Тэгеран
Тэгеран — сталіца і найбуйнейшы горад Ірана. Адміністрацыйны цэнтр аднайменнага астана, палітычны, эканамічны, транспартны, гандлёва-фінансавы і культурны цэнтр краіны.
Тэгеран размешчаны на поўначы краіны ля падножжа горнага хрыбта Эльбурс, у 90 кіламетрах на поўдзень ад узбярэжжа Каспійскага мора. Горад расцягваецца на 40-50 кіламетраў з захаду на ўсход уздоўж горнага схілу. Паўночныя раёны Тэгерана знаходзяцца на вышыні да 2000 метраў над узроўнем мора, а паўднёвыя прыгарады ўшчыльную падыходзяць да тэрыторыі камяністай пустыні Кавір.
Насельніцтва Тэгерана разам з прыгарадамі перавышае 13 мільёнаў чалавек. Горад адрозніваецца надзвычайнай разнастайнасцю нацыянальнага і канфесійнага складу. Аснову насельніцтва горада складаюць персы, азербайджанцы і мазендэранцы. Асноўная рэлігія — іслам. Акрамя таго, у Тэгеране прысутнічаюць буйныя нацыянальныя і рэлігійныя меншасці, як армяне, асірыйцы, курды, яўрэі, бахаі і зараастрыйцы.
Паходжанне назвы
Існуе некалькі тэорый паходжання назвы Тэгеран (перс.: تهران). Паводле афіцыйнага сайту горада, назва горада паходзіць ад словаў «дно» (ته — тых) і састарэлага «схіл» (ران — ран). Такім чынам, слова Тэгеран можа значыць — «горад ля падножжа горнага схілу». Гэтая тэорыя сапраўды ўяўляецца рэалістычнай, паколькі Тэгеран у рэчаіснасці размешчаны на паўднёвым схіле гары Тачал[2].
Іншая тэорыя распавядае, што Тэгеран паходзіць ад назвы парфянскага горада Тыран, які размяшчаўся недалёка ад сучаснай сталіцы Ірана. Сама назва Тыран перакладаецца як «Прыстанак Тыра» (бог дажджу ў зараастрыйскай міфалогіі)[3]. Цікава, што непадалёк ад Тырана існаваў горад Мехран — «мясціна Мехра» (бога вады), які ў цяперашні час з’яўляецца «спальным раёнам» на ўскраіне Тэгерана.
Паводле трэцяй тэорыі Тэгеран азначае «цёплае месца» ў процілежнасць «халоднаму месцу» — Шэмірану, раёну на поўначы горада[4].
Гісторыя
Старажытны Тэгеран
Раскопкі паказваюць, што паселішча людзей на месцы сучаснага Тэгерана існавала ўжо ў 6 тысячагоддзі да н.э. Пасяленцы прыбывалі да схілаў Эльбурса, ратуючыся ад спякота ппустыні на поўдні. Першапачаткова Тэгеран быў вёскай, размешчанай у некалькіх кіламетрах на паўночны-захад ад горада Рэй — аднаго з самых старажытных гарадоў Ірана. Асновай эканомікі Тэгерана на той час была сельская гаспадарка, у прыватнасці, вырошчванне гародніны і садавіны.
Штуршком да ўзвашэння Тэгерана як палітычнага цэнтра стала разбурэнне манголамі Рэя ў 1228 годзе. Жыхары разбуранага горада накіраваліся ў амаль некрануты Чынгісханам Тэгеран. Вядома, што ў сваіх працах, якія адносяцца да 1275 года, Мухамад Закарыя Газвіні апісвае Тэгеран, як «важны гандлёвы горад». У гэты час Тэгеран падзяляўся на 12 раёнаў, якія кіраваліся ваеннымі. У асноўным гарадская забудова XIII стагоддзя ўяўляла сабой глінянае або высечанае ў скальнай пародзе жыллё. Падобны тып паселішчаў можна таксама знайсці на тэрыторыі паўночнага Ірака. У 1340 годзе Тэгеран апісваецца Хамдалой Мустафі як адзін з чатырох раёнаў Вараміна, найбуйнейшага на той момант горада ў мангольскай правінцыі Ільханідаў. Пры гэтым адноўлены Рэй ужо перайшоў пад фактычнае кіраванне тэгеранскіх уладароў[5].
