wd wp Пошук:

Крупскі раён

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Крупскі. Кру́пскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Мінскай вобласці. Цэнтр — горад Крупкі. Мяжуе з Барысаўскім і Бярэзінскім раёнамі Мінскай вобласці, Лепельскім, Чашніцкім і Талачынскім раёнамі Віцебскай вобласці, Круглянскім і Бялыніцкім раёнамі Магілёўскай вобласці. Гарадскія пасёлкі: Бобр і Халопенічы.

Геаграфія

Раён размешчаны пераважна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўночна-ўсходняя частка — Аршанскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 160—180 м, максімальная — 225 м (на паўночны захад ад вёскі Хацюхова).

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня -7,4 °С, ліпеня 17,9 °С. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае 685 мм. Вегетацыйны перыяд — 187 дзён.

На тэрыторыі раёна цякуць 25 рэчак і 27 ручаёў. Асноўная рака — Бобр з прытокамі Нача, Еленка, Можа і інш. належыць да басейну Бярэзіны. Рака Брусята.

Найвялікшае возера — Сялява, яго абалону складае ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння Сялява (раней Прокшыцкія балоты). Іншыя буйныя азёры — Худавец і Абіда.

Лясы займаюць 42 % плошчы раёна (хваёвыя, яловыя, бярозавыя), балоты 3,1%. Ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння — Сялява.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Барысаўскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Крупкі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 11 сельсаветаў: Бобрскі, Выдрыцкі, Жаберыцкі (Малажаберыцкі), Ігрушкаўскі (Ігрушацкі, Ігрушаўскі), Крупскі, Нацкі, Сакаловіцкі, Стараслабодскі, Ухвальскі, Шынкоўскі, Шэйкаўскі (Шэйскі). З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Менскай акругі, з 18 чэрвеня 1927 года — Аршанскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Абчугскі, Вялікахальнявіцкі (Хальнявіцкі), Дубоўскі, Заборскі, Смародзінскі (Смардзянскі) сельсаветы скасаванага Чарэйскага раёна і Грыцкавіцкі, Траянаўскі, Узнацкі, Халопеніцкі, Хацюхоўскі сельсаветы скасаванага Халопеніцкага раёна. 12 лютага 1935 года Вялікахальнявіцкі (Хальнявіцкі), Грыцкавіцкі, Дубоўскі, Заборскі, Траянаўскі, Узнацкі, Халопеніцкі і Хацюхоўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Халопеніцкаму раёну. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Крупкі атрымалі статус гарадскога пасёлка. 17 лютага 1941 года вёска Бобр аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Сакаловіцкі, Смародзінскі і Шынкоўскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Халопенічы і Вялікахальнявіцкі, Заборскі, Халопеніцкі, Хацюхоўскі сельсаветы скасаванага Халопеніцкага раёна. 5 мая 1962 года Заборскі сельсавет перайменаваны ў Акцябрскі, Шэйкаўскі сельсавет скасаваны. 4 студзеня 1964 года Стараслабодскі сельсавет перайменаваны ў Дзянісавіцкі, 1 кастрычніка 1973 года Вялікахальнявіцкі сельсавет — у Янаўшчынскі. 31 сакавіка 1977 года скасаваны Бобрскі сельсавет. 13 верасня 1982 года Жаберыцкі сельсавет перайменаваны ў Дакудаўскі. 22 красавіка 1991 года скасаваны Халпеніцкі сельсавет. 7 мая 1991 года гарадскі пасёлак Крупкі атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 20 кастрычніка 1995 года горад Крупкі і Крупскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Халопеніцкі пассавет рэарганізаваны ў Халопеніцкі сельсавет, скасаваны Выдрыцкі, Дакудаўскі, Дзянісавіцкі і Янаўшчынскі сельсаветы[4]. 16 снежня 2009 года Бобрскі пассавет рэарганізаваны ў Бобрскі сельсавет[5]. 28 мая 2013 года скасаваны Абчугскі і Нацкі сельсаветы[6].

Эканоміка

Прамысловы патэнцыял раёна прадстаўлены 3-ма прадпрыемствамі: ТАА «Амкадор-Можа», ААТ «Крупскі льнокамбінат», ААТ «Туршоўка».

Транспарт

Раён перасякаюць чыгунка і рэспубліканская аўтамагістраль Мінск — Масква М1, а таксама рэспубліканская дарога Чашнікі — Бобр — Бабруйск Р62.

Культура

Працуюць 22 клубныя ўстановы: Крупскі раённы цэнтр культуры, 3 гарпасялковыя дамы культуры, 3 сельскія дамы культуры, 13 сельскіх клубаў-бібліятэк, Ухвальскі Цэнтр культуры і вольнага часу і раённы дом рамёстваў, 12 бібліятэчных устаноў: цэнтральная бібліятэка, 2 гарпасялковай бібліятэкі, 1 дзіцячая бібліятэка, 3 сельскія бібліятэкі, 5 сельскіх бібліятэк-клубаў; дзяржаўная ўстанова культуры «Крупскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей» з мастацкай галерэяй.

Вядомыя асобы

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Крупскага раёна Зноскі ——

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  4. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.
  5. Решение Минского областного Совета депутатов от 16 декабря 2009 г. № 231 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 10 кастрычніка 2021.
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.

Літаратура

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Крупскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Крупскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Крупскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Халопеніцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чарэйскага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2009 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Крупскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be