Іжа
І́жа[1] (трансліт.: Iža, руск.: Ижа) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нарач. Адміністрацыйны цэнтр Іжскага сельсавета. За 24 кіламетры на паўночны захад ад горада і чыгуначнай станцыі Вілейка, за 127 кіламетраў ад Мінска. На правым беразе р. Нарачанка вышэй упадзення ў яе р. Вузлянка. Цэнтр вытворчага ўчастка «Іжа» ААТ «Чурлёны».
Гісторыя
Вядомая як Іжа Кішчанская або Кішчанцы з XVII ст. Іжай называлася суседняя вёска, цяпер Каралеўцы (або Іжа Каралеўская)[2].
1790. Фальварак Іжа і вёска Кішчанцы (сённяшняя вёска Іжа) налічвалі дымы: 1 духоўны, 32 чыншавыя і 2 агародныя.
1866. Дзяржаўная вёска, 262 жыхары.
1915—1917. Уваходзіць у зону ваенных дзеянняў Заходняга фронту расійскага войска.
1920. Іжанскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт.
У 1919 −1932 Іжа была цэнтрам вясковай гміны.
У самым пачатку міжваеннага перыяду Іжанская гміна ўваходзіла ў Вілейскі павет Навагрудскага ваяводства[3]. 13 красавіка 1922 года гміна разам з усім Вілейскім паветам была далучана да Віленскай Зямлі[4], якая ўвайшла ў склад Польшчы. 20 студзеня 1926 года Віленская зямля пераўтвораная ў Віленскае ваяводства.
Іжанская гміна:
1919—1920 у Віленскай акрузе, 1920—1921 у Навагрудскай акрузе, 1921—1922 у Навагрудскім ваяводстве, 1922—1926 у складзе Віленскай зямлі, 1926—1932 у складзе Віленскага ваяводства. У 1921 годзе ў Іжы жыло 513 чалавек[3].
Гміну ліквідавалі 21 красавіка 1932 года[5], я яе тэрыторыю ўключылі ў Куранецкую, Войстамскую і Вішнеўскую вясковыя гміны.
Іжа ўвайшла ў склад Вішнеўскай вясковай гміны, затым — Войстамскай вясковай гміны.
1938 — 107 двароў, 579 жыхароў. Вадзяны млын, тартак і сукнавальня шваграў Ліўчыца і Мінковіча.
У 1939 — у складзе Куранецкага раёна Вілейскай вобласці БССР.
Другая сусветная вайна
1 верасня 1939. Пачатак вайны, напад гітлераўскай Германіі на Польшчу. Баявыя дзеянні Войска Польскага з удзелам некаторых жыхароў і ўраджэнцаў Іжы ў абарончых баях.
1941—1944. Акупацыя гітлераўскай Германіяй. 22 чэрвеня 1944 напад Гітлераўскай Германіі на СССР, у склад якой дагэтуль ўжо знаходзіцца Заходняя Беларусь, у т.л. Іжа. 1941—1943 — у Іжы знаходзіўся нямецка-паліцэйскі гарнізон.
15 мая 1941 з жыхароў вёскі ўтвораны партызанскі атрад «Іжа» у складзе партызанскай брыгады імя Даватара. Налічваў 43 чалавекі.
У выніку карнай аперацыі гітлераўцаў над мірнымі жыхарамі, якія былі заўважаны ў супрацоўніцтве з партызанамі або спачуванні ім, у чэрвені 1942 года на скрыжаванні вуліц у Іжы акупанты павесілі жыхара вёскі Засценкі камсамольца Уладзіміра Касяка і камсамольца з Іжы Іосіфа Місюля[2]. У той самы дзень яны расстралялі яшчэ некалькі чалавек[6].
Вёска ў 1944 годзе спаленая. Па сведчаннях мясцовых жыхароў — савецкімі партызанамі з мэтай прадухілення магчымага выкарыстання будынкаў для абаронных мэт нямецкіх войск у час наступлення Чырвонай Арміі.
Пасляваенны перыяд
1949, чэрвень. Утварэнне калгаса імя Пушкіна з гаспадарак жыхароў вёскі. Праз некалькі гадоў гаспадарка ўзбуйняецца праз далучэнне калгасаў з суседніх вёсак Засценкі, Дварэц, Курнікі. Пераймяноўваецца ў калгас імя Калініна з цэнтрам у Іжы[2].
Вясковыя палявыя работы ў 1947 (?) годзе пачыналіся з 6 гадзін 30 хвілін. Час на сняданне з 9 да 10 гадзін. На абед — з 13 да 15 гадзін. Канец работы а 20-й гадзіне. Падчас сенакосу і жніва работы пачыналіся з 6 раніцы і заканчваліся а 22-й гадзіне. Рабочы дзень конюхаў пачынаўся ў 3.00[2].
Канец 1951 года. Маладзечанская будаўніча-мантажнай канторай «Белсельэлектра» здае ў эксплуатацыю ГЭС у Іжы на рацэ Нарачанка. ГЭС належыць Вілейскаму райпрамкамбінату. Энергіяй Іжанскай ГЭС забяспечваюцца спажыўцы ў вёсках Іжа, Засценкі, Грэлікі і Пукелы праз адну павышаючую і дзве паніжаючыя мачтавыя трансфарматарныя падстанцыі і лініі электраперадач. Абслугоўвае электрагаспадарку электраманцёр Валянцін Касяк.