У ліпені 1404 года іспанскі падарожнік Руй Гансалес дэ Клавіха падчас свайго падарожжа ў Самарканд стаў, верагодна, першым еўрапейцам, які наведаў Тэгеран. Ён апісваў яго як буйны горад, на поўначы якога размешчаная рэзідэнцыя Цімурыдаў, а Рэй — як закінутае паселішча. Пачынаючы з XV стагоддзя Тэгеран у пошуках прахалоднага паветра і крыніц вады пачаў актыўна разрастацца на поўнач, гарадскія кварталы з’явіліся на схілах хрыбта Тачал. У 1553—1554 гадах шах Тахмасп I, другі кіраўнік з дынастыі Сефевідаў, пабдаваў у Тэгеране кірмаш, а таксама гарадскія сцены, якія мелі 114 гарматныя вежы. Сефевіды абралі Тэгеран адным са сваіх галоўных бастыёнаў, бо з аднаго боку, у Рэе знаходзілася пахавальня родапачынальніка дынастыі Сееда Хамзы, з другога — Тэгеран да таго часу стаў традыцыйным сховішчам для шыіцкіх уцякачоў, бо Сефевіды былі першай шыіцкай дынастыяй кіраўнікоў Ірана. Сталую рэзідэнцыю ў Тэгеране пабудаваў Абас II. А па загадзе Сулеймана I у горадзе пабудавалі палац, дзе ў 1721 годзе напярэдадні ўварвання ў Іран афганцаў апошні шах Сефевідаў прымаў асманскага султана Ахмета III.
Нарэшце, сапраўдны будаўнічы бум адбыўся ў Тэгеране напачатку XVIII стагоддзя. Дынастыя Зендаў, якая прыйшла на змену Сефевідам, пачала актыўна забудоўваць горад. Карым Хан загадаў пабудаваць у Тэгеране палац, гарэм і рэзідэнцыі для дзяржаўных устаноў. Верагодна, ён меў намер перанесці сталіцу ў Тэгеран, але пазней сталічныя функцыі былі перададзены гораду Шыраза (старажытнай сталіцы Персіі). Са смерцю Карым Хана за Тэгеран разгортваецца барацьба паміж лаяльным да Зендаў Гафуры Ханам і Мухамедам Хан Каджарам. 12 сакавіка 1786 года Мухамед Хан уступае ў Тэгеран і канчаткова пераносіць сталіцу сюды. Гэтаму рашэнню спрыяла ўдалае стратэгічнае становішча Тэгерана на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, а таксама пагроза паўночных правінцый з боку Расійскай імперыі.
Сталіца Ірана
Пры Мухамед Каджара Тэгеран выйшаў за межы гарадскіх вежаў. Фетх Алі-шах, пляменнік Мухамеда Каджара, зрабіў найбольшы ўнёсак у будаўніцтва Тэгерана. У прыватнасці, у перыяд яго кіравання ў Тэгеране былі пабудаваны Мармуравы палац і шаская мячэць. Да 1830 года насельніцтва Тэгерана дасягнула 150 тысяч чалавек. Раскошныя палацы былі выбудаваны на поўначы горада. Пры Фетх Алі-шаху ў Тэгеране было разгромлена расійскае пасольства, ачоленае Аляксандрам Грыбаедавым, які быў забіты.
Найбуйнейшая рэканструкцыя за ўсю гісторыю горада пачалася ў 1870 годзе пры Насрэдзін-шаху. Ён загадаў падарваць усе старажытныя фартыфікацыйныя збудаванні, і на іх месцы з’явіліся новыя гарадскія кварталы. Акрамя таго, пры Насрэддзін-шаху была праведзена рэканструкцыя вялікай колькасці будынкаў, а таксама выбудавана цэнтралізаваная сістэма водазабеспячэння. Да канца свайго кіравання насельніцтва горада перавышала 250 тысяч чалавек, большасць з якіх жылі за гарадскімі сценамі.
У 1925 годзе Іран узначаліў Рэза Пехлеві, і ў 30-х гадах XX стагоддзя горад перажыў яшчэ адно абнаўленне. Па загадзе Рэзы Пехлеві «сцены Насрэдзіна» былі знішчаны, а на іх месцы пракладзены шырокія праспекты. Вялікая колькасць замежных архітэктараў была запрошана шахам для будаўніцтва новых будынкаў для дзяржаўных і камерцыйных устаноў. Пасля гэтай рэканструкцыі плошча Тэгерана ўзрасла больш чым на парадак у параўнанні з Тэгеранам узору Фетх Алі-шаха, склаўшы 46 км².
