Аршанскі раён
Арша́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці ў вярхоўях Дняпра. Мяжуе на поўначы з Сенненскім і Лёзненскім, на захадзе — з Талачынскім, на ўсходзе — з Дубровенскім раёнам Віцебскай вобласці, на паўднёвым усходзе — з Горацкім, на поўдні — са Шклоўскім раёнамі Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Орша.
Гісторыя
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі БССР. Цэнтр — горад Орша. 20 жніўня 1924 года падзелены на 14 сельсаветаў: Баранскі, Браздзечынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Забалацкі, Крапівенскі, Кудаеўскі (Салаўянскі), Машкоўскі, Межаўскі, Панізоўскі (Бабініцкі), Пішчалаўскі, Пугляйскі (Пугляеўскі), Рудкаўшчынскі, Шапкаўскі (Шапкінскі, Юрцаўскі), Яромкавіцкі (Ермаковіцкі). 25 ліпеня 1929 года ў раёне ўтвораны рабочы пасёлак Арэхі-Выдрыца ў сувязі з будаўніцтвам першай ДРЭС. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Астапенскі, Багушэўскі, Какоўчынскі, Клюкаўскі, Ледневіцкі, Стайкаўскі сельсаветы скасаванага Багушэўскага раёна; Дубраўскі, Зубаўскі, Якаўлевіцкі сельсаветы скасаванага Копыскага раёна; Гальцаўскі (Велікагальцаўскі), Малотынскі (Малатнянскі), Роска-Сялецкі (Сялецкі), Тумініцкі (Лісуноўскі), Шыбецкі сельсаветы і мястэчка Смальяны скасаванага Коханаўскага раёна; 25 ліпеня 1931 года — мястэчка Копысь былога Копыскага раёна; 15 кастрычніка 1931 года — Будскі сельсавет Дубровенскага раёна. 26 ліпеня 1932 года ўтвораны Аршанскі чыгуначны рабочы пасёлак, 5 лістапада 1934 года — рабочы пасёлак у Асінторфе. 12 лютага 1935 года Астапенскі, Багушэўскі, Клюкаўскі, Ледневіцкі, Стайкаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Багушэўскаму раёну, 12 сакавіка 1935 года яму ж перададзены Какоўчынскі сельсавет. 5 красавіка 1935 года Рудкаўшчынскі сельсавет перададзены Горацкаму раёну. 15 ліпеня 1935 года ўтвораны рабочыя пасёлкі Барань, Арэхі-Выдрыца і Якаўлевічы. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года мястэчка Смальяны аднесена да катэгорыі вёсак і зноў утвораны Смальянскі сельсавет, а мястэчка Копысь — да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. 22 жніўня 1940 года Аршанскі чыгуначны рабочы пасёлак як самастойны скасаваны і ўключаны ў рысу горада Орша. 11 ліпеня 1946 года рабочы пасёлак Арэхі-Выдрыца перайменаваны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. 9 верасня 1946 года Гальцаўскі, Роскасялецкі, Смалянскі, Тумініцкі, Шыбецкі сельсаветы перададзены адноўленаму Коханаўскаму раёну, Будскі, Высокаўскі, Межаўскі, Шапкаўскі сельсаветы, гарадскі пасёлак Арэхаўск і рабочы пасёлак Асінторф — новаўтворанаму Арэхаўскаму раёну. 10 сакавіка 1954 года скасаваны рабочы пасёлак Якаўлевічы. 16 ліпеня 1954 года Яромкавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ліпкаўскі. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Будскі, Высокаўскі, Межаўскі, Шапкаўскі сельсаветы, гарадскі пасёлак Арэхаўск і рабочы пасёлак Асінторф скасаванага Арэхаўскага раёна, Сальніцкі, Смалянскі і Тумініцкі сельсаветы скасаванага Коханаўскага раёна, 8 красавіка 1957 года — Халмоўскі сельсавет Дубровенскага раёна, 20 студзеня 1960 года — Клюкаўскі і Стайкаўскі сельсаветы скасаванага Багушэўскага раёна. 