1956. У сельскім клубе пачаў працаваць першы тэлевізар у Іжы. Тэлепрыёмнік маркі КВН.
1 лютага 1957. Узбуйненне мясцовага калгаса і перайменаванне яго ў калгас «Рассвет» праз злучэнне калгасаў імя Сталіна (цэнтр у вёсцы Каралеўцы) і імя Калініна (цэнтр у Іжы). Цэнтр новай гаспадаркі размяшчаецца ў Іжы. Старшыня Адольф Іосіфавіч Дзевяцень (на пасадзе да 1963). Бухгалтар Ірына Птроўна Кірмель (пазней — Аўдзей).
У калгасе было 500 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 300 свіней, больш за 500 авечак і 250 коней. Зямлю апрацоўвала тэхніка Вілейскай (Шылавіцкай) МТС.
1959. Да калгаса «Рассвет» далучаецца калгас «Перамога» з цэнтрам у Слабадзе. У склад новага калгаса ўвайшлі вёскі Іжа, Каралеўцы, Слабада, Ляда, Берасніха, Канаціха, Куліха, Зенанова, Калодкі, Любкі, Вуткі, Дварэц, Засценкі, Курнікі, Ямы.
На 2003 год калгас «Рассвет» быў пераўтвораны ў сельскі вытворчы кааператыў (СВК) «Іжа». Кіраўнік — Уладзімір Міхайлавіч Чуковіч, ураджэнец і жыхар Іжы.
2011. СВК «Іжа» далучанае да ААТ «Чурлёны» (цэнтр аграгарадок Лыцавічы). Кіраўнік ААТ «Чурлёны» Пётр Мікалаевіч Міргалоўскі, ураджэнец і жыхар Іжы. Як гаспадарчы цэнтр Іжа страчвае свае пазіцыі. У вёсцы застаецца кантора вытворчага ўчастка «Іжа», створанага на базе былога СВК «Іжа».
Насельніцтва
- 507 жыхароў, 223 двары (1997)
Інфраструктура
- Сярэдняя школа
- Дом культуры
- Бібліятэка
- Амбулаторыя
- Аптэка
- Аддзяленне сувязі
Славутасці
- Мемарыяльны комплекс і помнік 128 землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (1967).
- Драўляная царква Святога Іосіфа Абручніка. Пабудаваная ў 1929 г. Ад 1963 да 1989 не дзейнічала па сваім прызначэнні, была складам калгаса «Рассвет».
- Вадзяны млын (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
- Мост праз раку Нарачанка (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
Вядомыя асобы
- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля. Выпускнік Іжанскай сярэдняй школы, ураджэнец суседняй вёскі Каралеўцы[7].
- Іван Касяк (1909—1989) - удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені 1944 года. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1957—1989 старшыня Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі. Аўтар часопіса «Беларуская думка».[2].
- Васіль Місюль - настаўнік, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1954 годзе выступіў у Кангрэсе ЗША са сведчаннем злачынстваў савецкай улады ў Вілейскай турме ў 1941 годзе[2].
Іжанскі рачны слоўнічак[8]
- Гатар — тартак.
- Стаў — 1) плаціна, 2) сажалка, вадасховішча, пойма ракі са стаячай перад плацінай вадой.
- Джыгаць, джгаць — скакаць (у ваду) нагамі ўніз.
- Даваць нурца, нурцаваць — ныраць. Толькі галавой уніз!
- Жылка — рыбацкая лёска.
- Бродзень — браднік. Сетка на рыбу, з якой упраўляюцца трое мужчын.
- Палазы — тое, што і бродзень.
- Вангор (гэ выбухны) — вугор.
- Сялява — усяго толькі верхаводка.
- Грумель (гэ выбухны) — пячкур.
- Громж, мн. грамжы (гэ выбухны) — лічынка-пескарыйка міногі ручаёвай (Lampetra planeri), лепшая прынада на вангароў, шчупакоў і іншую драпежную рыбу. Выкопваецца рукамі або шуфлем з пяску і глею з вады пры беразе рэчкі.
- Жаранка — смажаная рыба. Жаранка можа быць і лясной — з грыбоў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 3 4 5 6 Барыс, Рогач, 2013
- 1 2 Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923 (польск.)
- ↑ Dziennik Ustaw z 1922 r. Nr 26, poz. 213 Архівавана 10 сакавіка 2016. — art.8 (польск.)
- ↑ Dziennik Ustaw z 1932 r. Nr 20, poz. 153 (польск.)
- ↑ Памяць. Вілейскі раён, 2003, с. 365, 465
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ Ля заснежанай Нарачанкі Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
- Памяць. Вілейскі раён. // . — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- Барыс С. В., Рогач А. В. Нарачанка і яе берагі.. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2013. — 712 с. — 99 экз. — ISBN 978-985-6992-37-0.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іжа
- Манцэвіч А. Ля заснежанай Нарачанкі Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета.
- Дэксніс В. У вёсцы Іжа дзяцей вучаць выбіраць будучыню ўжо сёння Архівавана 5 чэрвеня 2012. // Рэгіянальная газета.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Разанскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.