У 1943 годзе ў Тэгеране прайшла міжнародная канферэнцыя кіраўнікоў урадаў трох саюзных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, на якой былі вызначаны прыкладныя тэрміны адкрыцця другога фронту. На Канферэнцыі былі таксама абвешчаны гарантыі незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласці Ірана пасля заканчэння вайны. Па заканчэнні вайны насельніцтва Тэгерана дасягнула 1 мільёна чалавек. Пры Мухамедзе Пехлеві, апошнім шаху, многія старажытныя пабудовы старога горада былі знішчаны, бо шах лічыў, што ім не месца ў сучасным Тэгеране. На месцы ўнікальных фартыфікацыйных збудаванняў і палацаў зараз месцяцца небаскробы альбо шырокія аўтастрады. З пачаткам тыпавой жылой забудовы, пік якой прыпаў на 1960-я гады, Тэгеран канчаткова згубіў свой «старажытны» выгляд.
У 1969 годзе Шэміран быў уключаны ў склад Тэгерана, пасля чаго пашырэнне на поўнач спынілася. Па новай горадабудаўнічай дактрыне Тэгеран стаў узбуйняцца на захад і ўсход. Рэзкі скок кошту на нафту ў 1970-х надаў новы штуршок развіццю горада. Шах меў намер выкарыстоўваць звышпрыбыткі ад экспарту нафты на будаўніцтва новага раёна Тэгерана, які стаў бы сімвалам улады Пехлеві. Праект «Шахестана» быў гатовы ў 1976 годзе, аднак грошы хутка скончыліся, і раён так і не быў пабудаваны.
8 верасня 1978 года ў Тэгеране, як і ва ўсім Іране, пачаліся дэманстрацыі праціўнікаў шаскага рэжыму, якія неўзабаве перараслі ў масавыя выступы. Першы такі буйны пратэст адбыўся ў верасні, ён быў разагнаны паліцыяй. Пачынаючы з гэтага моманту эканоміка Тэгерана практычна «ўстала» з-за татальных страйкаў. У рэшце рэшт, 16 студзеня 1979 года шах, не ў сілах супрацьстаяць дэманстрантам, назаўсёды пакінуў Іран, а 1 лютага мільёны тэгеранцаў сустракалі апальнага імама Рухолу Хамейні, высланага з краіны за 15 год да таго. У горадзе пачаліся сутычкі паміж прыхільнікамі Хамейні і іхнымі праціўнікамі. 9 лютага з дробнай бойкі паміж тэхнікамі ў мясцовым аэрапорце пачаліся грандыёзныя вулічныя сутыкненні, у ходзе якіх за двое сутак прыхільнікі Хамейні ўзялі пад свой кантроль усе ўрадавыя ўстановы, сілавыя ведамствы і паліцэйскія ўчасткі.
У ходзе ірана-іракскай вайны, з мая 1985 года Тэгеран рэгулярна падвяргаўся абстрэлу іракскімі ракетамі Р-11, што цягнула за сабой значныя ахвяры сярод насельніцтва і разбурэнні. Пад канец вайны, увесну 1988 года інтэнсіўнасць абстрэлаў дасягнула піку: за 6 тыдняў іракскія войскі выпусцілі па Тэгерану 190 ракет. У гэты ж час у Тэгеран накіроўваўся паток уцекачоў з суседняга Афганістана, дзе таксама ішла вайна.
Насельніцтва
Калі Тэгеран стаў сталіцай Ірана пад канец XVIII стагоддзя, насельніцтва горада складала каля 100 тысяч чалавек. На працягу XX стагоддзя насельніцтва Тэгерана стала расло вялікімі тэмпамі. У 1956 годзе ўрад прыняў шэраг мераў, якія абмяжоўвалі будаўніцтва ў горадзе, а таксама зрабіў папраўкі да сямейнай палітыцы. У 1976 годзе прырост насельніцтва складаў 4 %, а ў 2000 годзе — 1,1 %.