16 верасня 1960 года скасаваны Баранскі, Будскі, Халмоўскі і Шапкаўскі сельсаветы, 29 снежня 1961 года — Машкоўскі і Пугляйскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны горад Дуброўна, Азярэцкі, Асташкавіцкі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі сельсаветы скасаванага Дубровенскага раёна, у склад Талачынскага раёна перададзены Малотынскі, Сальніцкі, Смалянскі і Тумініцкі сельсаветы. 22 студзеня 1963 года ўтвораны Першамайскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года горад Дуброўна, гарадскі пасёлак Асінторф, Азярэцкі, Асташкавіцкі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Дубровенскага раёна. 27 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Арэхаўск пераведзены з абласнога ў раённае падпарадкаванне. 12 лютага 1965 года да раёна далучаны Малотынскі, Сальніцкі і Смалянскі сельсаветы Талачынскага раёна, рабочы пасёлак Барань перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Аршанскага гарсавета. 11 верасня 1965 года Сальніцкі сельсавет перайменаваны ў Задроўеўскі. 17 мая 1972 года рабочы пасёлак Барань рэарганізаваны ў горад раённага падпарадкавання. 2 лютага 1982 года Браздзечынскі сельсавет перайменаваны ў Барздоўскі, Веравайшанскі — у Забалацкі, Ліпкаўскі — у Вусценскі, Малотынскі — у Запольскі. 15 сакавіка 1984 года Кудаеўскі сельсавет перайменаваны ў Андрэеўшчынскі. 26 мая 1996 года ўтвораны Балбасаўскі сельсавет. 12 лютага 1998 года землі Баранскага гарсавета перададзены ў падпарадкаванне Аршанскага гарсавета. 18 красавіка 2000 года Смалянскі сельсавет перайменаваны ў Смальянскі. 15 чэрвеня 2000 года пасёлак Балбасава аднесены да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу і Балбасаўскі сельсавет рэарганізаваны ў пассавет. 22 студзеня 2001 года гарадскі пасёлак Балабасава перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Аршанскага гарсавета. 8 красавіка 2004 года Арэхаўскі пассавет рэарганізаваны ў Арэхаўскі сельсавет, Дубраўскі сельсавет перайменаваны ў Зубрэвіцкі, скасаваны Запольскі, Першамайскі і Стайкаўскі сельсаветы[4]. 18 снежня 2009 года Панізоўскі сельсавет перайменаваны ў Бабініцкі[5]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Клюкаўскі і Якаўлевіцкі сельсаветы[6].
Геаграфія
Аршанскі раён знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю 20—160 м. На тэрыторыі раёна праходзіць мяжа марэнных адкладаў апошняга, паазерскага зледзянення. Пад антрапагенавымі адкладамі залягаюць дэвонскія магутнасцю 310—490 м, верхнепратэразойскія (460—950 м). Агульная магутнасць платформавага чахла 870—1450 м. Пад ім на глыбіні 1100—1500 м ніжэй узроўня мора пароды крышталічнага фундамента.
Раён размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны, паўночную частку займае Лучоская нізіна. Пераважаюць вышыні ў 180—220 метраў. Найвышэйшая кропка (237,5 м) знаходзіцца на паўднёвы захад ад вёскі Стайкі.
Большую частку раёна займае Аршанскае ўзвышша. Паверхня яго плоскахвалістая, вельмі маляўнічая: прыгожыя пагоркі, невялікія ўзвышшы параслі разнастайным лесам і мяжуюць з палямі. Пад ворывам амаль палова тэрыторыі ўзвышша. На Аршанскім узвышшы знаходзіцца і самая высокая кропка раёна. Аршанскае ўзвышша з’яўляецца водападзелам басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. На поўначы ўзвышша паступова пераходзіць у Лучоскую нізіну, а на поўдні — у Аршанска-Магілёўскую раўніну.
