wd wp Пошук:

Валожын

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Валожын (значэнні).

Вало́жын[2] (трансліт.: Valožyn, руск.: Воложин) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Валожынскага раёна, на рацэ Валожынцы. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна — Ліда, каля аўтастрады Мінск — Гродна. Насельніцтва 9 993 чал. (2022).

Гісторыя

Узнік як паселішча на берагавым плато ракі Валожынкі, паблізу гандлёвага шляху. У паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага горада захавалася гарадзішча, дзе знойдзены фрагменты штрыхаванага посуду.

Упершыню пэўна згадваецца як «двор» Валожын, адкуль 16 снежня 1431 года вялікі князь Свідрыгайла пісаў ліст да лівонскага ландмайстра Тэўтонскага ордэна. У 1440-я гады, паводле Хронікі Быхаўца, належаў неідэнтыфікаваным князям Валожынскім і быў канфіскаваны за іх удзел у змове супраць вялікага князя Казіміра Ягелончыка ў 1445 годзе. Каля 1450 года вялікі князь Казімір даў Валожын віленскаму ваяводу Я. Манівідавічу, а ў 1484 годзе — В. М. Вярэйскаму. У 1492 годзе ўпершыню ўпамінаецца валожынскі касцёл.

У пачатку XVI стагоддзя належаў С. В. Вярэйскай і яе мужу А. Гаштольду; у Валожыне дзейнічалі Спаская і Пятніцкая цэрквы. З 1507 года Валожын у Навагрудскім ваяводстве, цэнтр староства. З 1549 года ўласнасць вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, кіраўваўся дзяржаўцамі. З 1559 года вядомы як мястэчка, цэнтр маёнтка. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

У 1582 годзе маёнтак Валожын — уласнасць вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога. У 1614 годзе вялікі гетман літоўскі Крыштаф Радзівіл прадаў Валожын з маёнткам кашталяну менскаму і жамойцкаму А. Служку. У 1681 годзе маршалак надворны Ю. Б. Служка заснаваў у Валожыне касцёл і манастыр бернардзінцаў (скасаваны ў 1864 годзе), пры манастыры дзейнічала школа. У 1683 годзе заснавана праваслаўнае брацтва. З канца XVIII стагоддзя цэнтр староства. У пачатку XVIII стагоддзя ў мястэчку было 107 двароў, 5 вуліц, 2 царквы, 2 касцёлы. У 1710 годзе ўзведзена драўляная уніяцкая царква. З 1738 года Валожын — уладанне князёў Чартарыйскіх, з канца XVIII стагоддзя — Радзівілаў, Чартарыйскіх і Тышкевічаў. У 1790 годзе ў мястэчку 186 двароў.

Валожынская ешыва

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Валожын перайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1782—1806 гадах паводле праекта архітэктара А. Касакоўскага на беразе ракі Валожынкі быў збудаваны мураваны палац, які зараз з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. У 1806—1892 гадах у Валожыне дзейнічала яўрэйская духоўная акадэмія (Валожынская ешыва), у якой навучалася больш за 400 студэнтаў з Расіі, Англіі, Сірыі і іншых краін. Працавалі таксама 2 школы, былі 3 царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, дзейнічала суконная фабрыка. У 1806 годзе Ю. Тышкевіч заснаваў тут касцёл св. Юзафа. У вайну 1812 года з ліпеня па лістапад Валожын быў акіпіраваны французскім войскам. У першай палове XIX стагоддзя мястэчка — вядомы цэнтр гандлю жывёлай і сельскагаспадарчай сыравінай, былі развіты розныя рамёствы. У 1870 годзе дзейнічала 3-гадовае народнае вучылішча, у канцы XIX стагоддзя былі адкрытыя яшчэ два вучылішчы. У 1897 годзе працаваў лесапільны завод.

