Будча
Бу́дча[1] (трансліт.: Budča, руск.: Будча) — вёска ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Чудзінскага сельсавета. Знаходзіцца за 30 км на ўсход ад Ганцавічаў, на правым беразе ракі Лань ніжэй вадасховішча Лактышы, на мяжы з Клецкім раёнам Мінскай вобласці.
Гісторыя
Першае ўпамінанне пра Будчу (Бучу) датуецца 1515 годам, калі вёску купіў князь Фёдар Іванавіч, апошні прадстаўнік роду Яраславічаў. У 1623 годзе грэка-каталіцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі асвяціў царкву. Не пазней за 1643 год Будча пераходзіць да Радзівілаў, якія звычайна аддавалі яе ў арэнду (заставу).
З 1793 года — у складзе Расійскай імперыі (Слуцкі павет Мінскай губерні). Паводле рэвізскіх сказак, у 1816 годзе у сяле было 50 двароў, 346 чалавек, у тым ліку 184 мужчыны, у 1834 — 55 двароў, 319 чалавек, 164 мужчын. У 1836 годзе па ініцыятыве ўладаў жыхары Будчы перайшлі ў праваслаўе.
У другой палове XIX стагоддзя царква была зачынена. У 1870 годзе аформлены выкупны акт у адпаведнасці з палажэннем аб сялянскай рэформе 1861 года. У канцы XIX стагоддзя ў Будчы адкрываецца школа, а затым Спаса-Прэабражэнская царква, у якой у пачатку XX стагоддзя служыў Фёдар Навіцкі, бацька акадэміка Яўхіма Карскага. У гэты час колькасць насельніцтва хутка расце і ў 1912 складае 887 жыхароў, у тым ліку 475 мужчын.
У выніку Рыжскага мірнага дагавора Будча ўвайшла ў склад Лунінецкага павета Палескага ваяводства Польскай Рэспублікі. За 5 км на ўсход ад Будчы каля хутара Людзвікоў размяшчаўся польскі кадрыраваны батальён аховы граніцы.
З 1939 года — у складзе БССР. Да 1954 года — у Пінскай, пазней — у Брэсцкай вобласці; у 1940—1962 і з 1966 года — у складзе Ганцавіцкага раёна, у 1962—1966 гадах — Ляхавіцкага. З чэрвеня 1941 па 5 ліпеня 1944 года акупавана немцамі.
У 1949 годзе ў вёсцы праведзена калектывізацыя. 22 снежня 1959 года перададзена са складу Дзяніскавіцкага сельсавета ў Чудзінскі сельсавет[2]. У 1966 на базе існуючай васьмігадовай утворана сярэдняя школа. Паводле перапісу 1970 года налічвалася 1479 жыхароў. У 1977 годзе каля Будчы створана вадасховішча і рыбгас Лактышы.
Інфраструктура
У вёсцы ёсць сярэдняя школа, амбулаторыя, праўленне СВК «Будча», 3 магазіны.
Славутасці
- Спаса-Праабражэнская царква (1896) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000162шыфр 113Г000162
- Абразы «Уваход Гасподні ў Іерусалім», «Дабравесце», «Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы», «Святая Тройца», «Еўфрасіння Полацкая», «Перамяненне Гасподняе» (XIX стагоддзе) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 123Ж000005шыфр 123Ж000005
Вядомыя асобы
- Адам Іванавіч Гіль (1881—1970) — заслужаны настаўнік СССР, дырэктар мясцовай школы, у гонар якога названа адна з вуліц вёскі, сябар Якуба Коласа
- Сцяпан Георгіевіч Кандраценя (1937—1995) — доктар матэматычных навук, прарэктар Брэсцкага педінстытута
- Канстанцін Фёдаравіч Дайлід (н. 1956) — вядомы футбольны суддзя
- Віктар Іванавіч Герасіменя (н. 1960) — майстар спорту міжнароднага класа па трайным скачку, бацька плыўчыхі Аляксандры Герасімені
- Галіна Мікалаеўна Ішчанка (Савеня) (н. 1963) — літаратуразнаўца
- Дзмітрый Аляксандравіч Кандраценя (н. 1983) — валейбаліст
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будча
- Будча на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Будча на Ганцавіцкім краязнаўчага-інфарматыўным партале
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Ганцавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.