Тураў
Ту́раў[2] (трансліт.: Turaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, прыстань на р. Прыпяць. За 25 км на паўднёвы захад ад горада і чыгуначнай станцыі Жыткавічы, 258 км ад г. Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі, Лельчыцамі. Адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Насельніцтва 2 770 чал. (2017)[3].
Назва
У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэнні паходжання тапоніма «Тураў». Першае звязвае назву паселішча з імем варажскага князя Тура, які лічыцца яго заснавальнікам[4] і ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 980 г. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара горада[5]. У 1880 г. епіскап Мінскі і Тураўскі Яўгеній у «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выдання твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур»[6]. Таксама ён зазначыў, што існаванне імені Тур у пэўных сферах усходнеславянскага грамадства пацвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая згадваецца ў летапісе пад 1146 годам[6].
Другое пашыранае тлумачэнне наймення Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, беларускі этнограф Павел Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сцвярджэнне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе[5]. Сваю думку даследчык даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёл, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад варажскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімір Манамах…»[7].
Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэнні ад гэтай назвы сярод найменняў жывёл, раслін, у тапаніміцы, у асобных песнях, былінах і інш. Тым не менш, даследчыкі лічаць гэту гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай»[7].
Аляксандр Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву горада ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, што размешчана непадалёк ад упадзення ў Прыпяць ракі Сцвіга. Даследчыкі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў гэтай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткай гаспадарскай воднай сістэмы Пагоста: пратока была важнай прыстанню на Прыпяці і Сцвізе адначасова, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэнне для падтрымання комплексу жыллёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых груп збудаванняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сістэму. На думку даследчыкаў, такое гідранімічнае паходжанне назвы з’яўляецца «больш блізкім да рэальных падзей таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам[8].
Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэнні наймення Тураў. Некаторыя выводзяць гэту назву ад слова «тура́» (тур) — вежа, іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзнік Тураў, у язычніцкай старажытнасці было капішча — месца пакланення нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру[9]. Аднак наяўнасць асобнага славянскага бажаства з такім іменем А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю»[10].
Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжанне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін з іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай версіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт пабудаваны на сугуччы наймення «Тур» і слова «турак»[11].
Паводле заўвагі беларускага гісторыка Ш. І. Бекцінеева, мала хто з даследчыкаў не звяртае ўвагу на тое, што слова «туры» напісана маленькімі літарамі і, відаць, паказвае не на імя ўласнае «Тур», а на нейкае іншае значэнне (у множным ліку)[12].
Гісторыя
Заснаванне
Першы пісьмовы ўспамін пра Тураў змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 980 годам:
Бѣ бо Рогъволодъ прішелъ и-заморыѩ имѧше власть свою в Полотьскѣ, а Туры Туровѣ, ѿ негоже и Туровци прозвашасѧ |
[13].
Старажытны горад узнік на сутоках рэчак Язда і Струмень, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстанцінопалем.
Тураўскае княства
Гарадзішча старажытнага Турава ўключала дзяцінец і вакольны горад. Тураў — адзіны вядомы з крыніц горад X ст. на тэрыторыі дрыгавіцкага засялення, старажытны племянны цэнтр дрыгавічоў. У канцы X ст. стаў палітычным, эканамічным і культурна-рэлігійным цэнтрам Тураўскага княства. Меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, Балтыяй і Валынню.
Першым вядомым тураўскім князем быў Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага князя Уладзіміра, пад чыёй уладай знаходзілася Кіеўская Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Святаполк заняў тураўскі сталец у 988 г. Неўзабаве ў канцы X — пачатку XI ст. у Тураве ўзнікла праваслаўнае епіскапства — другое па старажытнасці на тэрыторыі Беларусі. У час княжання Святаполка Ізяславіча (1097—1113) яго жонка-грачанка Варвара заснавала тут Варварынскі жаночы манастыр.
XII—XIII стагоддзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаванняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі, прынамсі, два саборныя храмы: Успенскі і Петрапаўлаўскі. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі(польск.) бел., жаночы святой вялікамучаніцы Варвары, епіскапскі Барысаглебскі(польск.) бел. (першая згадка ў сяр. XII ст.). Магчымае, але малаімавернае існаванне кафедральнага сабора Святой Сафіі[14]. У канцы XIII ст. ў Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX стагоддзі). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 г. Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасць ад Кіева[15], а ў 1160 г. — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 г. горад поўнасцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сведчыць паданне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, пасля чаго на працягу сямі гадоў з яго струменіла жаночае малако.
