаўне. Пані Ганна, пасля смерці пана Юшкі, выйшла замуж за пана Івана Іллініча і ў 1481 годзе запісала яму спадчыну па першым мужу[1].

Пазней Шырневічы згадваюцца як частка Варанцэвіцкага маёнтка Ільінічаў, невядома, ці яшчэ адна доля належала гэтага маёнтка, ці пан Іван Ільініч перапісаў на Варанцэвічы даннікаў атрыманага Рэпухаўскага маёнтка, не выключана разам першае і другое[1].

У 1559 годзе Шырневічы згадваюцца і як частка Варанцэвіцкай воласці, якая належала дзяржаўнаму Аршанскаму замку, склад яе быў стракаты — саміх Варанцэвіч у ёй не было, але былі паселішчы са складу маёнтка Падбярэззе ды іншых удзелаў былога Друцкага княства. Як гэтыя ўладанні трапілі да замка, не вядома. Магчыма, гэта яшчэ адна доля Шырневічаў з ранейшага ўдзелу кагосьці з князёў Друцкіх, які ў сярэдзіне XVI ст. перайшоў на вялікага князя. У гэтай долі Шырневічаў было 5 службаў, што агулам налічвалі 19 дымоў[1].

Далей крыніцамі прасочваюцца толькі Шырневічы, звязаныя з Варанцэвіцкім маёнткам Іллінічаў ды іх наступнікаў[1].

Станам на 1775 год — 26 двароў.

Станам на 1910 год вёска Шырневічы і пасёлак Шырневічы знаходзіліся ў складзе Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні.

З 1924 года ў складзе Крупскага раёна.

У 1933 годзе пры стварэнні зенітна-артылерыйскага палігона Заходняй асобай ваеннай акругі жыхары Шырневіч былі выселены (разам з жыхарамі суседніх вёсак Слоўчы, Краснай Горкі, Селішча, Маласаяў).

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Насевіч В. Л. У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на. — Мн., 1999. — С. 37-64, 70-73.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Крупскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be