wd wp Пошук:

Вольжава

Во́льжава[1], Ольжава — вёска ў Тарноўскім сельсавеце Лідскага раёна.

Знаходзіцца за 10 км на поўдзень ад г. Ліда, на рацэ Дзітва.

Гісторыя

Гэтыя мясціны заселены з глыбокай старажытнасці. Ольжава над Дзітвой згадваецца ўжо ў 1442 годзе[2]. Польскі гісторык Ян Глінка ў працы пра род Клаўсуцяў, указаў, што Ольжава а таксама Малое і Вялікае Ольжава, якія былі часткай адзінай маёмасці, з XV ст. належала гэтаму роду.

У вопісе парафій Лідскага дэканату ў 1784 г., у лідскай парафіі згадана Ольжава, вёска і карчма Гінета, крайчага Лідскага.

Міхал Шымялевіч пісаў, што ў даўнейшыя часы дарога з Ліды на Слонім, ці так званы Беліцкі гасцінец, бегла з Ліды на Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост цераз Дзітву. Перад Ольжавам ад той дарогі адхілялася дарога на фальварак Белагруду, бегла яна далей цераз Дзітву аж на Жалудок і была вядома пад назвай Зэльвенскага гасцінца.

З 1795 года ў Расійскай імперыі. У сярэдзіне XIX ст. належала Рышарду Андрэйкавічу, вёска Лідскага павета. На пачатку ХХ ст., 297 жыхароў, 314 дзесяцін зямлі.

Паводле польскага перапісу насельніцтва 1921 вёска Тарноўскай гміны Лідскага павета, 58 жылых пабудоў, 317 жыхароў.

З 1939 года ў БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Да 11 лютага 1972 года вёска ўваходзіла ў склад Мыцкага сельсавета[3].

Насельніцтва

  • 1996 — 52 чал. (34 двары)
  • 2004 — 31 чал. (19 двароў)

Выдатныя мясціны

За 1 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Дзітва знаходзіцца гарадзішча другой паловы I тыс. н.э. Мясцовая назва Шведская гара. Яно займае ізаляваны ўзгорак вышынёй 8—10 м ад асновы сярод моцна забалочанай поймы. Авальная пляцоўка памерам 40х20 м выцягнута з захаду на ўсход. Земляныя абарончыя збудаванні адсутнічаюць. Культурны пласт прасочваецца толькі ў цэнтры пляцоўкі, у ім знойдзена ляпная кераміка.

За 2 км на поўдзень ад гарадзішча, за 1 км ад р. Дзітва, ва ўрочышчы Гарадзішча знаходзіцца селішча. Плошча каля 0,7 га. Культурны пласт пашкоджаны ўзорваннем. Знойдзена ляпная тоўстасценная кераміка. Датуецца другой паловай I тыс. н.э.

За 1 км на паўночны захад ад вёскі, у лесе (урочышча Шведы) маецца 5 курганападобных насыпаў, у тым ліку 4 доўгія.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. http://pawet.net/zl/zl/2011_95/5.html
  3. Рашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 лютага 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 8 (1346).

Літаратура

  • Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. ISBN 985-01-0522-4
  • Леанід Лаўрэш. Ольжава // Лідскі Летапісец. 2020. № 3(91). – С. 33-43.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be