Вялікая Слепня
Вялі́кая Сле́пня — колішняя вёска на рацэ Слепня, з 1959 года ў складзе Мінска.
Гісторыя
У 1582 годзе Слепня — сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць Мікалая Радзівіла Рудага. У 1586 годзе сяло Смалявіцкай воласці, шляхецкая ўласнасць, панскі двор, карчма, гаць, 8 валок зямлі. У 1599 годзе згадваецца як сяло. У 1791 годзе Слепня — карчма маёнтка Слабодка Каралішчавіцкай парафіі, уласнасць каталіцкай царквы[1].
У 1897 годзе Вялікая Слепня — вёска Сеніцкай воласці Мінскага павета, 9 двароў, 76 жыхароў; Слепня — урочышча, 4 двары 19 жыхароў, карчма, у фальварку двор, 7 жыхароў[1].
У 1917 годзе ў вёсцы Вялікая Слепня 19 двароў, 109 жыхароў, у вёсцы Слепня 200 двароў, 370 жыхароў, у маёнтку Слепня 148 жыхароў, пазней зліліся ў адну вёску Вялікая Слепня[2]. Цэнтр Сляпянскага сельсавета Мінскага раёна. У 1935 годзе Маскоўская шаша падзяліла вёску на дзве няроўныя часткі: паўночная была ў некалькі разоў большая за паўднёвую. У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Першамайскі раён (цэнтр сельсавета быў перанесены ў вёску Зялёны Луг). Гарадскія вуліцы атрымалі назвы вуліца Вялікая Слепня, 1-ы, 2-гі, 3-і, 4-ы, 5-ы, 6-ы Сляпянскія завулкі[3].
У сувязі з інтэнсіўнай забудовай жылога раёна Усход, якая пачалася ў 1966 годзе, забудова асноўнай паўночнай часткі вёскі была знесеная. Пара дзясяткаў дамоў паўднёвай часткі была знесеная ў 2003 годзе перад пачаткам будаўніцтва новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь[3].
Зноскі
- 1 2 Памяць, 1998, с. 570
- ↑ Минск : энциклопедический справочник, 1983, с. 109
- 1 2 Сацукевіч І. І., с. 2
Літаратура
- Вялікая Слепня // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Большая Слепня // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — С. 295. — 467 с. — 70 000 экз.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org.
Спасылкі
- Слепня (нявызн.) (недаступная спасылка). minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2017. Праверана 29 траўня 2017.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.