Першая сусветная вайна

У 1918 годзе пад акупацыяй германскіх войскаў. З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета. У Валожыне пачалі дзейнічаць некалькі дрэваапрацоўчых і харчовых прадпрыемстваў, а ў 1926 годзе — германская лесараспрацоўчая фірма «Когаліт». У Валожыне стаяў ваенны гарнізон, знаходзілася камендатура павятовай польскай паліцыі. Тут размяшчаўся ў 1927—1939 гадах польскі батальён Корпуса аховы памежжа «Валожын».

Другая сусветная вайна

З 1939 года ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр Валожынскага раёна ў складзе Баранавіцкай вобласці. 25 чэрвеня 1941 года гітлераўцы занялі Валожын. Па вуліцы «Зялёны план» акупанты спалілі 50 чалавек. Усё яўрэйскае насельніцтва горада было сагнана ў гета, дзе ўтрымлівалася каля 2000 чалавек. Да канца лета 1943 года яны былі знішчаны гітлераўцамі і іх памагатымі. 5 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены часцямі 3-га Беларускага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі. З 20 верасня 1944 года — у складзе Маладзечанскай вобласці.

Пасляваенны час

Планіроўка сучаснага горада сфарміравалася ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Цэнтральная частка забудоўваецца 3-5 павярхоўнымі жылымі дамамі. Першы генеральны план развіцця горада сфарміраваны ў 1958 годзе. З 20 студзеня 1960 года — у складзе Мінскай вобласці. У 1962 годзе Валожын увайшоў у склад Маладзечанскага раёна. 6 студзеня 1965 года зноў стаў цэнтрам Валожынскага раёна. У 1971 годзе распрацаваны другі генеральны план.

Найноўшы час

Галоўная плошча горада

Горад развіваецца паводле генеральнага плана, распрацаванага ў 1981 годзе (з карэктоўкамі 1994 года). Шматпавярхоўныя жылыя домы будуюцца ў заходняй і ўсходняй частках горада. На галоўнай вуліцы, у яе цэнтры, на высокім узгорку, які спускаецца да ракі, знаходзіцца гістарычны і сучасны цэнтр горада. У 1998 годзе зацверджаны сучасны герб Валожына: на чырвоным фоне «варажскага» шчыта залатая літара «W» з чорнымі палоскамі. З 2021 года пачалася падрыхтоўка да правядзення «Дажынак», з нагоды чаго многія пабудовы і вуліцы былі адноўлены.

Насельніцтва

  • 1803 год — 2446 чал.
  • 1861 год — 2828 чал.
  • 1897 год — 4533 чал.
  • 1921 год — 2630 чал.
  • 1931 год — 6361 чал.
  • 1939 год — 6800 чал.
  • 1959 год — 4800 чал.
  • 1969 год — 5800 чал.
  • 1979 год — 7906 чал.
  • 1989 год — 10 643 чал.
  • 1995 год — 11,5 тыс. чал.
  • 2004 год — 11,4 тыс. чал.
  • 2006 год — 11,3 тыс. чал.
  • 2007 год — 11,2 тыс. чал.
  • 2015 год — 10 488 чал.
  • 2016 год — 10 329 чал.[3]
  • 2017 год — 10 276 чал.[4]
  • 2018 год — 10 308 чал.
  • 2022 год  — 9993 чал.

Інфраструктура

Аснову эканомікі складаюць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Карона». Ёсць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці; гідраметэастанцыя. Дзейнічаюць такія навучальныя установы, як: Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, гімназія, 2 сярэднія школы. Акрамя таго працуюць 3 дзіцячыя сады, дзіцячая юнацкая спартыўная школа і музычная школа. У горадзе знаходзяцца 2 бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, краязнаўчы музей.

У 2000 і 2007 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[5][6].

Славутасці

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Валожына і Ганаровыя грамадзяне Валожына

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. «Адна зямля» – заўсёды свята//«Рэгіянальная газета», 30 чэрвеня 2000 г., № 26 (271)
  6. «Адна зямля» – звонкагалосая песня//«Рэгіянальная газета», 6 ліпеня 2007 г., № 27 (633)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Іўеўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ашмянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Валожынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Маладзечанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мёрскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Радашковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Валожынскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Мінскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be