Перыяд дабрабыту скончыўся ў выніку шэрага феадальных канфліктаў, а пасля таго як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасць (Еўропа і Візантыя былі звязаны ў абход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасць.
Тураўскае княства ў перыяд феадальнай раздробленасці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэнне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым развіцці Тураў.
Вялікае Княства Літоўскае
У XII—XIV стагоддзях пачалося аб’яднанне абшараў колішніх Полацкага, Турава-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Навагрудку. Далучэнне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай трэці XIV ст. перапынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго горад перайшоў да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — ў валоданні вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводства і належаў князям Глінскім.
З канца XV стагоддзя крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыра мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцка, Турава, Пінска з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Восенню 1502 года яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінска. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйска і ўшчэнт разбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.
У 1507 годзе феадалы, якія шукалі саюза з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узнялі паўстанне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. У 1508 г. цэнтрам паўстання стаў Тураў — спадчыннае ўладанне князёў Глінскіх. Адсюль князь Міхаіл са сваім атрадам пайшоў да Мазыра і, як паведамляла «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Мозыр взял и своими людмн осадил». Аднак у 1508 годзе паўстанне пацярпела паражэнне. Пасля таго, як Глінскі збег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстанціна Астрожскага, які заняўся яго ўзнаўленнем. У 1521 годзе горад быў паўторна разбураны татарамі, і Астрожскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астрожскія кіравалі Туравам больш за стагоддзе (з 1508 па 1620 г.), пакуль ён не быў аддадзены ў якасці выкупу за княжну з роду Сапегаў. У 1521 годзе на Тураў ізноў нападалі татары.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У гэты час горада складалася з асноўнай часткі і двух прадмесцяў — Заяцелле і Запясочча.
У 1649 спалены войскамі гетмана Януша Радзівіла, пасля пажару горад так і не быў адноўлены да канца: з былых землеўладанняў захавалася толькі чвэрць.
У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыццяўляла свае даўнія планы па захопе Літвы і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 года казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насмерць забівалі, маёмасць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі з’яўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасні 1654 года на Тураўскую і Смядынскую (ніжэй па Прыпяці) воласці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстарасты Фёдара Ляўковіча, чужынцы «не толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі…» 24 верасня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасніца, Букча, Глінная, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Смядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай святога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцвякоў выкідвалі з дамавін. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразбягаліся, і ўсёй воласці сказалі вяртацца ў горад, запэўніўшы, што чапаць іх не будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рыначных каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысяч) быў адагнаны на Украіну[16]. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандай Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Пасля выгнання маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 іх было 401[17].
У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць яго ўладальнікі не былі графамі. Паводле звестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў[17].
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тураў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павета. Часткай Тураўскага маёнтка ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбунала Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расійскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генералу Сялябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сінагога.
У 1793 годзе англійская акцыянерная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгоддзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго па Прыпяці, Дняпры і Заходнім Бугу за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спецыяльны ўказ імператара Паўла I, які прадпісаў скасаваць дагавор і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.
Паводле імяннога царскага ўказа ад 6 верасня 1795 года ў краі была заснавана паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыра да Давыд-Гарадка праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей праз Ленін (тое самае). У Тураве дзейнічала жыццёва неабходная для свайго рэгіёна прыстань і паромная пераправа. Прыстань была ўладкавана на высокім беразе і дзякуючы гэтаму ніколі не затапллялася[18].
Новыя беды і разбурэнні прынесла краю расійска-французская вайна. Ваенныя спусташэнні абязлюджвалі цэлыя мясцовасці. З 1812 па 1817 год насельніцтва Турава з прычыны голаду зменшылася амаль на тры чвэрці.
Паўстанне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія звесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў.
У 1865 у Тураве выяўлены адзін з найстаражытнейшых рукапісных помнікаў 11 ст. — Тураўскае евангелле; самая ранняя кніга (з тых, што захаваліся), створаная на тэрыторыі Беларусі.
«У гістарычных адносінах найбольш старажытным і выдатным паселішчам трэба лічыць Тураў, на сёння нязначнае, беднае мястэчка на правым баку Прыпяці…Сёння Тураў, акрамя ўспамінаў аб мінулай велічы, аб значнасці яго ў гістарычных адносінах, нічым асаблівым не выдатны» — пісаў Адам Кіркор у 3-й кнізе «Маляўнічай Расіі» (1882).
