Аздамічы
Азда́мічы[1] (трансліт.: Azdamičy, руск.: Оздамичи) — вёска ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Рамельскага сельсавета.
Геаграфія
Вёска знаходзіцца 70[2] км у напрамку на паўночны ўсход ад Століна, за 315 км ад Брэста[2], за 4 км на захад ад Цераблічаў, за 4 км на поўдзень ад Альгомля, на левым беразе ракі Маства.
За 1,1 км на паўночны захад ад вёскі знаходзіцца возера Важуд.
Гісторыя
Каля вёскі, на поўдні-паўднёвым-захадзе, каля ракі Сцвіга, ёсць рэшткі стаянак людзей сярэдневяковага перыяда, перыяда бронзавага веку, неаліту.
Першы ўспамін пра Аздамічы адносіцца да 1509 года. Уладар Турава — Канстанцін Астрожскі — падарыў Турава-Пінскаму епіскапу Арсеню дзве вёсачкі, каля Гарадка — Аздамічы і Альгомель. Гэты год і з’яўляецца датай узнікнення вёскі. З 1566 па 1793 гады вёска ўваходзіла ў склад Пінскага павету Берасцейскага ваеводства Вялікага Княства Літоўскага.
З 1793 па 1796 гады Аздамічы знаходзіліся ў Давыд-Гарадоцкім павеце, потым да 1921 года — у Мазырскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. У 1795 годзе вёска Аздамічы належала спадчыннаму уладару графу Яну Антонавічу Салагубу, пасля гэтага яна была дзяржаўнай і ўсе сяляне таксама сталі дзяржаўнымі.
З 1921 па 1939 гады — у складзе Столінскага павета Палесскага ваяводства Польшчы. З 4 снежня 1939 па 8 студзеня 1954 года — у Давыд-Гарадоцкім раёне Пінскай вобласці БССР. У 1954 годзе Давыд-Гарадоцкі раён перайшоў у склад павялічанай Брэсцкай вобласці. З 1961 года і дагэтуль — у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. З 12 кастрычніка 1940 года па 4 мая 1981 года Аздамічы былі цэнтрам сельсавета[3].
Інфраструктура
У вёсцы маюцца свая пошта, пункт медычнай дапамогі, 3 магазіны, бібліятэка, царква. Арганізаваны міні-рынак для гандлю, які працуе кожную суботу
Царква ХВЕ
Евангельская царква існуе з кастрычніка 2001 года, доўгі час мясціліся у старой вясковай хаце. У 2014 годзе быў узведзены новы будынак царквы на выездзе з вёскі у кірунку Альгомеля. Станам на 2019 год, святаром з’яўляецца Павел Флар’яновіч.
Школа
Школа вядома з 1863 года. У той час тут адным з першых стварылі народнае вучылішча з перыядам навучання ў два гады. У 1888 годзе ў вучылішчы навучаўся 31 вучань. У выніку ўвахода Аздамічаў у склад Польшчы школа атрымала новае жыццё. На пачатку 1930-х гадоў была адкрыта пачатковая чатырохкласная школа з перыядам навучання ў сем гадоў, пабудаваны школьны будынак і дзве кватэры для настаўнікаў. Новая школа мела два класы і настаўніцкую. Пад час Другой сусветнай вайны, а таксама да восені 1945 года школа не працавала. У той час яна стала сямігадовай. Першы выпуск сямігадовай школы адбыўся у 1952 годзе. З 1962 года школа стала васьмігадовай, а у 1966 годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. Будынак новай цаглянай двухпавярховай школы адкрылі ў 1986 годзе. З 2015 года ў ім месціцца і дзіцячы сад, які дагэтуль быў у будынку старой школы. З 2002 года дырэктар школы — Анатоль Іванавіч Мікуліч[4].
Насельніцтва
- 1795 год — 51 двор, у якіх жылі 373 жыхары (192 мужчыны і 181 жанчына).
- 1811 год — 55 двароў і 201 мужчына(колькасць жанчын невядома)
- 1834 год — 49 двароў і 336 жыхароў (164 мужчыны і 172 жанчыны).
- 1995 год — 431 двор[2], 1241 жыхар
- 2016 год — 393 гаспадаркі (1064 жыхары, 22 пустуючых дамы).
- 2018 год — 383 двары, 1042 жыхары, з іх 202 - да 18 год, 571 працаздольны, 269 пенсіянеры.
Славутасці
- Царква Святой Тройцы (драўляная, 1893 г.)
Вядомыя ўраджэнцы
- Мікалай Аляксеевіч Коваль(укр.) бел. (нар. 1952) — Народны артыст Украіны.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вазда́мічы
- 1 2 3 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 4 мая 1981 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1981, № 18 (1680).
- ↑ Школа ў Аздамічах Архівавана 12 снежня 2017.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8. — С. 154.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Столінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.