Клецкі раён
Клецкі раён — раён у складзе Мінскай вобласці. Плошча раёна 1 тыс. км². Насельніцтва — 34,1 тыс. чалавек (2006). Адміністрацыйны цэнтр — горад Клецк. Мяжуе з Ганцавіцкім і Ляхавіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, Нясвіжкім, Капыльскім і Салігорскім раёнамі Мінскай вобласці.
Геаграфія
Паўночная частка раёна занятая Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўднёвая — у межах Прыпяцкага Палесся. Пераважаюць вышыні 150—180 м, максімальная вышыня 232 м (на поўнач ад вёскі Ліскава).
Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,3 °C, ліпеня 17,8 °C. Сяэднегадовая колькасць ападкаў складае 670 мм. Вегетацыйны перыяд — 192 дні.
Лясы (25 % тэрыторыі) пераважна іглічныя і бярозавыя.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння — парк Радзівілімонты, дубы чарэшчатыя (Галынкаўскае і Навінкаўскае лясніцтвы).
Рака Лань з прытокамі Нача, Цапра, Бруса. На мяжы з Капыльскім раёнам рака Морач і Чырвонаслабодскае вадасховішча, на поўдні вадасховішча Лактышы.
Гісторыя
Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 17 сельсаветаў: Бабаевіцкі, Галавацкі, Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастровіцкі, Заляшанскі, Зубкоўскі, Ліскаўскі, Межнаслабодскі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Слабодкаўскі, Старасельскі, Цецеравецкі, Шчэпаўшчынскі. З 8 студзеня 1954 года ў Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Слабодкаўскі і Цецеравецкі сельсаветы[5], 24 жніўня 1960 года — Галавацкі і Старасельскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Нясвіжскага раёна. 30 ліпеня 1966 года ўтвораны зноў, уключаў горад Клецк, Бабаевіцкі, Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастровіцкі, Заляшанскі, Зубкоўскі, Ліскаўскі, Морацкі, Нагорнаўскі, Тучанскі, Шчэпіцкі сельсаветы. 16 жніўня 1973 года Бабаевіцкі сельсавет перайменаваны ў Янавіцкі. 22 верасня 1980 года Ліскаўскі сельсавет перайменаваны ў Кухчыцкі, скасаваны Заляшанскі сельсавет, утвораны Гурнаўшчынскі сельсавет. 5 сакавіка 1981 года Заастровіцкі сельсавет перайменаваны ў Заастравецкі, 23 ліпеня 1984 года — Янавіцкі ў Красназвёздаўскі. 28 жніўня 1995 года скасаваны Гурнаўшчынскі сельсавет, 25 красавіка 2007 года — Даматканавіцкі сельсавет[6]. 28 мая 2013 года скасаваны Нагорнаўскі і Тучанскі сельсаветы[7].
Насельніцтва
Асноўнае насельніцтва — беларусы (93,6 %). Жывуць таксама рускія (3,5 %), палякі (1,5 %), украінцы (0,8 %), татары (0,2 %) і інш. (0,4 %).
Чатыры жыхары Клецкага раёна ўдастоеныя звання Героя Сацыялістычнай Працы: Іосіф Плаўскі, Марыя Рудко, Клаўдзія Шаўчук, Канстанцін Шастак.
Рэлігійнае жыццё
На тэрыторыі раёна зарэгістравана 27 рэлігійных суполак, у тым ліку:
- праваслаўных — 16
- хрысціян веры евангельскай — 7
- рымска-каталіцкіх — 2
- мусульман — 1
- сведкаў Іеговы — 1
Гаспадарчая дзейнасць
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні буракоў; таксама вырошчваюць зерневыя і кармавыя культуры, бульбу, гародніну.
Прадпрыемствы харчовай, радыёэлектроннай, мэблевай прамысловасці.
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка Асіповічы — Баранавічы, аўтадарогі Слуцк — Івацэвічы, Нясвіж — Лунінец і інш.
Архітэктура
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Клецкага раёна Захаваліся помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва: Свята-Успенская царква (1863) у в. Бабічы, Свята-Петра-Паўлаўская царква (1891), брама-званіца (1788), галубятня і капліца (1809) у в. Галынка, вятрак (пачатак XIX ст.), сядзіба (канец XIX ст. — пачатак XX ст.) у в. Даматканавічы, Свята-Пакроўская царква (1801) у в. Ёдчыцы, Свята-Дыянісаўская царква (2-я палова XIX ст.) у в. Заастравечча, касцёл з кляштарам дамініканцаў (XVII ст.) і царква (кан. XIX ст.) ў горадзе Клецк, палацава-паркавы комплекс (ХІХ ст.) у в Радзівілімонты (в. Чырвоная Зорка), царква (пачатак XIX ст.) у в. Межная Слабада, касцёл Узнясення Крыжа Панскага (пачатак XX ст.) у в. Нагорнае, будынак паштовай станцыі (1-я палова XIX ст.) у в. Сіняўка, Свята-Багародзіцкая царква (1911) у в. Салаўі, сядзіба (1901) у в. Стралкава, Свята-Яна-Прадцечанская царква (пачатак XIX ст.) і сядзібна-паркавы ансамбль (2-я палова XIX ст.) у в. Туча, вятрак (канец XIX ст. —пачатак XX ст.) у в. Шэйкі, Галынкаўскі сельсавет, сядзіба (1772) у в. Янавічы.
Вядомыя асобы
- Уладзімір Васільевіч Дубіна (1906—1987) — Герой Сацыялістычнай Працы.
Зноскі
- ↑ http://kletsk.gov.by/ru/new_url_1429253600/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Минской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 25 апреля 2007 г. № 30 Об упразднении Домоткановичского сельсовета Клецкого района Архівавана 14 чэрвеня 2021.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- Клецкі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 8 мая 2013.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Клецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Клецкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Клецкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Нясвіжскага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Клецкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.