Барань
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Барань (значэнні). Бара́нь[2] — горад раённага падпарадкавання ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Адроў. За 9 км ад горада Орша, да 2013 падпарадкоўваўся Аршанскаму гарсавету. На аўтамабільнай дарозе Орша—Коханава. Бліжэйшыя прыпынкі электрацягнікоў — Харобрава, Чэрвіна (~3 км). Насельніцтва 11 221 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 г. належала князю К. І. Астрожскаму. К. І. Астрожскі заснаваў у Барані «кульны двор» — прадпрыемства па вырабу гарматных куль. У 1541 г. уласнасць яго сына І. К. Астрожскага[uk], належала да замка Копысь. У 1591 г. у складзе Копыскага маёнтка згадваецца фальварак Барань. У 1598 г. уладальнік Копысі гетман ВКЛ Крыштоф Радзівіл заснаваў у Аршанскім павеце мястэчка Барань, куды перавёў падданых са Старой Барані. У прывілеі гетмана ад 30 кастрычніка 1598 г. паведамляецца, што ён «..залажыў на гасцінцы ад Барысава да Оршы места на Барані, а каб тыя прышлыя людзі ў ім асядалі і валокі прыняўшы распрацоўвалі, назначыў ім, людзям, якія будуць прыходзіць, асядаць у месцы, свабоду ад даты ліста, напісанага на 15 год, уласныя падданыя гэтыя абавязаны выконваць павіннасці, апісаныя ў інвентары». У той жа дзень Радзвіл пісаў: «…пацвярджаем, што Кліму Храловічу даў у м. Бараньскім валоку… на свабоднае трыманне 15 год». Ліст гетмана ад 15 лістапада 1599 г. паведамляе «аб залажэнні» мястэчка Барань і аб тым, што ўзяў падданага са Старой Барані Сямёна Кавезя і зрабіў яго войтам. «На каторае войтаўства далі яму на Копыскай вуліцы, дзе старая арэнда стала, пляц у канцы пляцаў рынкавых, аж па дарозе да млына і 2 валокі… вольныя ад платы пажыццёва, за што павінен свайму пану верна і чэсна служыць. І што той жа Сямён Кавезя, войт бараньскі, узяў з в. Старая Барань у дадатак яшчэ 8 маргоў. Тады гэтыя 2 валокі трымае на чыншы, плацячы з іх па коп паўтрэці з кожнай, як апісана ў інвентары галоўнай памеры». У мястэчку войту дазвалялася вызначаць гандлёвы дзень. У 1-й палове XVII ст. ў Барані было 38 дамоў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Барань у складзе Расійскай імперыі: сяло, цэнтр воласці Аршанскага павета. Паводле «Інвентара зямель, выганаў, распрацовак, зарасніка мяшчан і валашчан староства Барысаўскага, што знаходзяцца ў павеце Аршанскім для лепшага выбару падаткаў» за верасень 1781 г. у Барані было 26 пляцаў, на якіх гаспадарылі Ян і Мацей Чорныя, Юзаф Шаблінскі, Ігнацій Шушкевіч, Лук’ян Каўтач, Іаан і Курыла Шытакі, Андрэй, Нічыпар і Міхаіл Чарнухі, Якаў, Давыд і Даніла Сушкевічы, Сапрон Локіш, Ян Яранкевіч, Карповіч, Чарэйскі, Станіслаў Рэут, Лапа, Зальковіч. Да Барані належалі засценкі Загацце (9 гаспадароў), Заўротаў, Ромбскі (па 2 сям’і), і Млын Бараньскі (3 двары). У 2-й палове XIX ст. ў Барані каля 300 жыхароў, працавалі крухмальны завод, млын, было народнае вучылішча (адкрыта ў 1875 г., 31 вучань). У 1873 г. тут заснаваны драцяна-цвіковы завод. 11 ліпеня 1905 г. яго рабочыя (каля 200 чал.) правялі забастоўку, удзельнічалі ў Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачцы 1905 г.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. З лютага да кастрычніка 1918 г. горад акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. У 1924—1960 г. цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. У 1935 г. пераўтвораны ў рабочы пасёлак. З 16 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 гг. акупіраваны войскамі нацысцкай Германіі. З 17 мая 1972 г. горад[4].
Насельніцтва
- XX стагоддзе: 1991 — 14,1 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2006 — 12,1 тыс. чал.; 2008 — 12,0 тыс. чал.; 2016 — 11 343 чал.[5]; 2017 — 11 221 чал.[3]
Насельніцтва пражывае кампактна.
Эканоміка
Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Горадаўтвараючае прадпрыемства — ААТ «Тэхніка сувязі»[6] (раней — фірма «Лёс»). Шмат незанятых вытворчых плошчаў. Санаторый-прафілакторый «Лес».
Культура
У горадзе 3 школы.
Славутасці
- Бараньская Спаса-Праабражэнская царква (арыгінал перавезены ў музей у 1989 годзе, новая пабудавана ў 1993 годзе).
- Механічны завод
- Багадзельня (1905)
Вядомыя асобы
- Аляксандр Сяргеевіч Арцюшкевіч (нар. 1947) — беларускі вучоны. Доктар медыцынскіх навук (1996), прафесар.
- Артур Іосіфавіч Бязлюдаў (1934—1986) — дзяржаўны дзеяч БССР.
- Уладзімір Іванавіч Корбан (1910—1971) — беларускі пісьменнік.
- Міхаіл Пятровіч Канцавой (нар. 1949) — беларускі мастак.
- Мікалай Сцяпанавіч Палянкоў (1921—2005) — беларускі мастак.
- Генадзій Іванавіч Міхасёў (нар. 1957) — беларускі спецыяліст у галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела. Доктар фізіка-матэматычных навук (1998), прафесар (2005).
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні рабочага пасёлка Барань Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 17 мая 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 15 (1353).
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Сайт ВПК Рэспублікі Беларусь(недаступная спасылка)
Літаратура
- Бравер, Я. Л. Барань // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1979. — № 4. — С.
- Бравер, Я. Л., Спірыдонаў, М. Ф. Барань // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 303. — ISBN 5-85700-074-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Барань
- Геаграфічныя звесткі па тэме Барань на OpenStreetMap
- Барань на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Iнфармацыйна-забаўляльны партал «УБарані» Архівавана 13 студзеня 2012.
- Старонка школы № 18 г. Барань
- Надвор’е ў горадзе Барань
Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Барысаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Салігорскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шумілінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Сіроцінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ульскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.