Бронніца (Буда-Кашалёўскі раён)
Бро́нніца[1] (трансліт.: Bronnica, руск.: Бронница) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ліпініцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 12 км на поўнач ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 60 км ад Гомеля.
Гідраграфія
Рака Гліна (прыток ракі Ліпа).
Транспартная сетка
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Чачэрск — Буда-Кашалёва.
Планоўка складаецца з прамалінейнай шыротнай вуліцы, забудаванай двухбакова драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Выяўлены археолагамі курганны магільнік (4 насыпы ў 2 км на ўсход ад вёскі) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з канца XVIII стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1799 годзе 5 гаспадарак з 15 займаліся пчалярствам. Гаспадар побач размешчанага фальварка валодаў у 1862 годзе 5351 дзесяцінай зямлі, у яго ўласнасці знаходзіліся: вадзяны млын, сукнавальня і 4 карчмы. Як буйны населены пункт згадваецца ў «Географа-статыстычным слоўніку Расійскай імперыі». Па перапісу 1897 года размяшчаліся: школа граматы, хлебазапасны магазін, вятрак. У 1909 годзе ў Кашалёўскай воласці, у фальварку 500 дзесяцін зямлі.
У 1923 годзе адкрыта школа, якая месцілася ў наёмнай сялянскай хаце. У 1930 годзе арганізаваны калгасы «Перадавік» і «Чырвоны партызан», працавалі 2 гамарні. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у 1943 годзе, у вёсцы і наваколлі базіраваўся партызанскі атрад № 108 імя Г. І. Катоўскага. У 1959 годзе ў складзе калгаса «Світанак» (цэнтр — вёска Ліпінічы). Працавала пачатковая школа.
У 1969 годзе ў вёску перасяліліся жыхары пасёлка Пад’ясень.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 75 гаспадарак. 214 жыхароў.
Дынаміка
- 1799 год — 15 гаспадарак.
- 1876 год — 29 двароў.
- 1897 год — 52 двары, 403 жыхара (паводле перапісу). У фальварку — 17 жыхароў
- 1909 год — 62 двары, 473 жыхара. У фальварку — 4 двары, 16 жыхароў.
- 1959 год — 272 жыхара (паводле перапісу).
- 2004 год — 75 гаспадарак. 214 жыхароў.
Вядомыя выхадцы
- М. Я. Ткачова (5.1.1910-8.2.1978) — Герой Сацыялістычнай Працы, даярка.
- А. С. Кейзараў (4.10.1928 — 22.11.1994) — беларускі пісьменнік.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Бро́ніца
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.