Паверхня Лучоскай нізіны плоская, рэльеф амаль аднастайны. Сустракаюцца тут вузкія ланцугі ўзгоркаў, якія называюцца озамі. Часам можна ўбачыць і дзюны — пясчаныя ўзгоркі, часцей за ўсё замацаваныя каранямі раслін. Дзюны размяшчаюцца ля берагоў рэк і азёр.
Аршанска-Магілёўская раўніна мае роўную, месцамі хвалістую паверхню. Сустракаюцца невялікія паніжэнні, глыбокія рачныя даліны. Тут, каля Копысі, знаходзіцца і самая нізкая кропка раёна — 146 метраў над узроўнем мора. Лясоў няшмат, раўніна разарана амаль напалову.
Асноўныя рэкі: Дняпро, Аршыца, Адроў, Крапівенка, Лешча, Выдрыца, Скунья. Гушчыня рачной сеткі (без уліку штучных каналаў) складае 0,49 км/км².
Буйнейшыя азёры: Вялікае Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалочна, Кузьміно, Карэсіна.
На тэрыторыі раёна пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы, трапляюцца асінавыя, бярозавыя і альховыя (пад лесам каля 23 %). Плошча балот складае 42 тыс. га. Глебы дзярнова-падзолістыя (у тым ліку, забалочаныя), дзярновыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Паводле механічнага складу асноўную частку глебаў складаюць суглінкі (84,9 %).
Карысныя выкапні: торф, даламіт, будаўнічы пясок, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіравы матэрыял.
Гаспадарка
У 1865—1914 у маёнтку Барысценева Высоцкай воласці працаваў Барысценеўскі косцеабпальны і клеяварны купецкі завод.
Прадпрыемствы раёна:
- Аршанскі авіярамонтны завод, РУП
- Аршанскі вопытны лясгас, ДЛГУ
- Аршанскі завод ЖБВ-1, ПРУП
- Аршанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, ААТ
- Аршанскі кансервавы завод, УПП
- Арэхаўскі льнозавод, ААТ
- БелДРЭС, г. п. Арэхаўск
- Камбінат кааператыўнай прамысловасці, УПП
- «Лантан», ААТ
- «Тэхніка сувязі», ААТ
- «Экамол», ААТ
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Аршанскага раёна Адукацыя ——–
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Аршанскім раёне Адукацыйная сетка Аршанскага раёна па стане на 1 лютага 2017 года прадстаўлена 107 установамі адукацыі. З іх 40 — установы агульнай сярэдняй адукацыі, ў тым ліку 3 гімназіі, 53 установы дашкольнай адукацыі, сацыяльна-педагагічныя ўстановы: сацыяльна-педагагічны цэнтр, які ўключае дзіцячы сацыяльны прытулак, дзіцячы дом, установы спецыяльнай адукацыі: цэнтр карэкцыйнага развіцця і адукацыі, дапаможная школа, 4 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. 78 устаноў функцыянуюць у горадзе, 29 — у раёне.
Вядомыя асобы
- Аляксей Кароль (1945, пас. Копысь — 2015) — беларускі гісторык, палітолаг, галоўны рэдактар газеты «Новы Час»
- Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі (1923—2013) — беларускі філосаф, культуролаг і эстэтык
- С. С. Пустэльнікаў (1921—1945) — Герой Савецкага Саюза
- Сяргей Фёдаравіч Рубанаў (1914—1987) — заслужаны настаўнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы
- Рыгор Пятровіч Чуйко (нар. 1959) — беларускі палітык
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://orsha.vitebsk-region.gov.by/ru/preds-rais
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 18 декабря 2009 г. № 203 О переименовании Понизовского сельсовета Оршанского района
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 17 ліпеня 2021.
Літаратура
- Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2000.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).
- Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 32, 38, 39. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аршанскі раён
- Аршанскі раённы выканаўчы камітэт
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць”
Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Аршанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Арэхаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Багушэўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дубровенскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Коханаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Талачынскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Аршанскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1963 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 2004 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.