З XIX стагоддзя лёс Турава непарыўна звязаны з суседнім горадам Жыткавічы.
XX стагоддзе
З кастрычніка 1917 года па люты 1918 года ў Тураве ўсталявалася савецкая ўлада, з лютага 1918 года па снежань 1918 года — нямецкія акупанты і гетманаўская ўлада, са снежня 1918 года па жнівень 1919 года — зноў савецкая ўлада, са жніўня 1919 года па 14 ліпеня 1920 года — польская ўлада. 18 ліпеня 1920 года ў месце канчаткова замацаваліся саветы.
З 1924 па 1962 год мястэчка было цэнтрам Тураўскага раёна (з 1938 па 1954 — у складзе Палескай вобласці, з 1954 — у Гомельскай). У 1926 годзе ў Тураве жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамеснікаў). Да 1939 года насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсій павялічылася ўсяго на 46 чалавек.
Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 верасня 1938 года Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу.
Летам 1941 года горад захапілі нямецкія войскі, а ўжо ў кастрычніку пачала сваю дзейнасць Тураўская антыфашысцкая арганізацыя. Горад быў вызвалены 5 ліпеня 1944 года.
У 1962 годзе Тураўскі раён быў скасаваны, сам горад увайшоў у склад Жыткавіцкага раёна. У 1976 годзе ў межы гарадскога пасёлка Тураў уключана вёска Дварэц, якая знаходзіла ў адміністрацыйным падпарадкаванні Тураўскага пассавета[19].
Сучаснасць
3 жніўня 2004 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус горада[20][21]. У верасні таго ж года ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства. У наш час у Тураве ствараецца турыстычная інфраструктура, у 2008 годзе тут збудавалі новую гасцініцу.
Адзінае прамысловае прадпрыемства, якое працуе на сёння ў горадзе — кансервавы завод, што выпускае кансерваваную гародніну і сокі. З 2011 года пачалося будаўніцтва малочнага завода[22].
Насельніцтва
- XIII стагоддзе: 1200-я — каля 6 тыс. чал.
- XVII стагоддзе: 1648 — 401 двор; 1649 — 3 тыс. чал.; 1667 — 111 двароў
- XVIII стагоддзе: 1793 — 500 двароў
- XIX стагоддзе: 1886 — 1 183 чал., 370 двароў
- XX стагоддзе: 1909 — 6 435 чал., 675 двароў; 1923 — 6 217 чал.; 1924 — 5 264 чал., 856 двароў; 1926 — 5 393 чал.; 1933 — 4,5 тыс. чал.; 1939 — 5 439 чал.; 1979 — 3 799 чал.; 2000 — 3,5 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2003 — 3,2 тыс. чал.; 2006 — 3,1 тыс. чал.; 2008 — 3,1 тыс. чал.; 2009 — 2 967 чал. (перапіс); 2016 — 2 795 чал.[23]; 2017 — 2 770 чал.[3]
У свой час, калі Тураў быў цэнтрам раёна, колькасць яго насельніцтва была той жа, што і ў іншых малых гарадах. Пасля 1961 г. Тураў пазбавіўся свайго статусу, тады і пачалося зніжэнне колькасці насельніцтва, якое працягваецца і сёння.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод) прамысловасці, сацыяльна-бытавога абслугоўвання.
У Тураве працуе малаказавод, дзе вырабляюць сыры па італьянскай тэхналогіі (гандлёва марка «Bonfesto»)[24].
Тураў — папулярны цэнтр турызму:
- у горадзе размешчана адміністрацыя Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»;
- горад уключаны ў турыстычна-экскурсійныя маршруты «Калыска народнай культуры ўсходніх славян», «Да вытокаў старажытнага княства»;
- распрацавана турыстычная праграма «Залатое кольца Гомельшчыны», дзе Тураў з’яўляецца адным з пунктаў маршруту падарожнікаў.
Турыстаў абслугоўваюць дзве гарадскія гасцініцы.
Культура
- Тураўскі краязнаўчы музей
- Тураўскі музей прыроды
Рэлігія
У Тураве з часоў Св. Уладзіміра зацвердзілася адна з першых епіскапскіх кафедр. Тураў з’яўляўся сапраўдным цэнтрам праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім. У XVI стагоддзі на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі страчаны ў час шматлікіх войнаў з маскавітамі і татарамі.