У цяперашні час у межах горада пражывае каля 7,5 мільёнаў чалавек, разам з прыгарадамі насельніцтва Тэгерана складае 13 мільёнаў чалавек, з навакольнымі гарадамі-спадарожнікамі — больш за 15 мільёнаў. Такі рэзкі рост насельніцтва тлумачыцца тым, што 60 % жыхароў горада — прыезджыя[6].
Мовы
Тэгеран з’яўляецца найбуйнейшым персамоўным горадам у свеце. Насельніцтва горада настолькі этнічна разнастайна, што змешванне розных моў і дыялектаў прывяло да з’яўлення новага тэгеранцкага дыялекту персідскай мовы, які з’яўляецца стандартам. У прыватнасці, некаторыя правілы тэгеранцкага гутарковага дыялекту (напрыклад, замена доўгага /а/ на /u/) былі актыўна перайманы астатнімі іранцамі.
Большая частка насельніцтва Тэгерана размаўляе таксама на ісфаханскім, ездскім, шыраскім, яўрэйска-таджыкскім дыялектах, а таксама на мове дары. Цікава, што да XIX стагоддзя большасць насельніцтва горада складалі мазендэранцы, якія і дагэтуль кампактна пражываюць у паўночных раёнах.
Другая па распаўсюджанасці мова — азербайджанская[7]. Акрамя таго, існуюць суполкі курдаў, мазендэранцаў, гілянцаў, лураў, белуджаў, туркменаў, арабаў, армянаў, асірыйцаў[8].
Рэлігія
Пераважная большасць жыхароў Тэгерана — мусульмане-шыіты, яны складаюць 96 % насельніцтва. Бахаі складаюць 2,8 % насельніцтва — гэта каля 200 тыс. чалавек. Хрысціяне таксама маюцца ў Тэгеране, да іх адносяцца, у першую чаргу, паслядоўнікі Армянскай апостальскай царквы, Рускай праваслаўнай царквы і Асірыйскай царквы[9]. Іхняя колькасць пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года рэзка знізілася. Армянская апостальская царква прадстаўлена ў Тэгеране суполкай з 120 тысяч чалавек. У горадзе месцяцца 42 прыходы армянскай царквы і мноства армянскіх культурных цэнтраў, школаў, бібліятэк, спартыўных комплексаў.
Каля 10 тысяч чалавек належаць да Асірыйскай царквы, маецца таксама 5 тысяч халдэйскіх каталікоў, якія прытрымліваюцца ўсходне-сірыйскага абраду. У горадзе ёсць грузінская артадаксальная абшчына, руская праваслаўная абшчына і некалькі розных евангелічных абшчын.
У яўрэйскую суполку ўваходзіць 16—18 тыс. чалавек. У Тэгеране месцяцца 18 сінагогаў. Пры суполцы маюцца таксама шматлікія школы і бібліятэкі. У зараастрыйскую суполку ўваходзіць 10 тыс. чалавек. Абшчына падтрымлівае два храма агню. Да іншых рэлігійных меншасцей адносяцца суніты, прысутнічаюць таксама нязначныя абшчыны сікхаў, індуістаў, будыстаў, мандэеў, эзідаў і суфістаў.
Сацыяльныя праблемы
Беднасць
У 1995 годзе каля 27 % насельніцтва Тэгерана пражывала за рысай беднасці, аднак узровень жыцця тэгеранскіх беднякоў значна пераўзыходзіў узровень жыцця маламаёмасных людзей з рэгіёнаў краіны. У 1996 годзе ўзровень пісьменнасці насельніцтва складаў 84,7 %, сярэдняя працягласць жыцця — 70,5 гадоў. Бедныя тэгеранцы пражываюць, у асноўным, у паўднёвых раёнах горада, часта — у трушчобах. Іх нефармальна называюць «тымі, якія жывуць на камянях» (перс.: كوهنشينان, kuhneshinan). Асабліва масіўныя бедныя кварталы размешчаны ў прыгарадах Эсламшахр і Чахар-Дангеш, з насельніцтвам 350 тысяч і 250 тысяч чалавек адпаведна[10]. У такіх трушчобах жывуць, як правіла, імігранты і ўцякачы.
