wd wp Пошук:

Воранава

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Воранава (значэнні).

Во́ранава[2] (афіц. транс.: Voranava) — гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Воранаўскага раёна. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыгуначнай станцыі на лініі ЛідаВільнюс, на аўтадарозе Ліда—Вільнюс. Насельніцтва 6 427 чал. (2017)[1].

Гісторыя

Вядома з 16 ст. у ВКЛ. Даўняя назва Балотна (Блотна, Балотнае) ад ракі Балатнянка (цяпер ручай), прыватная ўласнасць у Віленскім ваяв. ВКЛ. У больш позніх польскіх і рускіх крыніцах згадваецца як Werenów, Воронов. У 16—18 ст. належала Гаштольдам, Сцыпіёнам, Зарэцкім.

Паміж 1501—39 гг. канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд фундаваў тут касцёл. У 1536 г. маёнтак Балотна, уласнасць драгіцкага намесніка Я. Давойны, потым полацкага ваяводы С. Давойны, цэнтр каталіцкай парафіі. Касцёл меў 5 сял. дымоў. У 1591 г. згадваецца як мястэчка Блотнае, уласнасць Гаштольдаў у Лідскім павеце Віленскага ваяв.

На карце Т. Макоўскага (1613) адзначана як мястэчка. У 17 ст. дзейнічаў кляштар каталіцкага ордэна піяраў; у 1690 г. ў мястэчку 61 двор, карчма, касцёл; у 1694 г. 24 сялянския двары, бровар, пякарня.

На пач. 18 ст. ўласнасць мсціслаўскага ваяводы Аляксандра Яна Масевіча, які заснаваў тут новы касцёл Святога Тадэвуша (1705). У 1720-х г. мястэчка перайшло ва ўласнасць Сцыпіёнаў, найперш лідскага старосты Яна Сцыпіёна дэль Кампа; цэнтр староства. Мяркуецца, што сучасная назва пайшла ад імя жонкі сына Сцыпіёна — Вярэны (Верэнова, Воранава). У 1735 г. кашталян смаленскі і староста лідскі Ян Сцыпіён заснаваў тут пры кляштары школу і калегіум піяраў на ўзор езуіцкіх вучылішчаў, дзе выкладалі матэматыку, рыторыку, філасофію, дзейнічала да 1755 г. (пераведеныя ў Ліду). 3 1738 г. Воранава — цэнтр парафіяльнай акругі Радунскага каталіцкага дэканата. 3 1742 г. ўласнасць віленскага біскупа, з 1758 г. стольніка ВКЛ С. Быкоўскага. У 1767 г. ў мястэчку 44 дамы (22 яўрэі). Мяшчане мелі надзелы ад 0,25 да 0,5 га; 2 млыны, каля 300 жыхароў. У 1769 г. ўласнасць Дамініка Александровіча, 60 дамоў. Сяляне адбывалі паншчыну па 3 дні на тыдзень, плацілі чынш па 30 злотых, давалі дзякла.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Віленскай губернях. У 1846 г. пацверджаны статус мястэчка; у 1865 г. ў Беняконскай вол. Лідскага павета, уласнасць Зарэцкіх, 42 двары, 468 жыхароў, у т.л. 333 яўрэі, 117 католікаў; парафіяльны касцёл, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, 2 гарбарні, вадзяны млын, 2 скурзаводы, 12 крам, 4 кірмашы на год, штотыднёвыя таржкі. 3 1849 г. паштовая станцыя, 29 камплектных і 9 дадатковых коней. Мястэчка славілася выпечкай пернікаў, абаранкаў і інш. Непадалёк аднайменны фальварак, 125 жыхароў (100 католікаў), бровар, касцёл у імя збавіцеля. У 1884 г. з увядзеннем чыгуначнага ўчастка Вільня—Ліда ў Воранаве — чыгуначная станцыя. У 1886 г. 1,1 тыс. жыхароў, мяшчанскае праўленне. У 1897 г. 1574 жыхары, паштовае аддзяленне, урачэбны прыёмны пакой, мануфактурная і 24 малочныя лаўкі, 5 кузняў, 7 корчмаў, штотыднёвы кірмаш; у фальварку 2 двары, 87 жыхароў. Паводле перапісу ў пач. 20 ст. ў мястэчку 500 жыхароў, школа; у фальварку 7 жыхароў, 1076 дзес. зямлі, на хутары 36 жыхароў, 103 дзес. зямлі.

У Першую сусветную вайну з верасня 1915 да 5.1.1919 г. акупіраваны германскімі, з красавіка 1919 г. да ліпеня 1920 г. і з верасня 1920 г. — польскімі войскамі. 3 1.1.1919 года ў БССР. 3 сакавіка 1921 года ў складзе Польшчы, у Беняконскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяв., у мястэчку 161 двор, 1232 жыхары (1203 палякі, 6 беларусаў); у фальварку 8 двароў, 94 жыхары (палякі); на чыгуначным прыпынку 7 двароў, у 1921 г. 49 жыхароў.