У 1913 годзе ў Тураве налічвалася ўсяго 17 цэркваў, 4 капліцы, касцёл, 3 сінагогі, 5 малітвенных дамоў. А ў 1980 годзе, у год тысячагоддзя Турава, на ўвесь Жыткавіцкі раён была адкрыта толькі адна Усіхсвяцкая царква ў старажытным горадзе над Прыпяццю.
У 2010 годзе пачалося будаўніцтва новага кафедральнага сабора. 11 мая 2013 года сабор быў асвячоны ў гонар святых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх[25].
Славутасці
- Тураўскае гарадзішча — месца Тураўскага замка — археалагічны помнік (у паўночна-заходняй частцы горада)
- Музей на месцы падмурка буйной царквы (XIII ст.)
- Тураўскі луг — біялагічны заказнік мясцовага значэння (мяжуе з паўночнай часткай горада, арэндуецца ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»)[26]
- Тураўскія крыжы — адзін быццам прыплыў у Тураў уверх па цячэнні Прыпяці, два іншых — растуць з-пад зямлі. Акрамя гэтага яшчэ два каменныя крыжы (вышыня 1 м, шырыня 0,6 м) з Барысаглебскіх могілак у Тураве захоўваюцца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі[27].
- Свята-Барыса-Глебская капліца
- Усехсвяцкая царква
- Кафедральны сабор у імя свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх
Помнікі:
- Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары (1994 г.);
- Канстанціну Астрожскаму — ваеннаму і палітычнаму дзеячу часоў ВКЛ;
- брацкая магіла савецкіх воінаў;
- Памятны знак у гонар 1000-годдзя Турава.
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Турава
- Сямён Бярнардавіч Гінзберг (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Міхаіл Айзікавіч Фрыдман (нар. 1930) – савецкі матэматык.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 380.
- 1 2 Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — 1994. — № 2. — С. 28.
- 1 2 Кирилл еп. Творения Кирилла, епископа Туровского, с предварительным очерком истории Турова и туровской епархии до XIII века. — Киев, 1880. — 296 с.
- 1 2 Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 29.
- ↑ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 32—34.
- ↑ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 30.
- ↑ Прохараў, А. Тур // Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-е выд., дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — С. 510.
- ↑ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 31.
- ↑ Бектинеев, Ш. И. Этимология названия города Турова / Ш. И. Бектинеев // Матэрыялы па археалогіі Беларусі.№ 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка / [НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Уклад. А. М. Мядзведзеў, І. М. Язэпенка; Навук. рэд. А. М. Мядзведзеў]. — Мн.: [б. в.], 2001. — 280 с.: іл. — С. 16 — 19.
- ↑ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. — С. 76.
- ↑ Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2.
- ↑ Turaŭ // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 208.
- ↑ «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- 1 2 Тураў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 676. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Смиловицкий, Л. Евреи в Турове: история местечка Мозырского Полесья / Леонид Смиловицкий; ред. Лена Драгицкая. — Иерусалим: [б. и.], 2008. — 798, [2] с., [24] л. ил., портр.: ил. — С. 137. — ISBN 978-965-555-352-9.
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 2 чэрвеня 1976 г. // Зборнік законаў Беларускай ССР і указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1976, № 23 (1505).
- ↑ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 3 августа 2004 г. № 939 Об отнесении г.п. Туров к категории городов районного подчинения
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 27 августа 2004 г. № 105 Об отнесении городского поселка Туров к категории городов районного подчинения
- ↑ Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік: «Дрэнных спецыялістаў не бывае» // Звязда.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ http://www.bonfesto.com/about/news/
- ↑ Кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх // сайт Тураўскай епархіі. (руск.)
- ↑ Зялёны партал пра Тураўскі луг
- ↑ Дучыц Людміла. Каменныя крыжы // З глыбі вякоў. Наш край 2. Мн., 1997. C. 31-46.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тураў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Тураў на OpenStreetMap
- Тураў на Radzima.org
- Фотаздымкі Турава на globustut.by
- Тураў у праекце «Залатое кольца Гомельшчыны» Архівавана 18 кастрычніка 2012.
- Горад Тураў у легендах і міфах
- Тураўскія крыжы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Смаргонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Чашніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя раёны Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ветрынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Полацкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Тураўскага раёна Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1929 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.