У канцы 1978 года бедны поўдзень Тэгерана стаў цэнтрам антыўрадавых паўстанняў, канчаткова здушыць якія не ўяўлялася магчымым. Карыстаючыся часовай блытанінай, выкліканай рэвалюцыяй, беднякі забудоўвалі наваколлі горада трушчобамі незаконна, часта ўначы. Толькі за 1980 год у трушчобах пасяліліся 100 тысяч прыезджых, у 1986 — 450 тысяч. Гэта было звязана з небывалым наплывам уцекачоў з Курдыстана і Афганістана.
Напачатку 1990-х гадоў мэрыя Тэгерана пачала прадпрымаць спробы знішчэння незаконных пабудоў. У жніўні 1991 года разбурэнне паселішча Багерабад выклікала хваляванні ў прыгарадах, якія давялося душыць з дапамогай паліцыі. У сакавіку 1992 года група ветэранаў ірана-іракскай вайны выказала пратэст ураду Тэгерана ў сувязі са становішчам жыхароў трушчобаў, пасля чаго хваляванні ўспыхнулі ізноў. Пры яго прыгнечанні загінула 6 чалавек, 300 былі арыштаваны, 5 пасля пакараны смерцю. Апошняе буйное выступленне адбылося ў Эсламшахры ў 1995 годзе.
Наркотыкі
У Іране стагоддзямі выраблялі і ўжывалі опіум. У 1949 годзе 11 % насельніцтва Ірана ўжывала наркотыкі. 1,3 мільёна чалавек ужывалі наркотыкі ў Тэгеране[11].Тэгеран размешчаны на адным з асноўных шляхоў наркатрафіку з Афганістана і Пакістана на Захад. Асноўныя шляхі ідуць праз правінцыі Паўднёвы Харасан, Сістан і Белуджыстан, праз Тэгеран, далей у Турцыю і на Балканы[12].
У 1999 годзе ў Тэгеране налічвалася каля 240,000 наркаманаў, аднак гэтая лічба можа быць недакладнай, паколькі разыходжанні ў ацэнцы Міністэрства аховы здароўя і ААН складаюць да 60 %[13]. У 2002 годзе праваахоўныя органы штодня затрымлівалі да 150—200 наркадылераў і наркаманаў[14]. Распаўсюджанне наркотыкаў стала прычынай павышанай смяротнасці і злачыннасці. Для барацьбы з наркаманіяй у Тэгеране адкрыліся спецыялізаваныя рэабілітацыйныя цэнтры, а таксама праводзіцца агітацыя.
Геаграфія
Тэгеран размешчаны на поўначы Ірана, у аднайменнай правінцыі, на паўднёвым схіле гары Тачал хрыбта Эльбурс, які адлучае горад ад Каспійскага мора. Горад выцягнуты з поўначы на поўдзень на 26 кіламетраў, і з захаду на ўсход на 40 кіламетраў. Плошча складае каля 1550 км². Перапад вышыняў у межах гарадской рысы складае амаль 700 метраў: ад 1100 метраў на поўдні да 1800 на поўначы.
Тэгеран складаецца са старога горада, рэканструяванага ў 1870—1872 гадах, і новага горада, які пачаў будавацца ў 40-х гадах XX стагоддзя. У горадабудаўнічай структуры пераважаюць рэгулярныя кварталы XIX—XX стагоддзяў, разрэзаныя прамавугольнай сеткай вуліц з плошчамі, скверамі, фантанамі і забудаваныя шматпавярховымі атэлямі, банкамі, адміністрацыйнымі будынкамі ў духу сучаснай заходнееўрапейскай архітэктуры, а таксама асабнякамі-катэджамі і 10-12-павярховымі жылымі дамамі. Сучасны Тэгеран распаўсюджваецца на поўнач, паўночны захад і паўночны-ўсход за кошт утварэння шматлікіх новых раёнаў.
Паўночныя раёны менш за іншых схільныя да забруджвання. Там жывуць найбольш заможныя жыхары горада. Цэнтральныя раёны займаюць, як правіла, офісы, банкі і іншыя ўстановы. На поўдні і захадзе, бліжэй да пустыні размяшчаюцца прамысловыя прадпрыемствы. Керэдж і Рэй — найбуйнейшыя прыгарады Тэгерана.