19.9.1939 г. заняты войскамі Чырвонай Арміі і ўвайшоў у склад БССР. 3 15.1.1940 г. цэнтр Воранаўскага раёна Баранавіцкай вобласці. 3 12.10.1940 г. гарадскі пасёлак, 1850 жыхароў, райбальніца, радзільны дом, райамбулаторыя, дзіцячы сад, Дом культуры, электрастанцыя (75 кВт), хлебапякарня, МТС, 2 школы (у т.л. няпоўная сярэдняя школа), 2 лесапільныя заводы, 3 вадзяныя і 2 паравыя млыны.

23.6.1941 г. акупіравана нацыстамі. 14.11.1941 г. каля чыгуначнага паўстанка яны расстралялі 268 чал., у т.л. 16 прафесароў з г. Вільнюс. 11.5.1942 г. каля шашы на Ліду загубілі больш за 1290 чал.; усяго больш за 2,6 тыс. жыхароў пасёлка і Вільнюса. Вызвалены 11.7.1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронта ў ходзе Вільнюскай аперацыі. 3 20.9.1944 года ў Гродзенскай вобласці.

У 1970 г. 3,6 тыс. жыхароў; хлебакамбінат, малочны завод, камбінат бытавога абслугоўвання, райаб’яднанне «Сельгастэхніка», ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя, музычная і спартыўная школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў, Дом культуры, кінатэатр, бальніца, 2 бібліятэкі і інш.

Насельніцтва

  • 1865—468 чал.
  • 1886 — 1,1 тыс. чал.
  • 1897—1574 чал.
  • 1921—1232 чал.
  • 1970 — 3,6 тыс. чал.[3]
  • 1995 — 6,6 тыс. чал.[3]
  • 2006 — 6,5 тыс. чал.
  • 2009 — 6,4 тыс. чал.
  • 2014 — 6,3 тыс. чал.
  • 2015 — 6,2 тыс. чал.
  • 2016 — 6 434 чал.[4]
  • 2017 — 6 427 чал.[1]

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Гасцініца «Воранава».

Дзейнічае мытны пост.

Адукацыя і культура

Працуюць музеі: з 1986 г. пры Воранаўскай дапаможнай школе-інтэрнаце краязнаўча-этнаграфічны музей; з 2004 г. пры сярэдняй школе музей гісторыі г.п. Воранава, пры ПТВ №190 музей «Вытокі». Дзейнічаюць пры Доме культуры з 1981 г. народны ансамбль народнай музыкі і песні «Лявоны», з 1995 г. народны вакальны ансамбль «Каляровыя сны», з 1996 г. народны духавы аркестр. Цэнтр пазашкольнай работы.

Рэкрэацыйная сфера

Зона адпачынку — парк у цэнтры пасёлка і вадасховішча на р. Жыжма.

Славутасці

  • Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
  • Магілы ахвяр фашызма (1834 і 800 жыхароў)
  • Мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі, загінулым «у барацьбе з ворагамі нашай Радзімы ў 1940-53 г.»
  • Касцёл Божай Міласэрнасці
  • Свята-Аляксандра-Неўская царква (2000)
  • Сядзіба Сцыпіёнаў (XIX ст.)
  • Сінагога (пач. XX ст.)

  • Краявіды Воранава
  • Касцёл Божай Міласэрнасці ў ВоранавеКасцёл Божай Міласэрнасці ў Воранаве
  • Касцёл Божай Міласэрнасці ўнутраны інтэр'ерКасцёл Божай Міласэрнасці ўнутраны інтэр’ер
  • Будынак Воранаўскага раённага судаБудынак Воранаўскага раённага суда
  • Будынак аптэкараБудынак аптэкара
  • Раённы дом культурыРаённы дом культуры
  • Сядзіба СцыпіёнаўСядзіба Сцыпіёнаў
  • Будынак рэдакцыі ў ВоранавеБудынак рэдакцыі ў Воранаве
  • Царква імя Аляксандра Неўскага ў ВоранавеЦарква імя Аляксандра Неўскага ў Воранаве
  • Будынак дзіцячай спартыўнай школыБудынак дзіцячай спартыўнай школы
  • Воранаўская сельгастэхнікаВоранаўская сельгастэхніка
  • Брацкія могілкі Вялікай Айчынная вайны і помнік невядомаму салдату ў ВоранавеБрацкія могілкі Вялікай Айчынная вайны і помнік невядомаму салдату ў Воранаве
  • Помнік невядомаму салдату ў Воранаве (1954 год)Помнік невядомаму салдату ў Воранаве (1954 год)
  • Воранаўскае возера восень 2015 годуВоранаўскае возера восень 2015 году
  • Мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі ў 1940-53 г.Мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі ў 1940-53 г.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. 1 2 Беларусь, 1995
  4. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У. Андрыевіч і інш. — Мн.: БелЭн, 2015. — 656 с. ISBN 978-985-11-0839-4.
  • Во́ранава // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 178. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Дарагабужскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Полацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Угранскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Гродзенскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be