wd wp Пошук:

Бабровічы (Магілёўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бабровічы. Бабро́вічы[1] (трансліт.: Babrovičy, руск.: Бобровичи) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Княжыцкага сельсавета. Размешчана за 14 км на паўночны захад ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Магілёў 2. Рэльеф раўнінны. На поўдні цячэ р. Лахвіца (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па шашы Мінск — Магілёў, якая праходзіць побач з вёскай.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Згадваецца ў 1642 годзе як фальварак Бабровец (іначай - Папоўка) у складзе маёнтка Сенькава ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1667 годзе сяло ў Аршанскім павеце, шляхецкая ўласнасць. У 1681 годзе вёска Бабровічы на падставе фундушу разам з вёскамі Лубнішча і Нікіцінічы выдзелена са складу Княжыцкага графства і перададзена надворным харунжым літоўскім Канстанцінам-Уладзіславам Пацам заснаванаму ім Княжыцкаму дамініканскаму кляштару[3].

Пад уладай Расійскай імперыі

У 1785 годзе ў складзе маёнтка Галоўчына Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 года ў Княжыцкай воласці Магілёўскага павета. Побач была аднайменная сядзіба.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас «13-ы з’езд партыі».

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1990 годзе ў складзе калгаса «Беларусь» (цэнтр — в. Нікіцінічы). Размяшчаліся майстэрні, свінагадоўчая ферма, зернедрабільня.

Планіроўка

Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі, забудаванай двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Насельніцтва

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. НГАБ, ф. 1775, воп. 1, спр. 1
  3. НИАБ, ф. 1817, оп. 1, д. 84, с. 133

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be