Клімат
Тэгеран размяшчаецца на нахільнай раўніне паміж горным ланцугом Эльбурс на поўначы і саланчакавай пустыняй Дэштэ-Кевір на паўднёвым усходзе. Таму ў паўночных раёнах горада клімат халаднаваты і вільготны, тады як у паўднёвых — гарачы і сухі. Самы гарачы месяц — ліпень, самы халодны — студзень. З-за асаблівасцей геаграфічнага становішча Тэгерана, амплітуда ваганняў тэмпературы дасягае 65 градусаў. Снег ляжыць у асноўным з лістапада па сакавік, але ў большай частцы горада снег ляжыць у студзені і лютым. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 240 мм, вялікая частка з іх выпадае зімой. Улетку дажджы вельмі рэдкія.
Клімат Тэгерана | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 18 | 23 | 30 | 33 | 37 | 42 | 43 | 43 | 39 | 34 | 29 | 20 | 43 |
Сярэдні максімум, °C | 7,2 | 9,9 | 15,4 | 21,9 | 28,0 | 34,1 | 36,8 | 35,4 | 31,5 | 24,0 | 16,5 | 9,8 | 22,5 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 2,5 | 4,9 | 10,1 | 16,4 | 22,2 | 27,9 | 30,8 | 29,5 | 25,4 | 18,2 | 11,1 | 5,0 | 17,0 |
Сярэдні мінімум, °C | −1,1 | 0,7 | 5,2 | 10,9 | 16,1 | 20,9 | 24,0 | 23,0 | 19,2 | 12,9 | 6,7 | 1,3 | 11,7 |
Абсалютны мінімум, °C | −21 | −16 | −9 | −2 | 3 | 8 | 14 | 11 | 8 | 3 | −7 | −12 | −21 |
Норма ападкаў, мм | 37,2 | 34 | 37,4 | 27,8 | 15,2 | 2,9 | 2,5 | 1,4 | 0,9 | 13,7 | 20,6 | 36,3 | 229,9 |
Крыніца: World Climate, Meteofrance.com |
Гарады-пабрацімы
- Гавана, Куба
- Душанбэ, Таджыкістан
- Ерэван, Арменія
- Гюмры, Арменія
- Каракас, Венесуэла
- Мінск, Беларусь
- Масква, Расія
- Пекін, Кітай
- Прэторыя, Паўднёвая Афрыка
- Сеул, Паўднёвая Карэя
Славутасці
Зноскі
- ↑ https://citypopulation.de/en/iran/cities/
- ↑ تاريخچه تهران. www.tehran.ir
- ↑ Зараастрызм Архівавана 1 лістапада 2012.. www.revolution.allbest.ru
- ↑ Ahmad Kasravi, Kārvand-e Kasravi, ed. Yahyā Dokā, Téhéran, 1973. ст. 273-83.
- ↑ Hamd-Allah Mostawfi, «Nozhat al-qolub, éd. et tr. Le Strange», ст. 53—60
- ↑ Tehran, Political situation. www.tehran.ir
- ↑ Teheran — LookLex Encyclopaedia Архівавана 17 снежня 2010.. www.looklex.com
- ↑ All about Oscar
- ↑ Eliz Sanasarian: Religious Minorities in Iran. Cambridge University Press, Cambridge 2000, ISBN 0-521-77073-4
- ↑ Mike Davis. Le pire des mondes possibles. De l’explosion urbaine au bidonville global. La Découverte, 2006 ISBN 978-2-7071-4915-2, стар. 31
- ↑ Bijan Nissaramanesh, Mike Trace, Marcus Roberts. L’apparition de la réduction des risques en Iran. Bulletin № 8, Programme politique des drogues de la Fondation Beckley, juillet 2005
- ↑ «Illicit drugs Situation in the regions neighbouring Afghanistan and the response of ODCCP», United Nations Office for Drug Control and Crime Prevention, 2002
- ↑ E. Razzaghi, A. Rahimi, M. Hosseni, A. Chatterjee. Rapid Situation Assessment (RSA) of drug abuse in Iran. Prevention Depart., State Welfare Organization, Ministry of Health, I.R. of Iran and United Nations International Drug Control Program, 1999
- ↑ Commandeur des forces de la police des stupéfiants de Téhéran Mehdi Aboui, cité // A. William Samii. Drug Abuse: Iran’s «Thorniest Problem». The Brown Journal of World Affairs, Volume IX, № 2, hiver-printemps 2003
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тэгеран
- Афіцыйны сайт мерыі (англ.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.