Вугляны (Камянецкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вугляны. Вугля́ны[1] (трансліт.: Vuhliany, руск.: Угляны) — вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, на левым беразе ракі Лясной. Уваходзіць у склад Рэчыцкага сельсавета.
Знаходжанне
Вугляны знаходзяцца за 7 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада Каменца.
Вугляны злучаны адзінай дарогай з вёскай Мартынюкі і далей — з Каменцам. На поўнач ад вёскі пачынаецца тэрыторыя Белавежскай пушчы, ад якой вёску аддзяляе рэчка.
Гісторыя
Па сведчаннях мясцовых краязнаўцаў, праз Вугляны ў старыя часы праходзілі тры галоўныя шляхі:
- Каралеўскі (Вільня—Кракаў),
- Бурштынавы — ад берагоў Балтыйскага мора ў краіны паўднёвай Еўропы, і
- Зварніцкі (саляны) — ад Салотвіна, што ў Закарпацці, да Гародні, якая мела буйныя саляныя склады.
Праз паселішча ішла дарога на Камянец і Брэст.
У пачатку XIX стагоддзя вёска знаходзілася ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні і адносілася да маёнтка генерала Гальберга. У 1818—1820 гадах у гэтай мясцовасці адбываліся антыпрыгонніцкія сялянскія хваляванні. У 1846 годзе вёска адносілася да маёнтка Камянец-Літоўскі, уласнасці ротмістра Антона Касаржэўскага. Мела 15 дзесяцін сядзібнай, 83 дзесяціны ворыўнай зямлі[2].
У 1897 г. вёска з’яўлялася цэнтрам Вуглянскай сельскай гміны Камянец-Літоўскай воласці Брэсцкага павета. Вёска мела хлебазапасны магазін.
У 1905 г. у вёсцы працавала пачатковае народнае вучылішча.
У 1921—1939 гадах вёска знаходзілася ў складзе Польшчы. Адносілася да Каменец-Літоўскай вясковай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
У 1949 г. у вёсцы быў арганізаваны калгас імя Кірава. У пачатковай школе вучылася 48 дзяцей.
13 кастрычніка 1961 г. вёска была перададзена з Рэчыцкага сельсавета ў падпарадкаванне Камянецкага пассавета[3]. 19 мая 1986 г. вярнулася ў склад Рэчыцкага сельсавета з прычыны скасавання Камянецкага сельсавета[4].
У сучасны час гандаль арганізаваны праз аўталаўку.
Насельніцтва
- 2009: 31 чалавек
- 2005: 50 чалавек (30 гаспадарак)
- 1905: 552 чалавекі
- 1846: 365 чалавек (50 двароў)[2]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- 1 2 Артыкул «Абярэгі вёскі Вугляны» ў «Народнай газеце», № 40, 4 кастрычніка 2009 г.
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 13 кастрычніка 1961 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 2 (961).
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 19 мая 1986 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1986, № 20 (1862).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Вугляны на Вікімапіі
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Камянецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.