Атнянка
Атня́нка[1] (трансліт.: Atnianka, руск.: Атнянка) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Размешчана за 25 км на захад ад Магілёва, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж палініі Магілёў — Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на поўнач мяжуе з лесам. На захадзе цячэ р. Жыварэзка (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Вендараж і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.
Гісторыя
Згадваецца ў 1654 годзе як вёска ў складзе маёнтка Княжыцы ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага пры ейнай перадачы лідскім харунжым Янам Курчом з жонкай Барбарай (з Друцкіх-Сакалінскіх; атрымала Княжыцы ў спадчыну ад першага мужа, князя Юрыя Галоўчынскага) у заставу Гераніму Бучацкаму-Твароўскаму[2].
Пад уладай Расійскай імперыі
У 1785 годзе вёска ў складзе маёнтка Журавец Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 года ў Вендаражскай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, сядзіба Атнянка (яна ж Бялеўшчына). Побач знаходзілася аколіца Атнянка.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
У 1929 годзе арганізаваны калгас «Савецкая Беларусь».
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вендараж» (цэнтр — в. Вендараж).
Планіроўка
Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы шыротнай арыентацыі, забудаванай двухбакова драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе:
- 1785 — 9 двароў, 58 жыхароў.
- XIX стагоддзе:
- 1897 — сядзіба — 2 двары, 23 жыхары; аколіца — 5 двароў, 35 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2007 — 10 гаспадарак, 17 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ НГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 143
Літаратура
- Атнянка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.