wd wp Пошук:

Вірбаліс

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вірбаліс (значэнні). Вірбаліс (літ.: Virbalis, традыцыйная беларуская назва — Вярбі́лава[1]) — горад у Вілкавішкіскім раёне Марыямпальскага павета Літвы, цэнтр Вірбаліскай сянюніі.

Геаграфія

Размешчаны за 2 км ад чыгуначнай станцыі Кібартай на лініі Каўнас — Калінінград і за 12 км ад Вілкавішкіса.

Гісторыя

Упершыню згадваецца ў 1529 годзе пад назвай Нова Воля ў Вялікім княстве Літоўскім. Заснаваны ў 1593 годзе. Пры трэцім раздзеле Рэчы Паспалітай у 1795 годзе адышоў Прусіі і знаходзіўся ў яе складзе да 1807 года. У гэты час насіў назву Вірбален. З 1807 уваходзіў у склад Варшаўскага герцагства. Па выніках Венскага кангрэса, які праходзіў пасля заканчэння вайны з напалеонаўскай Францыяй, Варшаўскае герцагства было скасавана, і ў 1815 годзе быў уключаны ў склад Расійскай імперыі. Да 1917 называўся Вержбалава. З пачатку 1860-х гадоў, пасля правядзення Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі да прускай мяжы, і да Першай сусветнай вайны, Вержбалава было памежнай станцыяй паміж Расійскай імперыяй і Прусіяй (першай прускай станцыяй, за 1 вярсту ад Вержбалава, быў Эйдкунен, цяпер Чарнышэўскае Калінінградскай вобласці), тут размяшчалася мытня і памежныя ўстановы. Мястэчка Вержбалова знаходзілася ва Уладзіслаўскім павеце Сувалкскай губерні. Паводле перапісу 1897 года ў горадзе пражывала 3285 чалавек.

Падчас Першай сусветнай вайны з лютым 1915 быў акупаваны нямецкай арміяй. У 1918 годзе пры ўтварэнні Літоўскай Рэспублікі увайшоў у яе склад і быў перайменаваны ў Вірбаліс. Да Другой сусветнай вайны горад меў каталіцкую, лютэранскую і яўрэйскую абшчыны.

З 1940 года знаходзіўся ў складзе Літоўскай ССР. Падчас Другой сусветнай вайны быў пакінуты Чырвонай Арміяй 22 чэрвеня 1941 года. Вызвалены ў 1944 годзе войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Гумбінен-Гольдапскай наступальнай аперацыі. З 1991 года ўваходзіць у склад Літвы.

Зноскі

  1. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 3 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 2 / [складзены і падрыхтаваны да друку ў 2012 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Я. К. Анішчанка і інш.] — 2013 — 1 атлас (347, [4] с.) : каляр., карты, тэкст, іл., паказальнік — ISBN 978-985-508-245-4.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Вілкавішкіскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be